Выбрать главу

Гэтая чыясьці схованка і ўратавала іх. Немцы былі на грудку, нават тупалі паблізу, па краі адхону, яна чула, як яны тупалі, і, яшчэ не чуючы іх галасоў, ведала, што гэта яны, а не свае людзі, бо свае людзі не насілі ботаў і не маглі так тупаць...

Пасля, як тупат і гаворка сціхлі, яна спачатку асмелілася адно рассунуць трошку галлё, што засланяла свет, каб зірнуць, што робіцца вакол. Счакаўшы мо з гадзіну, высунулася з нары, атрэслася, агледзелася. Дзяцей не выпускала, нават Соньку. Потым, пераканаўшыся, што навокал ціха, дазволіла вылезці і ім, але наказала быць побач, нікуды не адлучацца. Наважылася нікуды ад гэтае схованкі ні на крок — досыць, набегалася, нагулялася са смерцю, лепш ад голаду высахнуць на трэску ці апухнуць, а ўсё ж не галовы злажыць, на жывых касцях мяса нарасце. І сядзела з дзецьмі на тым грудку аж датуль, пакуль не напаткала дзеда ажно ці не з-пад Бясяд, які шукаў у Дзічы сваю сям'ю. Ад яго і даведалася, што праз Стайкі ўчарашнім днём прайшлі нашы. Тады яна знялася са свайго седала і пашыбавала дадому.

Спачатку і праўда шыбавала, адкуль і сілы ўзяліся, і дзеці не адставалі, нават малы Косцік, як выбраліся-ўзбіліся на торную лясную сцежку, папрасіўся з рук. Але неўзабаве выбіліся з сіл. Найперш чамусьці яна. Дзеці ўжо абагналі яе, ішлі паперадзе, а яна ззаду матлялася, нагу за нагу перацягвала. Думала, што не дойдзе ўжо, асабліва тады, як спусціліся з Краснай горкі на Дадаткі — ужо і вёска відаць, і свая хата, страха шарэецца сярод вішанніку, а ногі зусім як не свае, не хочуць трымаць.

І во колькі часу сядзіць на камені-ганку, а яны ні кропелькі не адышлі, гудуць і гудуць, і ўсё па іх быццам мурашкі поўзаюць. А сядзець жа быццам і досыць ужо. Трэба ж і праўда падумаць, каб што дзецям даць. Пашукаць у варыўні, можа, якая бульбіна ў загародцы ў куток закацілася і не споршылася? А мо на сяло схадзіць да каго? Бо ў гародзе тым ці знойдзеш яшчэ што. Парэчкі-зяленухі хіба?

Ад згадкі пра парэчкі ў перасохлым роце яе варухнуўся язык, яна пракаўтнула сухі камяк і сказала сама сабе пра дзяцей ці не голасна: «А хай бы і паглядзелі, мо ўжо і зачырванеліся дзе на ўгрэве. Дык жа не, у хату паперліся, абрадаваліся, даўно не бачылі, не былі ў хаце...»

І як пачуўшы яе, выйшаў з хаты Косцік, а ўслед за ім і ўсе — Толя, Міша, Вася і Сонька. Яна не бачыла іх, але спіною адчувала — усе тут, стаяць за ёю, на ганку.

— Ну што, дзеткі?

Ніхто не азваўся, ні самы малы Косцік, ні самая старэйшая Сонька.

— І што я рабіць з вамі буду? — немаведама ў каго, спыталася Стэпачка.— І што, га? З пяццю вамі — адна?..— Хацела сказаць «без бацькі», але не сказала, не вымавіла гэтых слоў перад дзецьмі.

Даўно ўжо, ці не гады два назад, сасніла сон, які вытлумачыла для сябе так, што загінуў, злажыў сваю галаву яе Раманок. Яна не хацела ў тое верыць і аднак жа, штораз вяртаючыся да таго сну, верыла і не ўцярпела, пайшла да Волькі Булыкавай, і тая разлажыла перад ёю карты і таксама сказала, што няма на свеце яе Раманка, хай яна, Стэпачка, як хоча, верыць ці не верыць, а толькі карты не хлусяць. І яна паверыла. Надзя Ляксеева была сарамаціла яе. «Пабойся бога,— казала,— грэшна так думаць, хаваць мужыка, нейкім дурным картам паверыўшы...» А яна ёй у адказ: «Не картам веру, а сэрцу свайму... Няма Раманка майго...»

Дзеці зноў прамаўчалі, не агукнуліся на яе словы. Адна Сонька, здаецца, незадаволена крутанула галавой. Стэпачка якраз азірнулася, убачыла тое і датумкала, што Соньчына праўда, што не трэба было ёй гэтага гаварыць, і спахапілася, і загаварыла, нібы нічога перад тым не казала:

— Чаго ж я расселася, га? Не паранее. Трэба, дзеткі, і за работу брацца. Добры дзядзька не прыйдзе, не зробіць за нас,— Яна паднялася, абцягнула на худых клубах спадніцу, акінула вачамі надворак, праз расчыненыя дзверы зазірнула ў хату, у першую палову.— Ты, Вася, скоч на аселіцу, парэж там дубцоў і звяжы лазовы дзяркач, каб было чым і хату падмесці і во тут, ля ганка, прыгрэбці. Добра, сынок? А ты, Сонька, вады прынясі. І не палянуйся, дачушка, другі раз схадзіць, а мо і трэці, у балею налі, калі не дзіравая... А пасля, Вася, паглядзі разам з Мішам, хай паможа табе, дроў якіх, прапаліць у печы трэба. Мала што лета, а не палена столькі. А я з меншымі ў гарод пайду, мо што на зуб знайду. Трэба ж, дзеткі, жыць нейк, калі ўратаваліся...