— Глядзіце, дзеткі,— адказала яна памяркоўна.— Абсмаліць і выскрабці і самі адужаем, а хіба разабраць клікнуць каго, га?
— А што, самі не разбяром? — запярэчыў Толя.— Падумаеш! Быццам той самы Булыка лепш зробіць!
— Дык жа я нічога, Толічак. Зробіце самі, не забыліся, дык рабіце,— яна змачыла ў вадзе анучку, спаласнула нож.— Ніхто ж нас не асудзіць, для сябе робім, як зробім, так і добра.
— Калі так, дык і пачнём,— узяў Вася ў рукі лямпу.— Канчай, Толя, курыць!
Хлопцы на змену тупалі вакол парсючка з лямпай, а яна, Стэпачка, завіхалася з нажом і анучкай. Парсючок відочна мяняўся, рабіўся жоўценькі, як велікоднае яечка. Беленькі быў парсючок, чысценькі, дык досыць раз-другі прайсціся па ім сінім гудлівым полымем і вострым нажом-скраблом, от ён і гатовы. Яна, Стэпачка, бачачы тое, прасіла ўжо хлопцаў, каб не вельмі і падсмажвалі, не перапякалі скурку, бо трэскацца будзе.
— Вы адхіліцеся, дзеткі, адсапніцеся, а я абмыю яго добранька, і калі дзе што трэба падправіць, дык там яшчэ разок пройдзецеся.
Вымыла Стэпачка парсючка, выскрабла-вычысціла ўсе чатыры капыткі, вушы, лыч, збегала ў хату, прынесла яшчэ паўвядра гарачай вады і анучку чысцейшую. Яшчэ раз, ужо начыста, змыла-спаласнула парсючка і дзверы, на якіх ён ляжаў, пасля паставіла побач, у снег, бляшаную балею, каб кішкі і трыбух выпусціць, і вышараваную лаву, каб сала класці.
Разбіраць заманіўся быў Вася, затупаў вакол, ды нешта ўсё не рашаўся, дзе падступіцца з нажом да парсючка. Толя не стрываў, забраў у яго нож і не надта ахайна, але рашуча разануў па шыі — яна ледзьве паспела тазік падставіць, каб кроў спаймаць. Галаву Толік сяк-так адрэзаў-скруціў, а далей і ён, як перад тым Вася, затупаў вакол, бы не ведаючы, што рабіць, з чаго пачынаць. Дык яна, Стэпачка, доўга не думаючы, як зазлаваўшыся на іх, сама ўзялася. Ногі ў коленцах паадрэзвала, грудзінку зняла, жывот ўздоўж успарола і, адклаўшы нож, пачала вантробы выварочваць, ловячы жоўць, каб не выпусціць незнарок і не запаскудзіць сала. Хлопцы, зважаючы на гэта, ужо і не парываліся за нож брацца, адно памагалі маці патрымаць што ды аднесці.
Яна пасля і сама з сябе здзіўлялася, што здолела разабраць парсючка і зрабіць усё дарэчы, хоць раней і не даводзілася ёй таго рабіць. Бачыць-то бачым шмат разоў, як той жа Іван Булыка разбіраў, от і сама, не паспадзяваўшыся на сыноў, разабрала і рада была.
Увесь той дзянёк, усю тую нядзельку, аж да позняй ночы, яна, мусіць, ці прысела. Вечарам хлопцаў спаць пагнала, бо меліся заўтра раненька ехаць, каб на работу паспець, зачыніла за імі дзверы ў другую палавіну хаты, а сама ўсё тупала і кешкалася: сала парадкавала, паляндвічкі, рэбры, па кавалачку ўсяго дзецям перадачы-гасцінцы паскладвала, усім пароўну, каб без крыўды. Пад канец наважылася спячы наліванак, бо падумала, калі хто яшчэ даўмеецца прыехаць, а кроў доўга, хоць і зіма, трымаць не будзеш, ды і кішкі, як свежыя, лацвей і пачысціць, і наліць іх, спячы. А яшчэ ж і тое падганяла, што, ведала, усе яе дзеці, пачынаючы з Сонькі і канчаючы Косцікам, надта ж наліванкі любяць. Яны, бывала, раней яшчэ, як малыя былі, калі ў іх калолі парсючка ці свінку, найперш прасілі, каб яна, маці, наліванак нарабіла. У абед яна выцягне з печы гаршчок, а з яго — пах на ўсю хату. Яна ж спачатку налітыя кішкі на патэльні абсмажыць, каб яны акрэплі, каб сама кішачка пасля на зубах хрумсцела, а пасля ўжо іх у гаршчок зложыць, тлушчам залье ды ў печ напаленую. Дык яны так ужо ўпрэюць-усмажацца, што і праўда аб'ядзенне, за каўнер не адцягнеш. Дзеці наядуцца, пасля да вечара толькі ваду п'юць... От яна і цяпер наважылася — недаспіць, а наліванак наробіць-напячэ.
Лягла яна пад раніцу, лічы. Ды і то — як там лягла! Нават не распраналася. Адно буркі з чунямі з ног скінула ды безрукаўку з плячэй. А так, як была, скруцілася абаранкам на канапцы пры перагародцы, акрылася ватоўкаю і падрамала трошкі перад тым, як пабудзіць Васю і Толіка. А можа, і не паспела падрамаць, мо проста так, змружыўшы вочы, паляжала — не памятае. Іншае засталося ў галаве. На ўсё жыццё засталося. І цяпер во стаіць перад вачамі, як толькі заплюшчыць іх ды ўспомніць...
Але, але, не залежалася яна, не заспала той ранічкаю. І хлопцаў парою разбудзіла. Яны таксама не разлежваліся, адразу ж падхапіліся. Пакуль апраналіся ды вочы прамочвалі, яна кінула на прыпек трэсачак, распаліла іх, падсунула да агню скавародку, накрышыўшы-нарэзаўшы ў яе сала, пячонкі, цыбулькі — на скорую руку сняданак. Прыселі Вася і Толя да стала, паторгаліся трошкі ў тую скавародку відэльцамі — так, дзеля прыліку, каб адно не крыўдзіць яе, матку, бо не хацелі есці, учора, перад сном, здаволіліся свежыной, і пайшлі на двор, да машыны.