На Падлужжы — густа зарослай альшэўнікам, лазоўнікам ды чэзлымі ялінамі балацявіне — яны атабарыліся па-сапраўднаму. Ляксей і Анцік са старэйшымі хлопцамі памасцілі стажар'е, бо паўсюль пад нагамі хлюпала вада і нельга было ні прысесці, ні прылегчы, над стажар'ем змайстравалі цыганскі будан — адзін на ўсіх. Дзеці, большыя і меншыя, як забыліся на ўсе страхі і нягоды — кешкаліся, барукаліся, пішчалі і смяяліся ў паўзмроку будана. Паспакайнелі, гледзячы на іх, і дарослыя. І яна, Стэпачка, таксама акрыяла душою, адтаяў пад сэрцам той страх, калі ўчула над галавою ціхае ціўканне і шастанне ў лісці. Анягож! Ціха во кругом, кароўку сваю Ляксей пакінуў прывязанай да куста далёка адсюль, пэўна, з кіламетр, калі не больш, на сушэйшым месцы, паблізу Бачылаўкі, а вакол будана — дрыгва суцэльная, чужы чалавек не надта і пройдзе па ёй, дык, дасць бог, яны і адседзяцца тут, і, можа, шчаслівей, чым каторыя, што далей, у глыб лесу, за Стайкі, за Дзікае возера падаліся.
Надвячоркам, ужо сутоньвалася, наважыліся зварыць зацірку. Надзя з Воўкам пайшла даіць карову, а яны, Стэпачка з Гіленай, прыладзілі над вогнішчам вядро з вадою, перацерлі колькі жменяў мукі, чакалі, пакуль вада закіпіць. Полымя зырка гарэла — дзеці сухастоін лазовых нацягалі, іх зламаць ці перасекчы цяжка, але затое гараць — як порах. На такім полымі вада ў вядры хутка і забулькала, а раз забулькала, дык і клёцкі мучныя кідаць можна — праз хвіліну і зацірка гатова. Неўзабаве і Надзя вярнулася. Забялілі яны зацірку, паселі вакол вогнішча, дзе хто мог, і навыперадкі, бо згаладаліся, прыняліся сёрбаць гарачае і, нягледзячы на тое, што трошкі жарсцвянае — ведама, ячмень у жорнах быў молаты,— смачнае варыва. За сёрбаннем тым не адразу пачулі нудны, з падвываннем, гул у небе. Задзерлі галовы, калі выццё тое ўжо ледзь не над імі аказалася. А пасля раптам адтуль, ужо з начнога, чорнага ад блізкага вогнішча неба затарахцела-заляскала: бух-бух-бух! І тут жа вакол па твані, па кустах — шлэп, пстрык! Ляксей усё-такі, хоць і сухарукі, мужчына, не тое, што яны, бабы, нават і Анцік той разгубіўся, збялеў увесь,— а Ляксей ускочыў на ногі, ухапіў вядро з вадою (гэта ж яна, Стэпачка, паспела набраць вады ў яго, як толькі зацірку вылілі) і чабохнуў на вогнішча. Цёмна адразу зрабілася і яшчэ страшней, чым хвіліну назад, калі вакол — шлэп-пстрык! Самалёт праз колькі часу няйначай развярнуўся, зноў над імі праляцеў, выючы надта ж праціўна, але ўжо не страляў, і Ляксей па-дзіцячы патрос у чарнату неба кулаком: «А скулля табе! Хай і мы навобмацак давячэраем, але і ты, гіцаль, аслеп!..»
Пераначавалі спакойна, а раніцаю... Яны позна сабраліся снедаць — ціха ўсё, дзеці спяць, ну то хай і спяць. Надзя і да каровы пазнавата пайшла, не так, як дома, што з пеўнямі даіла. Сабраліся снедаць, але так і не паснедалі як след — дзеці малака чакалі. Ажно бяжыць Надзя з пустым вядром, з ног да галавы мокрая, у балотнай рудаўцы і чорнай жужаліне-твані, на сябе не падобная. Падбегла, упала на стажар'е, хапае ротам паветра і слова сказаць не можа. Ляксей да яе: «Ну што там, што?» Надзя нарэшце прадыхнула: «Немцы! Малюту забілі! Застрэлілі! Здалёк угледзела — ляжыць, галаву адкінуўшы... Сюды ідуць!..» Ляксей да яе: «Так і сюды?» Надзя галавою заківала: «Сюды! Мяне ці не згледзелі...» Ляксей зноў усумніўся: «Дык жа стрэлаў, здаецца, не чуваць было!..» Анцік запярэчыў: «А я чуў. Падумаў яшчэ: ці не страляюць? Але гляджу — ты і галавы не падняў...» Ляксей махнуў рукой: «Ладна! Бярыце ванзэлкі, дзяцей — і ходу! Куды толькі, каб знаццё? Ты даўно быў на Доўгім, пад Забор'ем?» — павярнуўся да Анціка. «Ці цеперся»,— адказаў той. «Мо туды?» — «Можна паспрабаваць».— «Ну, то пайшлі».
Лёгка сказаць — пайшлі! Ці ж гэта табе па дарозе? Усё па купінах, усё па карчэўі-ламаччы. А па вачах, па твары галлё сячэ, сухія галіны рукі да крыві раздзіраюць, Косцік малы сам ісці не можа, хоць ты плач, а на руках несці — дух займае. Заліваецца потам Стэпачка, а не спыняецца, неадступна за Ляксеевай сям'ёй дзярэцца, адно Соньку просіць за меншымі глядзець, каб не адставалі. Добра, ведама, што кусты іх затуляюць, але ж такая гушчэча, што толькі качкам хіба тут на доле шныпарыць зручна, а не чалавеку прадзірацца.
Не паспелі выбіцца з балота на сушэйшае ўзбор'е, як збоку страляніна пачулася, а тады і галасы. Стаіліся яны, прыслухаліся: чужыя галасы, не свае. Кінуліся ў другі бок, краем балота. Бегма кінуліся, з адным жаданнем — адарвацца ад той страляніны, ад тых чужых, што як брэх сабачы, галасоў. Колькі беглі так — хто скажа? Урэшце выперліся з кустоў на адкрытую лугавінку. Выперліся — і памлелі: проста на іх праз лугавіну ішло трох немцаў. Матлянуліся назад, у кусты, быццам лазоўнік той мог прыкрыць іх ад куль. А яны, кулі, так і заціўкалі, так і зашасталі па кустах — быццам хто доўгай пугай засвістаў-зашастаў. «Лажыцеся, дзеткі!» — нема закрычала Стэпачка і сама плюхнулася пад куст. А ззаду так і ляскаюць стрэлы, так і ляскаюць, і па кустах над галовамі раз-пораз — шах-яшх!