Вася таксама не хацеў у горад. Сем скончыў і пайшоў з коньмі рабіць. Пасля на трактар сеў. Ці не тры гады на тым трактары рабіў, аж да самай арміі. Пасля арміі дадому прыйшоў і хацеў зноў на трактар сесці, але яго Сонька да сябе забрала. Мама, сказала, не дурнее хай, тут во іншыя рвуцца, каб толькі ўцячы, а ты не пускаеш. Што ён тут не бачыў? Хай ідзе да мяне, паробіць спачатку на будоўлі, а там відаць будзе. Захоча на завод, дык на завод пойдзе, шафёра ўсюды возьмуць... Ну, і пайшоў. Сонька быццам і праўду казала. Яна к таму часу ўжо замужам была, кватэру мела, у бараку, праўда, але свой куток, і ўжо ж супакоілася, кроў на цукеркі не здавала, ужо ж была і не галодная, і не голая, дык чаго ж яна, матка, будзе пярэчыць? Хай ідзе! Што ёй? Ёй абы дзіцяці добра было. А яно і дурню ясна было, што ў горадзе тым часам лепей жылося, чым у сяле.
Ну, а за Васем і Міша ў Мінску апынуўся. Той дык пасля сямігодкі не пайшоў у калгас — Вася яго ў фэзэво ўткнуў. Яна спачатку дык і шкадавала трохі, Міша малы нейкі быў, заморак, худы і дробны, як верабей, дык бедавала: як ён там будзе, у тым фэзэве, хто яго там пакорміць, памые? А ён ці не за месяцы тры так справіўся, што яна і веры не дала б ніколі, што такое можа быць. Як прыехаў ён у чорным шынеліку і ў касцюміку суконным, таксама чорненькім, увесь чорненькі, як грачок, адно гузікі беленькія, як сярэбраныя, зіхцяць, дык яна і не пазнала: як не яе Міша ўсё роўна! І пагладзеў хлопец, і падрос, і ў плячах пашырэў, ужо быццам і на хлопца падобны. Дык яна ўжо і рада была: от і яшчэ адзін яе сынок на сваю дарогу выходзіць!
Так, неўпрыкмет, засталася ў хаце адна: Толя і Косцік ужо ці не ўподбежкі ў той Мінск падаліся. Іх ні ўпрошваць, ні выпраўляць ёй ужо не давялося. Гэтыя самі ўжо не маглі дачакацца, пакуль школу скончаць. Тады ж ужо такая мода на горад пайшла, што адно перад адным. Матчына малако на губах не абсохла, а дай катораму горад, і ўсё тут! І маткі ўжо таксама як папрывыкалі, што дзеці не павінны ў сваёй хаце заставацца, на зямлі рабіць. Дзе там! Ужо самі пачалі іх падпіхваць-падганяць: вучыся, дзіцятка, добранька, старайся, дык не будзеш, як я, у брудзе корпацца, гразь гэтую мясіць, у людзі выйдзеш...
Яна, Стэпачка, не будзе на сябе нагаворваць, так не думала і дзецям, таму ж Толю ці Косцю, такога не гаварыла. Але і не трымала іх: ат, хай ідуць, пэўна, ужо час такі, век такі падышоў. Хай ідуць сабе! Хай шукаюць у свеце сабе лепшай долі. А яны, маткі, і бацькі каторыя, будуць тут, у родных сценах, дажываць веку. Ім адрывацца ад усяго позна ўжо. Старое дрэва не перасадзіш. Каб перасадзіць, трэба карані абсекчы. А з абсечанымі каранямі ці прыжываецца тое дрэва на новым месцы? Наўрад! Іхняя доля — векаваць адным. Сядзець у старых сценах і жыць спадзяваннямі на прыезды дзяцей і гэтымі рэдкімі прыездамі. І радавацца гэтым прыездам.
І дарма яна скранулася з месца, дарма рашылася падрэзаць і свае карані. Трэба было шукаць іншае выйсце, а не рашаць гаспадарку, не прадаваць хату. Раманкову памяць. Дзіцячую калыску. От тут яе віна — недаравальная. Яе і больш нічыя. Ні Васева, ні Толікава, як яны гаварылі пасля той раніцы, а — толькі яе і нічыя болей...
Яна тады надта ж абрадавалася, калі ўвечары, ужо добра-такі сцямнела, па вокнах хаты жыхнула рэзкае святло — няйначай, падумала, нехта з сыноў прыехаў. Яна яшчэ не спала, сядзела, прыхінуўшыся спіною да цёплай грубкі, і кручком вязала з рызаў ходнічак. Той парою яшчэ не былі ў модзе тэлевізары, у Альхоўцы толькі ці не ў аднаго Булыкі Івана і быў. Яна сяды-тады хадзіла туды, да Булыкаў, але не надта часта, бо ў іх і без яе кожан вечар — не павярнуцца, як у клубе тым, не раўнуючы, хто на чым сядзіць, а малыя дык проста ўпокат на падлозе. Уткнуцца ў тое вока і глядзяць, усё запар, да канца, пакуль тое вока спакойнай ночы не скажа. Яна ж, каб вечары караціць, прылаўчылася кручком вязаць з рызаў ходнікі. Раней ткала іх — доўгія, праз усю хату, мяккія, нагой добра ступіць на іх. Але ткаць — гэта ж марока: і аснову аснаваць, і кросны, тыя рэзгіны, у хаце месца займаюць — не павярнуцца. А кручком сядзі сабе і вяжы. І ты нікому не замінаеш, і табе аніхто. Спачатку кругленькія вязала, на падлогу ля ложка пакласці, каб ногі пасля начы на цёплае і мяккае спусціць. Усім дзецям нарабіла тых ходнікаў, ужо ці трэба былі, ці не трэба. А пасля навучылася і доўгенькія вязаць, амаль на даўжыню ложка, дык дзеці зноў падахвоціліся: і мне, мама, звяжы, і мне...