Выбрать главу

Яны з Раманком тады толькі лес талакой вывезлі. А ўжо часалі плашчакі і рубілі зруб нанятыя мужчыны — чацвёра іх было, камандаваў імі Ляксей Камоцкі. Чэсны чалавек быў Ляксей. І астатнія мужчыны таксама. Падрадзіліся абчасаць, зрубіць, пакрыць, столь і падлогу пакласці. Грошай — колькі дамовіліся, а за які час — як справяцца між сваёю работай і іхняю хатай. Падганяць іх не трэба было. Кожную вольную хвіліну цюкалі сякерамі. Калі не ранічкаю, дык днём, у спякоту, а не днём, дык вечарам, ажно пакуль не ацямнее. І бачыла Стэпачка — як сабе рабілі. Драку выбіралі, каб бярвенца да бярвенца і без моху шчыльненька прылягала, каб між бярвеннямі не прадзьмухнуць, не то што ўбачыць цеслям адзін аднаго. Усё рабілі па-людску. Дошак, праўда, Ляксей з мужчынамі не рэзаў, Раманок лес на гатар вазіў у Янавічы, але з дошкамі і без таго клопату хапіла. Гэта ж яны і габлявалі іх, і шпаравалі, бо парашылі ўжо столь класці па-новаму — каб гладкая была, шчыльненькая, у бэлькі запушчаная, у пазы. Колькі разоў яна пасля тую столь перамыла — і да вайны, і пасля вайны! І заўсёды Ляксея памінала добрым словам — гэта ж каб хоць калі яна ў палец стрэмку загнала! А якая жоўценькая столь была, калі яе старанненька пясочкам вышаруеш! Як васковая! Кожны сучок блішчыць! Столь яна мыла кожан год, вясною. Як ні бераглася, здаецца, і грубка ў хаце ніколі не чадзіла, і з печы дым асабліва не кідаўся, а за лета і зіму столь усё ж мурзалася, даводзілася вясною мыць. Іншыя бабы мылі звычайна перад вялікаднем. Раманок загадваў ёй не пільнавацца гэтай бабскай звычкі. Яна быццам і слухала, але ўсё роўна часта выходзіла, што якраз перад вялікаднем і яна мыла. Раманок хацеў, каб на Мая ў хаце было святочна, а вялікдзень часцей за ўсё перад Маем і выпадаў.

Любіла яна чысціню ў хаце. Столь тую самую яна сяды-тады і два разы на год мыла — другі раз перад пакровамі, перад зімою, от калі стаіць восень сухая ды цёплая, дык і памые. Хай чысцейшая будзе, святлей у хаце хоць трошку. Бо калі столь чорная, дык пры газнічцы ці пры лучыне як у яме сядзіш, а не ў хаце, а тады ж часта даводзілася сядзець і пры газнічцы, і пры лучыне, бо беднавата яшчэ жылося. А падлогу мыла кожную суботку. І кожан раз з дзеркачом, і не проста цёплаю вадою, а лугам. Дык тады кожная падложынка — таксама як навошчаная. Яна яшчэ, памыўшы падлогу, на аселіцу збегае, аеру ўжне ды па свежых, непрасохлых падложынках насыпле. І блыха, як завядзецца, здохне, і водар у хаце — як на лузе. Ляжаш спаць, дык як на капе сена, адно салаўёў не чуваць...

Хату сваю згадаўшы, пачала думаць чамусьці пра Ляксея Камоцкага, балазе на экране гаварылі ўжо аб нечым іншым. Успомніла Ляксея і ўсміхнулася сама сабе. Гэта ж ужо на яе вачах, як яна прыйшла ў Альхоўку, хадзіў ён, хлопцам будучы, штовечар да Яўхімавых. Да Зіны прыходзіў, да старэйшай Яўхімавай. А Зіна тая, круцёлка, упадабала настаўніка. Быў такі ў Альхоўцы настаўнік тады — Галубовіч. Высокі, чарнявы, з капелюшом на галаве і з гальштукам на шыі. Як ён там дзяцей вучыў, невядома, а ўсё спектаклі ладзіў, пастаноўкі ў панскім доме. Усе альхоўскія і з бліжэйшых вёсак дзеўкі млелі па ім. І Зіна Яўхімава прападала ў панскім доме вечарамі. А Ляксей прыйдзе да Яўхімавых і чакае, пакуль Зіна дадому прыпляцецца. Са старым Яўхімам пакурыць, з Надзяй пагаворыць. Надзю малой лічыў, не таіўся ад яе, што іхнюю Зіну ўпадабаў, выпытваў у Надзі тайны пра Зіну. Ці не праз усю зіму з хаты не вылазіў, не бачыў таго, што ўсім даўно відаць было,— што Зіна з настаўнікам гуляе. Хадзіў датуль, пакуль яны і не пабраліся, Зіна Яўхімава з тым Галубовічам. Ён жа і звёз яе неўзабаве, і далёка недзе, на Гомельшчыну, ці што. Зіна да вайны пісьмы пісала, два ці тры разы прыязджала, а пасля вайны як у ваду канула. Не чуваць і не чуваць. Яўхіма на свеце ўжо не было, а Надзя не адразу і дадумалася, каб напісаць туды каму — у сельсавет ці ў раён... і толькі, мусіць, ужо недзе ў сорак сёмым даведалася, што загінула Зіна, што ўся яе сям'я загінула: сама Зіна з дзецьмі ў канцлагеры ў Азарычах, а Галубовіч яе — у партызанах, у засадзе. Ага, дык як Галубовіч узяў Зіну, Ляксей прыйшоў, як штовечар, да Яўхімавых і вазьмі скажы Надзі: давай і мы з табой пажэнімся, я прывык да цябе, ты мне ўжо і за Зіну лепей... І Надзя згадзілася, пайшла. І жылі вунь як добра. І да вайны, і пасля вайны. Старэйшага свайго, Воўку, яны страцілі ў апошнюю блакаду, а з Веркай і блізнятамі ацалелі, вырваліся неяк з акружэння ля Дзікага возера, як і яна сама. Пасля вайны ў Ляксея з Надзяй і яшчэ малое знайшлося — дзеўка, Маня, пястушка іхняя. Добрай дзеўкай вырасла: і школу на «выдатна» скончыла, і універсітэт у Мінску, замуж за афіцэра выйшла, хоць яна, Стэпачка, ужо і не бачыла таго яе мужыка-афіцэра...