Яна, ладуючы гасцінцы, з хаты чула трошкі прыглушана, як яны там гаманілі між сабою, дзверцамі ляпалі ці яшчэ чым. Потым Вася ў хату зайшоў, папытаў:
— Мама, забыўся сказаць учора, каб ты вады ў печ паставіла. Не здагадалася?
— Ёсцека, сынок, ёсцека! — памкнулася яна да печы.— Я заўсёды нанач у цёплую печ стаўлю гаршчок. Ці карове, ці свінчаці...
— Дык дастань, мама.
Дастала яна яму з печы гаршчок вады, пераліла ў вядро. Вася за тое вядро і на двор. Зноў яны ўдвух там доўга нешта гаманілі і калупаліся. Так доўга, што яна затурбавалася ўжо, накінула на плечы ватоўку, выйшла на ганак, на камень-круглей, што ледзь вытыркаўся з-пад снегу.
— Што ў вас, дзеткі? Не заводзіцца? — спыталася.
— Завядзецца,— памяркоўна адгукнуўся Вася.— Застыла на марозе.
— Мо Булыкавай лямпай падагрэць? — азваўся Толік.
— А ты не занёс?
— Не, стаіць у сенцах.
— То што ж ты маўчаў? — як папракнуў яго Вася.
Распалілі яны тую лямпу і, як загуло сіняе полымя, палезлі з ёю да машыны. Яна, Стэпачка, не ведае, што яны там грэлі, у той машыне. Паглядзеўшы на тое, яна зноў вярнулася ў хату. І ў хаце пачула ўжо, што машына завялася — матор спачатку затахкаў-зачмыхаў, а пасля загудзеў моцна, ажно завыў на двары.
Зайшоў у хату Толя, сказаў:
— Ну, усё ў парадку, можна ехаць... Вазьмі, мама, кубак ды палі мне на рукі. І мыла дай.
Паліла яна Толіку на рукі. Выцер ён іх хвастачом, што вісеў пад чалеснікам, зашпіліў паддзёўку, зноў пайшоў з хаты, сказаўшы:
— Што ён яшчэ там робіць? Казаў жа — усё!
Толькі, здаецца, бразнуў Толік дзвярамі сенечнымі, толькі, здаецца, сказаў нешта да Васі — гучна сказаў, яна пачула ў хаце, як неўспадзеўкі шаснула нешта на двары — от усё роўна быццам вецер пасцілкай матлянуў, павешанай на плот, а пасля як маланка бліснула, жыхнула па акне, і ў хаце відна зрабілася. А божачкі, а што ж гэта?!
Кінулася яна ў сенцы, піхнула дзверы ў двор — а там хоць іголкі збірай. У яе ўваччу пацямнела — машына Васева, «козлік», як ён яе зваў, полымем палае, а непадалёк, пад плотам, хлопцы, сплёўшыся, у снезе качаюцца, храпуць, мацюкаюцца. Сэрца ў яе абарвалася, закрычала яна нема, да дзяцей матлянулася.
— А Васечка, а Толічак, а што ж гэта? А дзетачкі!
Малыя былі дзеці, дык ведала яна, што рабіць, не думала, не вагалася, кідалася, як птушка кідаецца, дзяцей баронячы ці ратуючы. А тут разгубілася, рукі ломіць, галосіць, бачачы, што гарыць, куродыміцца адзежа і на Васю і на Толіку, у аднаго твар чорны, і ў другога бровы і валасы абсмылелі...
Не ведае, колькі яны там, утраіх, важдаліся-тузаліся, пакуль людзі набеглі. Набегчы то набеглі, але ўратаваць машыну ўжо не маглі — пыхнула яна свечкай, верх брызентавы ўмэнт згарэў, і сядзенні скураныя, і колы рызінавыя. Адны рэбры засталіся, і яны доўга яшчэ смылелі і куродымілі, хоць іх і вадою палівалі, і снегам закідвалі, і мокрымі рызаўкамі і ходнікам акрывалі. Адно людзі добрае зрабілі, што хату ўратавалі, не далі ёй заняцца і пайсці дымам...
Пасля толькі, як разышліся ўсе, як ужо з хаты і Таська-фельчарка пайшла, пазмазваўшы і пазабінтоўваўшы Васевы і Толікавы рукі і галовы, уведала яна, што здарылася.
Толік у хату пайшоў рукі памыць, а Вася парашыў бензіну ў бак даліць, бо, падумаў, не хопіць даехаць да горада. Дастаў з-за задняга сядзення каністру поўненькую, адкруціў накрыўку з бака і пачаў даліваць бензіну. Ну, ведама, як ні асцярожна ліў, а ўсё ж разліў, асабліва спачатку, казаў, пакуль злаўчыўся ўлавіць струменьчык і пацэліць ім у гарлавінку бака.
А тут выйшаў з хаты Толік і, не бачачы яго за машынай, спытаў:
— Дзе ты там? Казаў жа — усё ўжо?
І, ідучы да машыны, на хаду закурыў. І ці то запалкай пстрыкнуў, ці то з цыгарэтай блізка паткнуўся, а толькі — блісь і ўспыхнула. Вася каністру з рук выпусціў, бензін ім абодвум на калашыны, на паддзёўкі. Толік, добра, не разгубіўся, штурхануў Васю пад плот, далей ад машыны, у снег глыбейшы, і сам на яго ўзваліўся, каб агонь збіць і з яго, і з сябе.
Вася на Толіка сердаваў, нават біцца кідаўся, але ж хіба ён вінаваты, хіба знарок з той цыгарэтай паткнуўся? Каб знаццё, дык бы патрываў. Яна, Стэпачка, мірыла іх, не давала злосці разрасціся, як на малых прыкрыкнула, нават наказала і Ані Васевай не гаварыць, што Толік прычыніўся да пажару, навошта, каб і яна пачала думаць лішняе, каб яшчэ было і сямейнае варагаванне? Ніхто ж таго не хацеў. Гэта ўжо доля такая, не інакш. Так усё добранька было. І прыехалі во, як браты, удвух, памагчы матцы, і зрабілі ўсё добранька, і гарэлкі той у рот не бралі надта — Вася, як за рулём, зусім адмовіўся за вячэрай, нават і не панюхаў, і Толік так, для апетыту паўнанарстка і выпіў усяго.