Выбрать главу

Дык от сядзела яна тады вечарам ля цёплай грубкі і вязала ходнік — балазе Сонька і Аня Васева прывезлі неяк ці не па мяшку розных трантаў, сваіх і дзяціных неданоскаў. І раптам святло ад машыны — шых па вокнах. Жыхнула і тут жа пагасла, а пасля зноў загарэлася, але ўжо ў двары. Дык яна і абрадавалася: гэта ж нехта з хлопцаў прыехаў няйначай! Пэўна, Вася. Ён неяк умудраўся выпрошваць машыны, каб да маці падскочыць. Яна хутчэй за вязанне сваё ды ў сенцы і лоб у лоб сутыкнулася ў дзвярах з Васем і Толікам.

— А бо, дзеткі,— загаманіла, не ведаючы, куды прыткнуць вязанне ў руках.— А я сяджу, і раптам — па вокнах як жыхне. Ажно гэта вы!

— Мы, мама, мы,— азваўся Вася, ён першы ў хату зайшоў, за ім ужо і Толік цераз парог ступіў.— Перазваніліся во і рашылі пад'ехаць. Не чакала?

Яна нават ці не са злосцю адказала:

— Ай, сынок, не жартуй! Чакала, не чакала!.. Ужо нервы ўсе палопаліся, а ні ты, ні хто другі не едзе і не едзе.

— А што, мама? Ты ж не казала нічога. Што раптам? Ты напраўду злуешся? — Вася затрымаў руку на гузіку, не скінуў ватоўкі-целагрэйкі.

— А ты быццам не ведаеш? Усе ж даўно пакалолі! Па ўсім сяле прайдзі — ці знойдзеш у каго ў хлеве? У адной у мяне рохкае. Не пайду ж я прасіць каго, калі ў мяне дзеці ёсць! — усё яшчэ зласнавата гаварыла яна.

Вася засмяяўся:

— Такую бяду, мама, я рукамі развяду, як той Несцерка казаў. Сёння ж такое дзела і акруцім. Праўда, Толя?

— Акруцім! Збегаю зараз да Булыкі, хай падыдзе з лямпай і швайкай, і перастане ён у цябе рохкаць,— пасміхнуўся і Толік.

Яна таксама, як сумеўшыся ўспышкі злосці, палагаднела:

— Ага, сёння ж! А як жа! Такія рупліўцы, што нанач будзеце парсюка калоць і смаліць — людзям на смех! Добра от, што прыехалі. Заўтра раніцай і заколеце, як усе людзі. Я ж як ведала, што вы прыедзеце,— сёння яму ўжо і вячэры не давала...

На тым і парашылі. Толік, праўда, на сваім настаяў, перш чым вячэраць, збегаў усё ж да Булыкі, прынёс і швайку, і лямпу паяльную. Яна, Стэпачка, ужо і не пускала, казала, чаго бегчы, каб хто спытаў, па-суседску і заўтра тая лямпа прынясецца, але Толік не паслухаў.

— Пакуль ты, мама, вячэру збярэш, дык я і збегаю, прынясу,— сказаў.— Раніцою чалавек мо спаць будзе — нядзеля ж заўтра, а мы з Васем марудзіць не будзем. Як падымемся, так і за дзела. А лямпу тую і праверыць трэба, прачысціць, заправіць.

Яна пагадзілася:

— Ну, то не баўся ўжо там...

Павячэралі яны тады ўтраіх, яшчэ і нагаманіліся пасля вячэры. Леглі спаць позна нават і на зімовы час — за поўнач было далёка, калі яна ў комінак на стале дзьмухнула, лямпу патушыла. Але чаркі хлопцы не бралі, ні Вася, ні Толік, як згаварыўшыся ўсё роўна, таму і не заспалі, нацямку падняліся і адразу ў хлеў. Яна таксама пайшла з імі — і ліхтар занесла, на слупку павесіла, і парсючка вывела з загарадкі сюды, да дзвярэй, на сухое. Вывела, а сама хутчэй у хату, каб не чуць і не бачыць. І дзверы нават у сенцах зачыніла, і сама ў хаце ў запечак пайшла, нейкай работай занялася, каб не думаць пра тое. Ліха яго ведае, кожан раз так: гадуе, гадуе, ведае, што калоць трэба будзе, а як прыйдзе час, дык шкадуе вельмі, душа пачынае балець. А Вася з Толікам, хоць не надта часта і рабілі такую работу, гэтак лоўка дзела абдзелалі, што яна, выйшаўшы ўрэшце з хаты, і вачам не паверыла: парсючок ужо ляжаў на дзвярах ад хлеўчука, знятых з крукоў і пакладзеных на два круглячкі-метроўкі. Калі так, дык і яна марудзіць не будзе. Вярнулася ў хату, дастала з печы і выліла ў вядро гаршчок гарачай вады, узяла два нажы, анучкі чысценькія, зноў выйшла да сыноў.

— Што, мама, самі будзем ці паклічам каго? — спытаў, курачы цыгарэту, Толя.