— Не ведаю... Мне, акрамя маіх вучняў, ніхто не патрэбны. Ні гарадскі, ні ваш чырванаборскі... Як вы сказалі? Кім Курловіч?
— Ага, Курловічавых Кім. Добры хлапец. І рукі не зломка мае. Але ты, Віктараўна, не па ім ягадка. Твайго каралевіча тут няма.
— Калі не тут, цётка Люба, дык недзе, а павінен быць. Я спадзяюся, веру — адгукнецца,— вочы ў пастаялкі ўжо смяяліся.— Бо інакш — не дарую, сама яго знайду. Хоць за трыдзевяць зямель!
— Маладым і нам так думалася,— сказала, бы пагадзілася з ёй, гаспадыня.— Чакаеш-жджэш свайго каралевіча, а пасля азірнешся — ужо і таго самага Кіма Курловічавага няма, даўно дзецьмі абсыпаўся.
Пастаялка падхапілася з зэдліка, узмахнула рукамі, крутанулася па хаце, бы ў вальсе, праспявала:
— Не адпявайце мяне, цётка Люба, не адпявайце! Пра мяне ў дзетдоме яшчэ казалі, што я — адпетая! Мне ваш Кім такой свінні не падкладзе! Ён мурзаты шафёр? Дык я зраблю з яго каралевіча! Зраблю, цётка Люба! Як са сваіх вучняў раблю паэтаў і мастакоў, інжынераў і ўрачоў, так і з яго зраблю сабе каралевіча... Калі толькі ён хоць на што здатны, ваш Курловіч,— дадала для пераканаўчасці.
Гаспадыня засмяялася, заківала галавой:
— Ты, Віктараўна, зробіш! Хто-хто, а ты зробіш! Іш ты яе — адпетая...
Вось так яны ўпершыню пачулі адно пра аднаго. Не ўсур'ёз, а жартам. І маці Кімава, кажучы яму пра новую настаўніцу, не спадзявалася, вядома, што сын пачне падбіваць кліны пад яе. І Люба Міхалкава, згадаўшы тым вечарам Кіма, і ў думках не мела што-небудзь такое — проста ён і папраўдзе быў адзіным хлапцом на Чырвоны Бор. Сапраўдным хлапцом. Не засмэркам і не прыдуркам.
Але і жартаў тых хапіла, каб ён запомніў яе, а яна — яго. На тое яны і маладыя. Калі гаворыцца маладым пра маладое, дык любое слоўка, жартоўнае ці памяркоўнае, можа стаць і прынадай, і звадай. Акрамя таго, у кожным жарце, як вядома, ёсць і доля праўды, хоць макавінка. І тут шмат што залежыць ад таго, у якую глебу трапіць гэтая самая макавінка. Трапіць у сухі пясок — ссохне і сатлее. А калі ва ўробленую, шчодра сагрэтую сонейкам глебу? Буйным кветам расцвіце тады тая невідучая воку макавінка.
Такой прыдатнай глебай былі яго душа і яе душа. Даўно саспелі яны для кахання і гатовы былі прыняць у сябе ягонае зерне, буйное і плоднае. Але, але, яны прагнулі менавіта такога насення — буйнога, моцнага, імклівага. Даўно, калі і ён і яна былі яшчэ зялепухамі, ім падалося, што яны знайшлі такое зерне. Але тады іх падманулі. Хоць, можа, не так іх, як яны самі падмануліся.
Пасля сямі класаў ён пайшоў у восьмы — маці, нягледзячы на сваё слабое сэрца, наважылася вучыць яго далей, каб з гадамі ўбачыць сына студэнтам. Восьмы клас ён скончыў, паслухаўся, а ў дзевяты не пайшоў. Плакаў разам з маці, а — не пайшоў. Бо нечакана неяк адчуў сябе дарослым: убачыў, што маці б'ецца з апошніх сіл. Сам: ён і далей не зважаў бы на тое, што ходзіць у школу ў суконных бурачках і ў сцёганай ватоўцы — нібы не ў школу, а ў лес па дровы, але знаходзіліся ўжо і тады такія, што пасміхваліся і нават здзекаваліся. А ў дадатак штогод трэба было плаціць за вучобу сто пяцьдзесят рублёў. І аднойчы ён выпадкова падслухаў, як маці прасіла ў аднаго чалавека пазычыць ёй тых сто пяцьдзесят рублёў. Яму стала вельмі шкада маці і адначасова чамусьці брыдка за яе, і ён тады ці не ўпершыню так востра адчуў, як гэта нядобра — падслухоўваць. І тады ж сказаў сабе, што ў дзевяты не пойдзе, а пойдзе ў калгас. Хоць бы напарнікам да трактарыста. Плугаром спачатку. Так і зрабіў, і пакуль ісці ў армію, меў правы не толькі трактарыста, але і шафёра. Тыя тры даармейскія гады былі ў яго нялёгкія. Працаваў ён як з нейкай зацятасцю. Маці ўжо спрабавала ашчаджаць яго ад работы, сяды-тады нагадвала яму пра кіно ці вечарынку ў клубе — сам ён забываўся на тое. Ці не з-за гэтай зацятасці ў рабоце і на дзяўчат не глядзеў. Ні разу, пэўна, як іншыя яго аднагодкі, не пратырчаў з дзеўкай дзе-небудзь ля плота ці на лаўцы пасля вечарынкі да самага ранку, ажно да той пары, калі пастухі ў поле займаюць. Такім ціхамірным і ў армію пайшоў і толькі там закахаўся. Укляпаўся па самыя вушы. І не ў каго-небудзь, а ў палкоўніцкую дачку. На другім годзе службы собіла яму вазіць камандзіра палка. Амаль штодня даводзілася забіраць яго з дому і адвозіць дадому. Было, што вазіў і палкоўніцкую жонку. А часам не толькі жонку, але і дачку, і сына. Сын быў малы, у пяты, пэўна, клас хадзіў, а дачка — студэнтка ўжо, хоць і першакурсніца. І такая прыгажуня, якой свет не бачыў. Ну, калі не свет, дык ён, прынамсі, не толькі не бачыў, але і не ўяўляў, што такія могуць быць. Кожны раз, сядаючы за руль, Кім і радаваўся і пакутаваў адначасова. Ён нават і не ведаў, дзе канчалася радасць і пачыналася пакута, ці наадварот, дзе канчалася пакута і пачыналася радасць. Бачыў яе — радаваўся, трымцеў увесь і бянтэжыўся, каб хоць нічым не выдаць сябе перад ёю, а найперш перад яе бацькам. А іншы раз убачыць, зірне — і так тужліва яму зробіцца, так заные сэрца ад безнадзейнасці, што лепш бы не ведаць і не бачыць. За паўгода, а мо і за ўвесь год, як ён вазіў яе бацьку, ён так і не рашыўся не тое што заікнуцца пра нешта такое, а нават загаварыць з ёю. А яна? Ці думала хоць калі-небудзь пра яго, ці здагадвалася, седзячы ў машыне, што наскрозь працінае яго сваімі падфарбаванымі вачамі? Хто яго ведае. Наўрад! А вось бацька, напэўна, здагадаўся, бо не было ніякай другой прычыны знянацку браць сабе іншага шафёра, а яго адправіць у роту. Больш ён палкоўніцкай дачкі не бачыў і паступова забыўся на яе, хоць яна доўга яшчэ, ужо калі і дома быў, прыходзіла да яго ў сны, прыбягала і ў думкі ў хвіліны мройлівай летуценнасці, але ўжо толькі як нешта нерэальнае, што было некалі і не было, як даўняя і забытая казка.