Выбрать главу

Не ведае Стэпачка, хто ёй нашэптваў: «Убок адпаўзай, убок адпаўзай!», а толькі ж як напраўду чула яна гэтыя словы, і пагрэблася ўправа, не туды, адкуль яны ішлі да той лугавінкі, а ўправа. Грэблася і дзяцей за сабой вяла, як тая самая качка качанят, ратуючы ад невідочнага, але блізкага ворага. Потым, таксама быццам па нечай няўцямнай падказцы, слухаючыся нейкага ўнутранага голасу, яна паднялася і падняла дзяцей і павяла іх шпарчэй, усё ў той жа бок, у тым кірунку, які абрала яшчэ пад першымі стрэламі, і вяла доўга, ажно пакуль не дайшло да яе, што гэта ж яна засталася адна, без Ляксеевай сям'і і без Прусавых, і спалатнела ўся, закалацілася ад страху і разгубленасці. Аднак жа спыніцца, ачомацца, падумаць, што рабіць і куды ісці, не магла і ўсё брыла і брыла, ад купіны да купіны, прадзіралася праз адзін куст, каб пасля праз другі, трэці, чацвёрты, і ўпарта цягнула за сабой дзяцей, моўчкі, вачамі пакрыкваючы то на Васю, то на Соньку і моўчкі ўпрошваючы вачамі меншых — Мішу, Толіка і Косціка...

Дзе яны блукалі, яна б наўрад ці сказала каму. Ужо Сонька, а ўслед за ёю і Вася не адзін раз прасілі яе спыніцца, прысесці і адпачыць трошкі, але Стэпачка круціла галавой і ішла наперад. І спынілася яна як укопаная толькі тады, калі апынулася раптам перад стажар'ем і буданом, адкуль яны, тады ўсе разам, уцякалі раніцаю. Будан быў разбураны, стажар'е раскідана — як быццам нехта нечага шукаў пад яшчэ не надта высахлымі галінамі вольхі і лазы. Ага, значыцца, яны былі ўжо тут, падумала яна, і ад гэтага ў яе быццам палягчэла на сэрцы. Калі былі, дык наўрад ці вернуцца. Гэта яна ўжо ведала па леташняй блакадзе, калі таксама вось так, як качка з качанятамі, матлялася-грэблася то туды, то сюды па балоцістым, дрыгвяністым лесе. Значыцца, тут можна прыпыніцца і перадыхнуць, а мо нават і пераначаваць, дачакацца наступнага дня, наступнай раніцы, а там — бог бацька, што рабіць далей, будзе відаць.

Ужо было за паўдня, сонца кацілася ўніз, к вечару, і яна разам з Васем і Сонькай сяк-так падправіла стажар'е, а на ім скідала і нешта накшталт будана, каб спаць дзецям усё ж не пад небам, а хоць пад нейкім дахам. І пакуль рабіла тое, нечакана для сябе трошкі супакоілася і ўжо больш цвяроза пачала думаць, што рабіць далей. Найперш думкі круціліся вакол таго, што трэба пакарміць дзяцей, бо меншыя, як ні сыкалі на іх Сонька і Вася, пачыналі ўжо хныкаць і румзаць. Свайго вандзэлка яна не згубіла — ён, перакінуты звязанымі канцамі пасцілкі цераз галаву, як прыліп да яе спіны. Абрадавалася, што і Сонька свайго не адраклася, і Вася сваёй ношкі не кінуў. Зубамі развязала злямчаныя, мокрыя канцы пасцілкі, дастала загорнуты ў анучку праснак, адламала па кавалку ўсім, сабе толькі не ўзяла — суха, горка было ў роце, адчувала, што не праглыне таго жарсцвянага праснака. Кладучы рэшту праснака ў вандзэлак, намацала там нож, дастала яго і аб чымсьці задумалася. Пасля, завязаўшы вандзэлак і кінуўшы яго ў будан, пашылася ў кусты.

Яна наважылася схадзіць туды, дзе на беразе Бачылаўкі павінна быць недзе Надзіна Малюта, і, пакуль не позна, нарэзаць мяса. І яшчэ, перш чым ісці туды, яна ўжо ведала, што будзе рабіць з ім. Днём вогнішча паліць няможна, дым будзе відаць, значыцца, яна дачакаецца вечара і тады паспрабуе зварыць ці сасмажыць мяса. А каб вогнішча не было відаць зверху, яна нацягне над ім пасцілку. Леташняй блакадай так рабілі людзі. Убівалі тры ці чатыры калы і нацягвалі над вогнішчам пасцілку. Трэба было адно пільнавацца, каб не шуганула высока полымя, каб пасцілка не затлелася і не ўспыхнула. Так і яна зробіць, і зварыць мяса, зварыць многа, каб было не на адзін дзень, каровіна — не свініна, яе добра будзе жаваць і сухама, без хлеба...

Як думала, так і сталася. Малюту яна знайшла. Карова была цэлая, адно вараннё крыху паклявала, а так не паспела нават і ўздуцца, нягледзячы на гарачыню. Яна, Стэпачка, ніколі не падступалася вось так з нажом да каровы і нейкі час тупала вакол у разгубленасці. А пасля, як рашыўшыся, як заплюшчыўшы ўсё роўна вочы, надта ж хутка і спрытна, не верачы сама сабе, нарэзала са сцёгнаў некалькі ладнаватых шматоў мяса, пакідала яго ў фартух, сашчаміла даланёю ражкі і накіравалася назад. А як добра сшарэла, пад нацягнутай на чатырох калках пасцілкай расклала невялікае вогнішча і, калі трохі пагарэла вуголле, прыставіла да агню саганок. Дзеці паснулі, стомленыя, а яна ўсё сядзела і сядзела ля вогнішча, падкладваючы галінку за галінкай, падтрымліваючы кволае полымя, слухаючы ў саганку глухое, нібы чыёсьці няўмелае смачнае прычмокванне, пакрэктванне і бульканне, і саладжавы, ажно прытарны пах свежага мяса кружыў галаву, і ёй было мутарна і млосна. Яна так і не зняла з агню саганка, так і пакінула яго на вогнішчы, абгарнуўшы з усіх бакоў гарачым прыскам і вуголлем, і, пакуль заснула, пакуль канчаткова змружыліся вочы, бачыла, як сіненькія агеньчыкі скакалі вакол саганка і лізалі яго чорныя, закарэлыя ад сажы бакі.