Затое ўранку дзеці, як ваўчаняты ці згаладалыя кацяняты, якіх матка-кошка ўжо не падпускае да сваёй соскі, ірвалі рукамі і зубамі, жавалі не надта ўпрэлае мяса і зіркалі, ці будзе дабаўка...
Яна прасядзела на тым стажар'і больш за тыдзень. А можа, і ўсе два — пэўна сказаць не можа. Вакол было ціха, стрэлы чуваць былі толькі ўначы і то даплывалі аднекуль здалёк, і Стэпачка не бачыла неабходнасці ці патрэбы пакідаць гэтае абжытае куросадне і брысці-пялёхацца па вадзе і дрыгве кудысьці яшчэ. І дасядзелася б, каб не... Ляксей з Надзяй і дзецьмі.
Аднойчы, на дзесяты ці дванаццаты дзень яе сядзення на стажар'і, яны, задыханыя і перапалоханыя, выйшлі да іх з кустоў. «А божачкі, вы жывыя?» — здзівілася Надзя. Яна, Стэпачка, ці не ўсміхнулася: «Жывыя, Надзя, жывыя, як бачыш. Мы ўжо пра вас турбаваліся. Агледзелася і жахнулася: адна засталася, вас няма нідзе, а ці ж будзеш гукаць?..» Ляксей абарваў яе: «Ладна, Стэпачка, жывыя, то і добра, маўчы лепш і цяпер ды бяры лахі пад пахі — уцякаць трэба». Яна не паверыла, перапытала: «Чаго ўцякаць, Ляксейка? Ціха ж во...» Ён зноў абарваў яе, зашыпеў: «Маўчы ж, кажу! Ціха, ціха... Пачуеш зараз, як ціха! Бяры вандзэлкі хутчэй, калі не хочаш, каб яны зноў пачалі бабахаць услед!» Яна зарупілася, зазбіралася, але паспела папытацца, дзе ж Анцік з Гіленай і дзецьмі. Ляксей паціснуў плячамі, сказаў: «Там жа, дзе і ты. Мо адседзеліся дзе, а мо і...»
Шчаслівая, пэўна, яна, Стэпачка, і яна, і дзеці яе. І той раз яны ўратаваліся, з-пад носа, можна сказаць, вырваліся ў гітлераўцаў. А Ляксею з Надзяй... Лепш не бачыць такога! Лепш ужо ў магілу, чым матцы такое перажыць! Воўку іхняга куля дагнала. Сляпая куля. Ляцела, сама не ведаючы куды, і пацэліла хлопцу проста ў скронь — упаў ён, быццам нагой за нешта зачапіўся. Стэпачка бачыла. І здзівілася: упаў і не ўстае. І тут якраз Косцік яе заплакаў — сухая лазовая галіна па тварыку сцебанула. Яна да Косціка зашаптала, супакойваючы, а Надзя раптам нема загаласіла...
Лепш не бачыць таго і не ведаць. І ўспамінаць страшна. Людцы добрыя хай ніколі не ведаюць: бацька з мёртвым сынам на плячах уцякае, каб астатніх уратаваць, а матка з малымі блізнятамі на руках поруч пляцецца... Бедная Надзя! Як сэрца ў яе вытрывала! Яна, Стэпачка, і то як скамянела, гледзячы на яе, а як жа матка тое вынесла!
Ляксей нёс Воўку ўвесь час, ажно датуль, пакуль яны не выйшлі пад Забор'е, дзе пачыналася Доўгае балота. Там, сярод хмызоў, забор'еўцы паставілі, яшчэ за аднаасобным часам, некалькі пунек. Доўгае балота ў сушэйшае лета выкошвалі, але вывезці сена адтуль усё роўна няможна было, вось і складалі яго ў стажкі, каб вывезці позняй восенню ці ўзімку, калі балота замярзала і пускала да сябе каня. Ну, а хто быў багацейшы ды спраўнейшы, дык паставіў на Доўгім сякую-такую пуньку — каб сена не мачылі бясконцыя восеньскія дажджы і не скублі вецер ды ласі. От яны і спыніліся ў адной такой пуньцы. Ляксей паклаў Воўку на старое адонне, папярэдне прыкрыўшы пацяруху пасцілкаю, а яны ўсе паселі-пападалі воддаль і глядзелі туды, на хлопца, які зусім не выдаваў на забітага, а на спячага — адно кідалася ў вочы, што спіць Воўка неяк не так, надта ж ён роўненька ляжыць, выцягнуўшыся ў струнку.
Меншыя дзеці сядзелі так, сядзелі ды і паснулі ўрэшце, а Сонька з Васем і Вера Ляксеева так усю ноч вачэй не самкнулі, як і бацькі іхнія. І ўвесь заўтрашні дзень Воўка праляжаў у пуньцы — ці не Банадыся з Забор'я была тая пунька. А як звечарэла, Ляксей, учарнелы і як не ў сабе трошкі, згроб сына, ускінуў на плечы і пайшоў, сказаўшы ёй, Стэпачцы: «Глядзі тут, бо яна не пры намяці. А я пайду. Пахаваць трэба ж...»
Ноч тая была, не ў прыклад ранейшай, неспакойная: усё недзе бухала, чулася далёкая страляніна, небакрай свяціўся зарывам. Яна, Стэпачка, паклаўшы і сваіх і Надзіных дзяцей спаць, сама не клалася, хоць вочы як пякучка пякла — пільнавала Надзю. Тая сядзела пад сцяною і, заплюшчыўшы вочы, ківалася з боку на бок. Моўчкі ківалася, адно дыхала цяжка, бы сапла. Зрэдзь часу яна раптам пачынала стагнаць — надта ж голасна ўначы, і тады Стэпачка клала ёй руку на плячо і шаптала: «Ціха, Надзейка, ціха, сястрыца, дзеткі спяць...» І Надзя як разумела яе, сашчэмлівала рот і зноў цяжка дыхала, бы на грудзі ёй уссеў мядзведзь...