У інстытуце, у Мінску, хадзіла трошкі з адным хлопцам, з гістфака, але несур'ёзна. Выпадкова, на сумесным вечары адпачынку, пазнаёміліся. Схадзіўшы разы тры ў кіно, перасталі страчацца, не шкадуючы ні аб чым. Прынамсі, яна не шкадавала. Душа ў яе не страпянулася. А калі так, дык лепш — бывай, таварыш! А пасля было цаліннае лета і цяжкая сесія, потым піянерскае лагернае лета і «бульбяная» восень, і зноў цяжкія сесіі, дыпломная — хлопцы прайшлі міма. Ці яна міма іх, ці яны міма яе. І вось яна ў Чырвоным Бары. Пачула назву — і абрадавалася. Бо — прыгожая назва. Чырвоны Бор. Значыць, меднастволы, звонкі, пявучы, пчаліны і баравіковы бор. А засмуцілася, бо школка, хоць і сярэдняя, невялікая, месціцца ў трох звычайных вясковых будынінах-хатах. Ды тут жа і абрадавалася: завуч Карней Васільевіч, жонка дырэктара Марыя Міхайлаўна, якія сустрэлі яе, аказаліся людзьмі прыемнымі, разумнымі, душэўнымі. І цётку Любу ўпадабала. Мусіць, дарма на яе ў вёсцы нагаворваюць. Яна ж сама, лічы, гадавалася ў вёсцы, іхні дзіцячы дом — вясковы дом, і яна ведае, што ў кожным сяле ёсць адзін ці некалькі чалавек, што ходзяць у казлах адпушчэння. Невядома, з якой прычыны неўспадзеўкі пагаджаюцца ўсе, што той ці іншы чалавек павінен несці крыж няўдачніка, гультая, балбатуна, плеткара, і — усё тут, усім у вушы ўведзена, раз і назаўсёды завязана. А чалавек, між тым, і не надта адпавядае пушчанай яму ўслед характарыстыцы: і не такі ён пляткар, як здаецца, і не такі гультай, як думаецца. Нейкую такую людскую несправядлівасць угледзела яна і ў дачыненні да сваёй гаспадыні. Не такая ўжо і зласліўка цётка Люба. Вось гаротніца — гэта праўда. Дзеўка-векавуха. Адсюль і ўвесь гамон. Непрыязь да іх даўняя. Са старасвеччыны яшчэ. Калі была яна лішняй у сям'і. Калі глядзелі на яе скоса і бацька з маткаю, і брат з братавою, і дзеці іхнія. І шчасце ёй усміхалася зрэдзь часу тады, калі ў каго здаралася бяда. Памірала ў чалавека, скажам, жонка. От тады той чалавек і мог кінуць вокам на дзеўку-векавуху, і тады ішла яна на чужых дзяцей. Якое гэта было шчасце, ведала лепш за ўсіх толькі сама... От і на Любу Міхалкаву ўпаў, няйначай, водсвет той даўнейшай людской несправядлівасці. Прынамсі, яна, новая чырванаборская настаўніца, не адчула на сабе ні Любіпай зласцівасці, ні яе зайздрослівасці, ні сквапнасці. Хіба — наадварот. Яна пасля ўсяго свайго ранейшага жыцця ці не адаграваецца і ці не ад'ядаецца ў цёткі Любы. Гаспадыня ж во нават і хлапца ёй ужо нагледзела. Ну, калі не нагледзела, дык усё ж падказала. Глядзі, запамінай, ёсць такі ў Чырвоным Бары. Хоць адзін, ды ёсць. Мурзаты шафёр, але — і добры, і разумны, і працавіты. Што больш дзеўцы, якой дваццаць трэці год, трэба? Ай, цётка Люба, цётка Люба! З выгляду — сама прастата, а хітрасці вунь колькі! Хай мне той Кім Курловічаў і анігадкі, як палешукі кажуць, але ж усё адно — я яго запомніла ўжо...
Вось яна, тая макавінка, што жартам, але ўсё ж была закінута і ў яе душу, і ў ягоную. Самая што ні ёсць макавінка. Як на цвярозае вока, дык і невідочная. Але калі дзяўчыне дваццаць два, а хлапцу — дваццаць пяць, пра цвярозасць пагляду можна гаварыць толькі ўмоўна, і таму макавінку тую ўгледзелі абое, угледзелі і запрыкмецілі. Маўляў, хай ляжыць. Ёсць яна ці няма — сёння ўсё роўна, а заўтра... А заўтра тое і будзе.
Як бы там ні было, а сталася так, што праз гэтую самую макавінку яны, можна сказаць, аказаліся падрыхтаванымі да сустрэчы. Яны — гэта Кім і Валерыя. Шафёр і настаўніца. Зрэшты, лепш будзе сказаць, адразу ж назваць яе яшчэ і па бацьку — Валерыя Віктараўна. Бо ў вёсцы такое поўнагалоссе замацавался найперш за настаўнікамі і настаўніцамі. Любога іншага можна назваць проста Максімам ці Марыляй, дзядзькам Пётрам ці цёткай Любай, а вось настаўніка — толькі Пятром Іванавічам, бо інакш і ўцяміць цяжка, пра якога гэта Пётру ідзе гаворка: ці пра Пётру Івана Варэйкі сына, ці пра Тарановага Пётру, ці мо, урэшце, пра Пётру Гарэліка. А пра настаўніка ніхто і не падумае, бо проста Пётрам ён быць не можа, ён — Пётр Іванавіч ці Пётр Сідаравіч.