Ляксей вярнуўся па досвітку. Дзе быў, куды хадзіў, хто памог яму пахаваць сына і ці пахаваў яго — не сказаў ні слова. Ні Надзі сваёй, ні ёй, Стэпачцы. Пасядзеў колькі хвілін моўчкі, а пасля ціха азваўся як да нікога ці да абедзвюх: «Трэба ісці адсюль. У Забор'і немцы. Не будзе нам тут спакою...»
Яны памалу выбіліся па бераг Бачылаўкі і пабрылі ўздоўж яе. Рэчка раз-пораз давала круцяля, выгіналася то ў адзін бок, то ў другі, але яны не зважалі на гэта, трымаліся берага — ісці тут было прыступней, сушэй, нага ступала цвярдзей. І Ляксей, і Стэпачка ведалі, што Бачылаўка выцякае з Дзікага возера, а там ужо не хмызняк, не парослая лазоўнікам балацявіна, як тут, на Падлужжы,— там ужо лес, глухі і дрымучы, лес-дзіч, як гавораць стайкаўцы. Мо туды немцы не палезуць, мо там будзе зацішней, спакайней і надзейней.
К полудню яны прытупалі да ўскрайку ганаровіцкага Барка. Яна, Стэпачка, і Надзя, разам з дзецьмі, прыселі перадыхнуць, а Ляксей пайшоў пашукаць людзей, агледзецца. Вярнуўся ён скора чамусьці і яшчэ больш пахмурны. Бязвольна апусціўся на сухі і калючы баравы мох, сказаў: «Няма ні душы. Зямлянкі папалены, разварочаны... Дзяміда Блоньку з Гапаровіч напаткаў. Кажа, усе падаліся на Палік, услед за партызанамі...» Надзя маўчала зацята, як і ўсю дарогу, а яна, Стэпачка, не стрывала, спыталася: «Дык што ж нам рабіць, Ляксейка?» Ён адгукнуўся зласнавата, ці што: «А пярун яго ведае!..»
Колькі яны там сядзелі, яна таксама пэўна цяпер не скажа. Ці не вечарэць пачало, калі Ляксей, бы ачнуўшыся, паволі падняўся на ногі і як загадаў: «Дык чаго ж сядзець? Колькі? Ноч нахопіцца, а тады... Пайшлі да зямлянак, начаваць жа недзе трэба...»
Прайшлі яны там, дзвюма сем'ямі, дні са тры. Ляксей схадзіў ноччу ў Ганаровічы, прынёс торбу бульбы і некалькі цыбулін. На той бульбе і чабаровым чаі-настоі і пратрымаліся тыя колькі дзён — пакуль было ціха. А неяк ранічкаю, калі яны яшчэ спалі на сасновых і яловых лапках пад стрэшкай, зробленай Ляксеем з яе, Стэпаччыным, Васем з яловай кары, пачулася блізкая страляніна. Прахапіліся яны і пашыліся з Барка ў Дзіч, у балота. Берагам Бачылаўкі ісці не асмеліліся — няйначай і немцы на сушэйшым ісці будуць, калываліся напрасткі, ад купіны да купіны, ад дрэва да дрэва, па бруха, часам ажно па пахі правальваючыся ў балотную рудаўку. Пялёхаліся-цялёпкаліся, на адно спадзеючыся: быць таго не можа, каб праклятая немчура таксама палезла ў гэтую бяздонную і смярдзючую твань.
А яно ж аказалася — палезла! Яны ўжо думалі, што адарваліся ад бяды, што пранясе міма іх брахлівую навалач, ажно — зноў быццам з усіх бакоў загаўкалі і бесперастанку трах ды трах, бах ды бах, і не разабрацца, дзе страляюць і куды, то, здаецца, ззаду, то ўжо, дай веры, і наперадзе, і збоку нібы. Ляксей круціў-круціў галавой туды-сюды, прыслухоўваўся-прыслухоўваўся, а пасля і махнуў рукой, плюнуў: «Усё! Капцы нам! Няма куды ісці. Куды ні пойдзем, на іх напорамся. Тут будзем. Пранясе дык пранясе, а не, дык...» Яна, Стэпачка, як і мінулы раз, не датумкала: «А не, дык што, Ляксейка?» Ляксей сыкнуў на яе: «Што ты яшчэ пытаешся? Пазабіваюць! Што яшчэ можа быць, дурная твая галава?» Яна разумела і быццам не разумела, што ён кажа. А як дайшло да яе, дык абмякла, але ўсё ж азвалася: «Дык што, будзем і чакаць? Ляксей, гэта ты кажаш?» Ён зноў сыкнуў на яе: «Маўчы, Стэпачка! От лепей глядзі, дзе сама схаваешся і куды дзяцей прыткнеш... А што рабіць будзеш, га? Kaжy — хавацца трэба! Мо і пранясе...»
Вася не захацеў, як і Сонька, класціся ў балотную рудаўку — палезлі на елкі, зашыліся там пры ствале ў лапніку, а яна, Стэпачка, з меншымі ўкленчыла пад купкай маладзенькіх елачак на доле, па плечы, лічы, у рудавата-ржавай твані. Краем вока бачыла, як прыкрываў Ляксей пад вываратнем сваю дзесяцігадовую Веру, як пасля хаваўся сам з Надзяй і блізнятамі — таксама, як і яна з малымі, пад навіссю густога лапніку маладзенькіх елачак.
І от жа — бярог бог, як кажуць. Зусім жа блізенька прайшлі немцы і з аднаго боку ад іхніх схованак, і з другога, нават прыпыняліся, углядаліся ў іхні бок, яна, Стэпачка, сярод вузкіх сцяблін балотнай травы нават бачыла твар аднаго немца, здаецца, ажно вочы яго — пільныя, хітрыя, як у сабакі, і ад таго пацямнела ў яе ў самой уваччу,— гэта ж няйначай учуў той сабака-гіцаль яе і дзяцей, зараз павернецца і пачоўпае, высока падымаючы ногі ў захляпаных ботах, да іхняй такой, аказваецца, ненадзейнай схованкі... Але — не пачоўпаў. Пастаяў, паглядзеў, другі гіцаль штосьці гаўкнуў яму, і ён адвёў убок свой сабачы пагляд, пацялёпкаўся далей, услед за сваімі.