Выбрать главу

Пасля арміі ён застаўся ў Чырвоным Бары, застаўся насуперак усеагульнаму імкненню ў горад, а найперш — дзеля маці, здароўе якой за тры гады яго адсутнасці яшчэ больш пагорала. Зноў стаў рабіць у калгасе — шафёрам. Адно — паслухаў маці, пайшоў у дзевяты клас у вячэрнюю. Маці казала: «Пакуль не завёў сям'і, сынок, і пакуль я жывая — вучыся. Не ведаю чаму, і табе мо смешна, сынок, гэта слухаць, але здаецца мне — у вучобе твой лёс. Яно і ў сям'і прыдасца, Кімачка. Будзеш вучыцца, дык, глядзіш, і дзеўка лепшая знойдзецца, ужо і сам абы да каго не пахінешся...» Лёс не лёс, а паслухаў, і вось ужо скончыў, сёлета атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Маці падганяла адразу ж паступаць куды далей, калі не ў інстытут, дык у тэхнікум, ён ужо і завагаўся быў, думаў — мо і праўда паспрабаваць, падаць дакументы ў той жа інстытут механізацыі, але і бянтэжыўся ад такога, як самому здавалася, нахабства, бо разумеў, усведамляў, што вучоба ў вячэрняй дала яму няшмат, цягнулі там яго за вушы бязбоязна, дапісвалі за яго і дарошвалі, і калі б не рабілі гэтага, дык ці ляжаў бы ў яго ў шуфлядцы той самы атэстат. Вагаўся, але так і не паслаў дакументы. Парашыў пачакаць нейкага лепшага часу. Прынамсі, маці так сказаў. А дзяўчыны як да вучобы не знаходзілася, так і пасля вучобы. Той, вядома, да якой бы пахінуўся. Былі, каторыя, заўважаў, пахінуліся б і самі да яго, абы не адварочваўся, ды толькі ні ўсур'ёз, ні жартам не міргаў ім. Здаўна, сам не ведае калі, адклалася ў душы ўсведамленне, што чалавек ёсць чалавек, а быдла ёсць быдла і што, можа, найбольш гэтая розніца выяўляецца недзе тут, ва ўзаемаадносінах яе і яго, і што, каб цябе паважалі, трэба найперш паважаць сябе. Гэта ці не адзіны, так сказаць, участак жыцця-быцця чалавечага, дзе ягоная душа ад раздваення і растраення не набывае, а страчвае, паступова зусім спустошваючыся. У гэтым ён быў непарушны, і хлапечыя ці мужчынскія жартачкі, усялякія выхвалянні выклікалі ў яго адну брыдкасць. А маці, між тым, яго адмову падацца куды на вучобу зразумела і трошкі інакш. Маўляў, не хочаш вучыцца, дык тады, сынку, пара жаніцца. Маўляў, тады мо жонка паўплывае на цябе мацней, чым маці, яе мо паслухаешся хутчэй і хоць завочна, а будзеш вучыцца. Вось так. Не кіем, дык палкай. І няўтомна пачала перабіраць чырванаборскіх і нечырванаборскіх дзевак. І дайшла во, не спатыкнулася, да новай настаўніцы, хоць нават не ведае, як і зваць яе. Пэўна ж, не ведае! Так і не назвала па імені. Усё новенькая настаўніца ды новенькая настаўніца...

А яна закахалася ў дзесятым класе. З дзетдома нямногія пайшлі ў восьмы клас. Дзяўчынкі рассыпаліся хто куды, а хлопчыкі амаль усе ў школы фэзээн. У дзесяты ў гарадскую школу хадзіла ці не адна яна. І якраз той парою ў дзетдом прыслалі новага выхавальніка. Міхаіла Аляксандравіча. Маладога, прыгожага. Працаваць ён, мусіць, не любіў і не ўмеў, стараўся як мага больш спіхнуць на іншых. І часцей за ўсё — на яе. Але хіба тады яна разумела гэта? Яна па дзетдомаўскай завядзёнцы апекавала малых. Свае ўрокі паробіць і — да іх: гуляе з імі, сочыць і памагае, каб урокі зрабілі, работу розную з імі робіць. От новы выхавальнік і знайшоў сякеру пад лавай. Усё просіць ці даручае ёй то гэта зрабіць, то тое. А яна, дурненькая, і радая. Абы лішні раз яго пабачыць, пачуць. Здаецца, са скуры вылузалася б, каб толькі дагадзіць, каб спадабацца яму. І штоночы ў падушку плача: ні разу і ніколі ён не паглядзеў на яе так, як яна на яго, ні разу не заўважыў, што яна балеткі свае кожны вечар зубным парашком беліць і спаднічку чорненькую, у складачкі прасуе. Ні аб чым іншым яна ж і не думала — каб толькі ён хоць разок убачыў яе, усміхнуўся шчыра, а не дзяжурнай усмешкай старэйшага чалавека, настаўніка,— яна б і ад гэтага была на сёмым небе. Раней яна любіла дырэктара дзетдома Івана Васільевіча, настаўніка-матэматыка Антона Антонавіча, старшыню сельсавета Зарэцкага і інспектара райана Стрыжака. З паяўленнем Міхаіла Аляксандравіча ўсе яны ў яе вачах пашарэлі, страцілі ўсялякі глянец. І апранаюцца не так, і гавораць не так, і ходзяць не так, як Міхаіл Аляксандравіч. Калі і ёсць хто на свеце, каго можна любіць, дык гэта Міхаіл Аляксандравіч. І дарма, што яна начамі мочыць слязамі падушку. Усё роўна яна самы шчаслівы чалавек. Бо мае магчымасць бачыць яго, чуць яго, нават гаварыць з ім кожны, амаль кожны, калі папраўдзе, дзень. І больш ёй нічога не трэба. Анічагусенькі! Хай толькі Міхаілу Аляксандравічу будзе добра тут. Сытна, цёпла, спакойна. Пра тое, што ў яго ёсць ці можа быць жонка, не думала. Не магла думаць. Па той простай прычыне, што ў яго не можа быць ніякай жонкі. Сёння няма і заўтра не будзе. І паслязаўтра таксама. Некалі, няскора, можа быць, вядома, дык — тады тое і будзе. І не разумела нейкі час, як яе сэрца ад крыўды не разарвалася, калі аднойчы да Міхаіла Аляксандравіча прыехала жонка, і не адна, а з дачушкай. Сэрца ўсё ж неяк вытрывала, не разарвалася, затое ўвесь глянец з Міхаіла Аляксандравіча таксама сышоў. У той жа дзень і незваротна, бо — які ж ён малады і прыгожы, калі ў яго ёсць жонка і дзіця?