Выбрать главу

Дык вось, Валерыя Віктараўна і Кім да сустрэчы былі гатовы...

ТОЙ ЖА ВЕРАСЕНЬ ТАГО Ж ГОДА

Сустрэліся яны тым жа вераснем таго ж тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят дзевятага года. У нядзельку. У раённым цэнтры, за дзесяць кіламетраў ад Чырвонага Бору. Сустрэліся не ў сэнсе спаткаліся, пабачылі адно аднаго. Бачыліся яны, пэўна, і раней. У Чырвоным Бары. Але безадносна адно да аднаго. Кім неяк бачыў яе, праўда, здалёк, калі яна выходзіла з двара цёткі Любы, выпраўляючыся няйначай у школу, бо, нягледзячы на цёплы, сонечны, зусім летні дзень, была ў цёмным, зашпіленым на ўсе гузікі касцюмчыку. І яна аднаго разу, здаецца, бачыла яго, але таксама мелькам і здалёк, прытым ён сядзеў у кабіне; яна адно па машыне — новым «газоне» — здагадалася, што гэта ён, Кім Курловіч. А тут, у райцэнтры, яны не проста сустрэліся, а — пазнаёміліся.

Яна перахапіла ў цёткі Любы ажно трыста рублёў — пад першую зарплату — і апынулася ў райцэнтры з надзеяй сёе-тое купіць да восеньскай слаты на ногі ці на плечы. А ён трапіў туды, можна сказаць, без дай прычыны. Зранку ездзіў у Мінск — вазіў авёс на нарыхтоўку, і пашанцавала, управіўся рана, абедам быў ужо дома. Больш ехаць куды-небудзь не меркавалася, таму загнаў машыну на калгасны двор, забег дадому, перакусіў, пераапрануўся і высунуўся на вуліцу — нядзеля ўсё ж. А тут едзе Пецька Яскевіч, таксама з іхняга калгаса шафёр, толькі не чырванаборскі — з Селішча. Прыпыніўся, сказаў, што ляціць у раён да швагра, туды і назад, адна нага тут, другая там. Ліха яго ведае, чаго ён сеў да Пецькі ў кабіну. Як хлапчанё, якому пакатацца захацелася. А ў райцэнтры па-дурному правароніў Пецьку. Той паджгаў да швагра, а ён выскачыў ля чайной — мо піва ўдасца пакаштаваць. Дамаўляліся, што тут жа, ля чайной, Пецька і падбярэ яго па дарозе назад праз хвілін дваццаць. А мінула гадзіна, другая, а ні машыны, ні Пецькі. Вось ён і пайшоў у канец райцэнтра, на чырванаборскую паваротку, каб там — так дурню і трэба! — паспрабаваць сесці на якую-небудзь машыну ды пад'ехаць дадому. Прыйшоў, а там дзяўчына плот падпірае. Так сабе дзяўчына. У летнім квятастым плацейку. Рукі, ногі, усё іншае — як след, дарэчнае. І з тварыку — шмаргануў вачамі — таксама ў норме, а мо і вышэй. Валасы быццам і коратка абстрыжаны, не па-вясковаму, але не псуюць галавы, наадварот — аздабляюць. Ля ног, пад плотам, авоська ляжыць, у ёй нейкія папяровыя скрутачкі. Ага, значыць, таксама машыны чакае. Куды ж? Бліжэй Чырвонага Бору ці далей?

Не памаўза ён, вядома, не бабнік, але ж — салдатам быў, сорам дзевак баяцца. Не марудзячы лішне, запытаўся:

— Даўно чакаем?

— Ды ўжо,— азвалася дзяўчына.

— А куды, калі не сакрэт?

— Не сакрэт. Да Чырвонага Бору.

Тут ён і прыкусіў язык. Да Чырвонага Бору? Значыцца, гэта і ёсць яна, новая настаўніца? Непадобная, здаецца. Як ён бачыў, дык — і вышэйшая была, і быццам ямчэйшая постаццю, не такая кволая, што — перашчыкнуць можна. А можа, і яна? Тады ж касцюм на ёй быў, а тут во... Не, не яна. Маці ж казала, нейкая лупаватая, велікаротая быццам, а ў гэтай, здаецца, усё ў самы раз...

А дзяўчына, не даўшы яму дадумаць, сама папытала:

— А вам куды?

— Туды ж, куды і вам,— буркнуў ён.

Яна ўсміхнулася, і ён са здзіўленнем заўважыў, што ўсмешка ёй да твару, што ёй трэба часцей усміхацца. Усміхнулася дзяўчына, прамовіла, як праспявала:

— Так ужо і туды ж?

Ён хацеў усміхнуцца таксама, але яе ўсмешка збіла яго з тропу. Ён зноў успомніў матчыны словы пра тое, што новая настаўніца як засмяецца, дык робіцца прыгажэйшай. Успомніў і падумаў, што ўсё-такі гэта, мусіць, яна, хутчэй за ўсё — яна. І таму пацвердзіў сур'ёзна:

— Калі вам у Чырвоны Бор, то і мне туды ж.

Яна таксама сагнала з твару ўсмешку, стрэліла па ім вачамі і, сумеўшыся, сказала запытальна:

— А вы не Кім Курловіч?

Ён здзівіўся страшэнна: адкуль яна ведае? І разгубіўся, адказаў са спазненнем: