Дабеглі да Краснай горкі, а там напаткалі Анціка Пруса з сям'ёй — з Гіленай і з Волькай і Федзем і Ляксея Камоцкага са сваёй Надзяй і малымі, меншымі за яе Косціка, блізнятамі — Ванем і Пецем. І замест таго, каб спытацца, што яны, Анцік і Ляксей, рабіць думаюць, куды адсюль падацца мяркуюць, накінулася на Ляксея і Надзю: «А дзе ж вашы большыя? Няўжо адных пакінулі?» Надзя жахнулася: «Ай, што ты кажаш! Тут і яны, з Малютай, забаўляюць яе, каб не рыкала...» Тады ўжо яна, як дух перавёўшы, папрасілася: «Дык мо і я з вамі ў кагал? А то ж адной бабе... Га, мужчынкі?» Ляксей не замарудзіў, не стаў круціць галавой, як Анцік, кіўнуў: «Не пытайся пра дурное! Сышліся во, дык разам і будзем...» Пасядзелі трохі, памаўчалі ўсе разам, а пасля Анцік вазьмі ды скажы: «А што, Ляксей, калі абдурыць немцаў тых, га?» Ляксей азваўся так, дзеля прыліку: «Ага, іх абдурыш! Хутчэй яны нас, чым мы іх. Чым ты іх абдурыш?» Анцік, як загарэўшыся нечым сваім, не даў яму дагаварыць: «А ты паслухай, што я скажу! А калі мы нікуды адсюль не пойдзем? Га, Ляксей? Ці ж яны будуць абстрэльваць, абмацваць кожны грудок, кожны лазовы ці альховы гаёк-касмылёк?» Ляксей падняў галаву, зірнуў на Анціка ўжо ці не з увагаю, таксама загарэўся: «А што? Мо і праўда твая, сусед? Зашыемся ў кусты вунь там, з таго краю, ад балотца, і, дай бог, праседзім. Там жа гушчэча — не прадрацца...»
Яны сядзелі там, нават трошку драмалі амаль да полудня. Лета ўбіралася ў сілу, трава шуганула ці не ў калена, сонца, падымаючыся ўсё вышэй, высушвала расу і ў засені, і ўсіх размарыла, пацягнула на сон. Не сядзелася толькі Стэпаччынаму Васю і Ляксееваму Воўку — сказалі, пойдуць «у разведку», будуць наверсе, на самым лабяку Краснай горкі, не надта высоўваючыся з кустоў, сачыць, што робіцца ў сяле і на дарозе, якая бяжыць у сяло з Ельніка — немцы і паліцаі заўсёды адтуль прыходзілі, з Ельніка. Сядзелі сабе, драмалі, ужо ці не зусім супакоіліся, як раптам пачулі няблізкія, але і не надта далёкія стрэлы. Спачатку дык, здаецца, не датумкалі, што гэтае незразумелае пуканне — стрэлы, ажно пакуль недзе ў тым баку, дзе Ельнік, штосьці не вухнула глуха і цяжка, ад чаго быццам скаланулася сыраватая, мяккая зямля і тут, пад імі. Пасля вухнула і другі раз, і трэці. Анцік і Ляксей, а ўслед за імі і ўсе астатнія падхапіліся на ногі. «Што гэта? Га, Ляксей?» — Анцік як пабялеў. Ляксей, быццам усё яшчэ прыслухоўваючыся, сказаў нягромка, з сумненнем у голасе: «А ліха яго ведае... Як міны ўсё роўна...» Учуўшы гэта, Надзя забожкала: «А божачкі, a дзе ж ён прапаў, апоўзлік той? І што ты за бацька? Бяжы цяпер, шукай, раз пасылаў...» У Стэпачкі сэрца таксама абарвалася: дзе Вася? Можа, выткнуліся, дурныя, з кустоў, а тыя тут як тут, угледзелі і... Ляксей прыкрыкнуў на жонку: «Ціха, не гавыль раней часу, зараз будуць тут, гэта далёка вухкала...» Воўка і Вася і праўда неўзабаве, зашастаўшы кустамі, прыбеглі, узмакрэлыя і ўзбуджаныя, і напярэймы загаварылі: «Ідуць! З Ельніка! Але не па дарозе, а напрасткі! У зялёным! Немцы, не паліцаі! Па кустах страляюць! Міны ці снарады на могілках узарваліся!..» Ляксей, не даслухаўшы, скамандаваў: «Ану, на Падлужжа, хуценька! Адно за адным! Уздоўж старой канавы, па той бок, каб за кустамі...»
Стэпачка з дзецьмі бегла апошняй. Цягнула за руку малога Косціка, другой прытрымлівала на плячы ванзэлак і прыглядвала за Мішам, за Васем, якому нагадала не адпускаць ад сябе Толіка, за Сонькай, якой, як старэйшай, таксама наказала не адрывацца ад сям'і, памагаць меншым. І, бегучы, пачула дзіўнае ціўканне і шастанне ў вяршалінах гонкіх альшын, і не адразу здагадалася, што гэта кулі ціўкаюць і шастаюць, а як здагадалася, дык ледзьве не здранцвела: гэта ж па іх, па ёй і па дзецях, страляюць? А калі ж страляюць, дык, значыцца, і бачаць? Ліпкім, але чамусьці халодным потам абліло яе ўсю: як жа ўратаваць дзяцей? Во яны, усе перад ёю, бягуць-калываюцца, толькі пяткі мільгаюць. Ці можа быць такое, што нехта з іх раптам спатыкнецца, упадзе? Толічак, Міша? Вася, што ўжо ў яе памочнікам? Сонька? Косцік маленькі, цёплая ручка якога ў яе потнай далоні? Пра сябе не думала. Яна не можа ўпасці. Яе самой куля дагнаць не здолее, бо як жа тады яны — без яе?! Пасля ціўканне сціхла, знікла, засталося ззаду, і яна, як зразумеўшы, што немцы іх не бачылі, што яны стралялі проста па кустах, трошачкі супакоілася...