Выбрать главу

Так і ёсць, маці свайго ўсё ж дамаглася: папярхнуўся ён!

Абяззброіла, прыспала ягоную насцярожлівасць, выклікала ягоную даверлівасць, а тады знячэўку і сцебанула. Трэба ж умець!

Папярхнуўся ён, закашляўся, засмаркаўся ажно — так, што слёзы з вачэй пакаціліся. Скончылася тым, што падхапіўся з-за стала, не даеў, не дапіў, матлянуўся за дзверы. Дзякуй, мамачка!

Абрыдлі яму мацерыны гаворкі пра жаніцьбу. Пра што б ні пачала гаварыць, абавязкова звядзе да гэтага: маўляў, чаго марудзіш, сынок, чаму не хочаш, каб я мела шчасце ўнукаў паняньчыць? Ён спачатку жартачкамі адбываўся, пасля абяцанкамі-цацанкамі, а ўрэшце і злаваць пачаў. Што ўжо маці так рупіцца? Ці ж ён такі ўжо лысы кавалер, як за даўнім часам? Дваццаць пяць усяго. Ну, дваццаць шосты, калі ўжо на тое пайшло. Дык што — спазніўся, ужо не зможа ачалавечыцца? Убіла сабе маці ў галаву!

На каго ўжо толькі не намякала яму! І ўсіх чырванаборскіх дзевак перабрала — і каторыя дома пазаставаліся, і каторыя ў горадзе, і з суседніх сёл. І выходзіць па ёй, што ўсе такія ўжо добрыя і фацэтныя, што да любой тут жa бяжы ў сваты, бо перабягуць дарогу іншыя жаніхі, перахопяць. А на іх як не глядзеў ніхто, так і не глядзіць!

А цяпер во — настаўніцу новую ўгледзела. У краме пабачыла, ці паназірала за ёю і пяць мінут, а ўжо — і красуня, хоць з твару і не надта каб, і душа добрая, спагадлівая... Адным словам, бяжы, Кімачка, не пазніся, як пабяжыш, дык можаш адхапіць сабе жонку-настаўніцу, бо хоць ты і шафёр, але не зломак!.. Хоць бы павячэраць дала спакойна...

Выскачыў з хаты, выйшаў на вуліцу, пабрыў абы-куды. І як прайшоўся з канца ў канец вёскі, дык і супакоіўся, і ўжо ці не насуперак сабе нядаўняму нечакана падумаў, што, нягледзячы на ўсё, варта было б усё-такі паглядзець, якая яна, гэтая новая настаўніца, і чым яна кінулася маці ў вочы...

А Валерыі пра яго, Кіма, гаспадыня сказала.

Новую настаўніцу ўзяла на кватэру Люба Міхалкава. Усе ў Чырвоным Бары лічылі яе, і, пэўна, не без падстаў, бабай звяглівай, зайздроснай і зласлівай. Яе не кармі, а дай каго абгаварыць ды абняславіць. Таму ўсе ў вёсцы і шкадавалі прысланую дзеўку, і дакаралі таго дурнога жартаўніка, які нараіў ёй такую гаспадыню.

А шкадавалі і дакаралі, як неўзабаве высветлілася, дарэмна. Новая настаўніца была, па ўсім відаць, цалкам задаволена сваім кватараваннем і не выказвала аніякага жадання мяняць свой чырванаборскі адрас. Чырванаборцы паздзіўляліся трошкі ды і перасталі. І правільна зрабілі, бо новая настаўніца здзіўляла іх пасля неаднойчы.

Ну, але гэта пасля. А напачатку, ці не ў першыя дні, дні знаёмства і папярэдняй прыціркі, нават яшчэ не прыціркі, а ўзаемнага прыглядвання адна да аднае, Люба Міхалкава, уводзячы сваю пастаялку ў чырванаборскае асяроддзе, сказала некалькі слоў і пра Кіма. Не сказаць каб пахваліла, але і не зганіла. Ён, як пачуў пасля, не паверыў нават, што Люба Міхалкава, пры яе вясковай рэпутацыі, магла сказаць пра яго такое.

Аднойчы вечарам, не халодным, але ўжо і не цёплым вераснёўскім вечарам, запаліла Люба Міхалкава ў грубцы, і калі дровы ўгарэліся, калі з расчыненых дзверцаў паплыло на хату ласкавае і зваблівае цяпло, яны ўселіся перад полымем абедзве — гаспадыня і пастаялка. І сядзець ім, пэўна, было добра, бо пры агні добра сядзець усім і ўсюды, і з гэтае прычыны нават у Любы Міхалкавай няйначай пацяплела душа, і загаварыла яна да прыезджай дзяўчыны прыкладна так:

— Сумна табе, Віктараўна, будзе ў нас. Во так, ля грубкі, і праседзіш зіму. Маладому ж, кажуць, маладое ў галаве. А дзе яно ў нас, тое маладое? Калі там, у горадзе, не займела хлопца, дык тут... На ўвесь Чырвоны Бор адзін Кім Курловічаў. Хлопец не дурны і не брыдкі, і здаровы, не ў прыклад матцы-здыхлі, але ж — шафёр мурзаты. Табе не пара. Як у песні, што мама-нябожчыца некалі пела — пра вутачку вольную, чыстапёрую і пра селезня збродлівага, надворнага...

Пастаялка на тое, разамлелая ад пяшчотнага цяпла і ад ласкавейшага, чым звычайна, нават ці не заклапочанага голасу гаспадыні, пацягнулася, як перад сном, няпэўна сказала:

— Ой, цётка Люба, перад грубачкай так добра, што можна не адну, а ўсе пяць зім праседзець!

— Не, Віктараўна! Лепш смерць ужо! — жорстка абарвала яе гаспадыня.

— Ой, цётка Люба, вы што? — схамянулася, скінула з сябе разамлеласць настаўніца.

— А што чуеш! Я во — ці не ўвесь свет зненавідзела! А ўсё праз тое, што адна вякую. Чымся адной, дык ужо лепей...— І не дагаварыла гаспадыня, махнула безнадзейна рукой.

Настаўніца паглядзела на гаспадыню вялікімі, не то здзіўленымі, не то задуменнымі вачамі, памаўчала, уздыхнула, быццам нешта падумала сама сабе, няпэўна сказала: