Выбрать главу

Яна, Стэпачка, не надта што і зразумела з таго, што нагаварыла ўнучка. Але, здаецца, зразумела галоўнае. Што, мусіць, і праўда не трэба залішне думаць пра той альхоўскі прагал. Можа, як кажа Людачка, знойдзецца чалавек і зрубіць сабе хату на іхнім котлішчы, і будзе жыць шчасліва, як калісь яна жыла са сваім Раманком і дзецьмі, і лёс таго чалавека будзе там шчаслівейшы, чым яе, Стэпаччын, і дзеці яго, можа, не разбягуцца, не выракуцца роднай хаты. Хай будзе так!

Зразумела, здаецца, і пра які прагал у сваёй душы гаварыла ўнучка. І паверыла, што і яго з гадамі не будзе. Бо калі пачала працаваць душа, дык ужо не перапыніцца гэтая праца. Пасля душа ўжо сама сябе падганяе. Калі і ёсць на свеце вечны рухавік, дык гэта — душа! Хай сабе Людачка і не казала такіх слоў, але ж — хацела сказаць гэта.

Ну, а калі так, дык ёй, Стэпачцы, не трэба нудзіцца. Значыць, усё-такі не марна жыла яна на свеце. Не памрэ яе душа разам з ёю. Нештачка з яе знойдзе сабе куточак у Людаччынай душы.

А што хаты яе не засталося на гэтай зямлі, на гэтым белым свеце — такой бяды. Хата ўсё роўна не вечная. Прыйдзе час — і на яе старым падмурку, на яе камянях-падвалінах трэба рубіць новы зруб, ставіць новыя стромыя кроквы, узнімаць новы сонечны дах. Нішто на свеце не вечнае. Адна душа — несмяротная! Адна душа...

І разгладзіліся маршчыны ў Стэпачкі на твары, палягчэла на сэрцы ў цёткі Стэфы.

КІМ І ВАЛЕРЫЯ

ВЕРАСЕНЬ 1959 ГОДА

Пра Валерыю Кім упершыню пачуў ад маці...

Прыйшоў неяк з работы, сеў вячэраць, а маці вазьмі дый скажы:

— Бачыла ж настаўніцу новую. У краме напаткала...

Ён і вокам не міргнуў. Што яму да той настаўніцы — хоць новай, хоць старой? Каб тады, як атэстат у вячэрняй «зарабляў», дык мо і не прайшло б міма яго гэтае нецярплівае мацерына паведамленне. А цяпер? Настаўніцы шафёрамі не цікавяцца, ну, а шафёры — настаўніцамі. Вось так! Як еў, так і еў, не папярхнуўся — прамаўчаў.

Толькі ж маці быццам усё роўна, блізка прыняў ён яе словы ці краем вуха спаймаў. Ёй пагаварыць ахвота. У хаце ёй няма больш каму слова сказаць, цэлы дзень усё маўчком ды маўчком, хіба толькі ка ката раз-другі апсікне. А ўжо ж і сцямнела, хай не летні, але яшчэ і не кароткі дзень дагарэў — ці ж не намаўчалася? А тут сын дахаты прыйшоў, вячэраць сеў — чаму ж ёй нарэшце язык свой не пасушыць?

— Гэта ж соль скончылася. Накрышыла бульбы ў гаршчочак, хацела ў печ паставіць, каб табе тушаніна была, лап на пяколку ў ступку, а там — пуста, ні драбінкі. Забылася, што ўжо раніцай ледзь нашкрабала лыжкай на днішчы, каб табе блін пасаліц. От і пайшла ў краму. А там і яна, настаўніца новая...

Кіўнуў ён нарэшце галавою — чую, маўляў, хоць яму тое да лямпачкі, і сам сабе, цішком, хмыкнуў, пабачыўшы, што гэткім сваім кіўком адно падахвоціў маці.

— Дык я і кажу, Кімачка, маладзенькая новенькая. Пэўна, толькі-толькі навуку сваю прайшла. Дробненькая, танюсенькая ўся, як школьніца. Зусім падлетка! Ці ж будуць хаця слухацца яе ў школе?.. А з тварыку каб надта прыгожанькая, дык і не. Мо і зусім нават. І рот велікаваты; і вочы лупаватыя, і лоб, як для дзеўкі, дык высокі нейкі. Але ж затое рухавая, жвавая — каб ты ведаў! Жыўчык! На месцы не ўстаіць...

Ён маўчаў. Добра ўжо і тое, што маці не ўпадабала новую настаўніцу. Значыць, можна спакойна вячэраць. Да гаворкі пра тое, што пара яму, Кіму, жаніцца, не дойдзе. А ўсё іншае — можна слухаць. Слухаць і ківаць галавою — пагаджацца.

— І надта ж да людзей прыёмная. Каторы ўсяго дзень у нас, а быццам наша, чырванаборская дзеўка. Да ўсіх загаворвае, на ўсё азываецца, не бянтэжыцца — шчабеча і шчабеча, як ластавачка. А як усміхнецца, дык дзе тое і бярэцца — ажно прыгажэе, што ні ёсць красуняй робіцца, так бы і глядзеў на яе, так бы і глядзеў. Тварык у яе, сынок, такі чысты і добры, каб ты ведаў. Свеціцца дабратой, здаецца. Няйначай і душа ў яе добрая, даверлівая і спагадлівая. Гэта ж відаць у чалавеку адразу, Кімачка! Бывае, чалавек каторы прыкідваецца добрым, а нешта — вочы там ці рот — выдае: ніякі ты не добры, а зласлівец і зануда. Так і дабрыня — каб і хацеў схаваць, не схаваеш. Хаця — навошта ж яе хаваць, каб хто спытаў?.. Ага, дык пра што я? А пра тое, сынок, што некаму дзеўка будзе добраю жонкаю. І настаўніца акрамя таго. Не тое што ні зрабіць, ні сказаць... Дык я і думаю: а ці ж ты ў мяне зломак? Га, Кімачка?