Раманок як ведаў, што яна ўпадабае камень гэты. Дзе толькі і знайшоў такі роўненькі і кругленькі, быццам высечаны, быццам роблены на жорны і недароблены па нейкай прычыне. Казаў, пад Зубавай гарой недзе ўгледзеў і не паленаваўся, прывёз. Яшчэ хата не скончана была, у другой палове ні вокнаў, ні падлогі не было, а тут зрабіў Раманок ганачак-прыстрэшак і ля яго паклаў гэты камень-круглей. Хадзі, Стэпачка, казаў, і не спатыкайся, бо няма чаго спатыкацца, камень пляскаты, роўны, гладкі, як па заказу...
Згадала Раманка свайго, але — не заплакала. Ці не ўпершыню не заплакала. Хоць і прыкацілася да грудзей гарчэча пякельная, аднак усё ж не заплакала — і на гэта нават сілы не было. Да ручкі, да ручкі дайшла яна, Стэпачка! Нават самой не верыцца, і не паверыла б ніколі, што можа чалавек да такой знямогі дайсці — каб рукой было цяжка паварушыць, каб павекі расплюшчыць — як дзверцы ў столі на гарышча галавою падняць-адкінуць. Во, нават уздыхнуць-пазяхнуць і то цяжка — быццам цябе нехта суткі навылёт цэпам па рэбрах, па спіне, па нагах і руках малаціў і малаціў і цяпер ты, як той сноп абабіты, увесь выпатрашаны і пашкуматаны...
Зіму і вясну жыла яна з дзецьмі, можна сказаць, спакойна — не адна, ведама, а як і ўсе альхоўцы. Здаецца, ні разу не наязджалі, не патыкаліся ў сяло ні немцы, ні паліцаі. Няйначай — баяліся. Пэўна ж, баяліся, бо паўсюль партызаны стаялі. Раней, нават і зімою леташняй, партызаны ў лесе туліліся, у сяло калі дык толькі па начах наведваліся, а гэтую, апошнюю зіму ў цяпле, можна сказаць, правялі — па хатах стаялі. А разам з партызанамі амаль спакойна праседзелі ў сваіх хатах і альхоўцы. Мо толькі разы са два ці са тры пракідвалася паніка, што ідуць немцы, і тады ўсе, і яна, Стэпачка, разам з дзецьмі таксама, уцякалі ў парослыя хмызняком равы пад Зубавай гарой, каб перачакаць там навалу ў старых, яшчэ з сорак другога года, зямлянках-норах. Але тыя чуткі-страхі як хутка агукваліся, так хутка і аціхалі, і ўсе к вечару вярталіся з равоў, асцюдзянелыя і змазаныя, у яшчэ неастылыя і надта ж утульныя пасля зямлянак хаты.
І вясну сустрэлі альхоўцы ў сваіх хатах. І не толькі сустрэлі, але і адсеяліся. У каго свой конь быў, каму партызаны памаглі — усе бадай паспелі і ярыны шнурочак пасеяць, і бульбы якія гоні пасадзіць, і грады ў гародзе зрабіць. Яна, Стэпачка, без мужчыны ў хаце, можна сказаць, бо з Васі які там яшчэ памочнік — трынаццаты ў маі пайшоў, а і то змагла і ячменю латку пасеяць, і бульбу за гумном пасадзіць, і грады ўскапаць. А восенню ўмудрылася нават і жыта з пуд сыпануць у раллю — хай будзе, калі не прападзе і калі жывы будуць, дык мо калі-небудзь смачнейшы праснак будзе. Яно, вядома, і змагла, і ўмудрылася толькі дзякуючы Колю Гарачку, палітруку партызанскаму — ён і ўзараў, і пасеяў і ячмень той, і жыта. Такі ўжо дарэчны чалавек, гэты Коля Гарачка! Яна ж і не прасіла нават, не хадзіла і не звягала, як некаторыя, самагонку падсоўваючы, выпрошваючы коніка. Сам прыехаў з плугам на калёсах, зайшоў у хату і папытаў: «Што, цётка, сеяць-садзіць будзем?» І хіба ж адной ёй ласку такую зрабіў? Усім бабам, у каторых гаспадар на фронце быў, і проста адзінокім бабам з дзецьмі, якім таксама — хоць аб лёд біся, што рыбіне ў той задусе.
Але не паспелі свежыя грады ў гародзе зазелянець, як аднаго ранку апусцела Альхоўка. Партызаны яшчэ нацямку зняліся і падаліся цераз Красную горку на Ганаровічы, а з сонцам пасунуліся туды ж і альхоўцы — спачатку як нясмела ўсё роўна, асобнымі сем'ямі, а пасля кучма, групуючыся па-сваяцку ці па-суседску. Паплялася ўслед за імі і яна, Стэпачка. Спачатку думала была не выбірацца з хаты: а мо адседзіцца, мо як-небудзь пранясе тое ліха міма. Але той жа Коля Гарачка («Дзе ён цяпер, каб хто сказаў? Ці ж ацалеў хаця, ці вырваўся з пасткі на Паліку? Ходзяць жа чуткі, што там палягло людцаў — як снапкоў па полі, не палічыць...»), калі яна запыталася напярэдадні, што гэта людзі ўсё пра блакаду гавораць, адказаў, што немцы і праўда ідуць блакадай на партызан і лютуюць, як ніколі не лютавалі, чуючы блізкі свой канец, і параіў: «Баюся, што не пераседзіце, цётка, мы тут не затрымаемся, так што лепей далей ад ліха». Яна толькі і сказала сама сабе, але так, як усё роўна зноў запыталася ў яго: «А куды ж мне, бабе, з дзецьмі?» Гарачка паціснуў плячамі, сказаў: «Куды і заўсёды, цётка».
Звязала яна сабе ванзэлак, укінуўшы туды дзве пасцілкі-дзяружкі, пачаты і другі нечапаны праснакі, торбачку з ячнай мукой, зберажонай на «бабовы цвет», напарстак солі, брусок зжаўцелага і з'ялчэлага сала, з паўсотні бульбін. Другі ванзэлак прыгатавала Соньцы — падушку, пару бляшаных місак, конаўку, яшчэ сякое-такое драбноцце. Клункі з сякой-такой адзежынай дала ў рукі Васю, а таксама Мішу. І папляліся яны сцежкай праз аселіцу на ганаровіцкую дарогу. А як выйшлі з лазовых ды альховых хмызоў, што густа раслі на аселіцы, на адкрытую дарогу, раптам заспяшалася Стэпачка — зрабілася чагосьці боязна ісці вось так, па дарозе, цераз голае поле, і сама затрусіла-заперабірала нагамі барзджэй, і дзяцей падагнала, каб не валачыліся, як сонныя, а подбежкам, трушком хутчэй да Краснай горкі дапяць, а там ужо і перадыхнуць можна будзе — усё здавалася ёй, што ў кустах, затуленай ад чужога вока, ёй, а разам і дзецям яе, будзе спакайней, не так боязна.