Выбрать главу

— Ён самы.

Яна, пэўна, заўважыла, што ён здзівіўся ці разгубіўся, і паспяшалася растлумачыць:

— Вы не здзіўляйцеся. Мне пра вас цётка Люба гаварыла. Мая гаспадыня. Казала, што на новым «газоне» ездзіць Кім Курловіч, адзіны на ўвесь Чырвоны Бор хлопец. Дык я і падумала...

Ён маўчаў, не ведаючы, як яму паводзіць сябе з ёй. Дзяўчына-то яна дзяўчына, але ж акрамя таго настаўніца. Ён, вядома, не школьнік, аднак жа і... не раўня.

Яна ж зразумела яго маўчанне па-свойму і, зрабіўшы крок да яго, падала руку:

— Будзем знаёмы. Мяне ў школу да вас прыслалі. Зваць — Валерыя Віктараўна. Ой, даруйце, проста — Валерыя. Гэта ў школе ўсе Віктараўна і Віктараўна...

Ён узяў яе руку ў сваю і зноў збянтэжыўся, што яна такая дзіцячая, тонкая і мяккая, мармытнуў:

— Я ведаю... Мне мама казала...

— Мама? Што казала? — цяпер ужо здзівілася яна.

— Што да нас прыехала новая настаўніца. Яна вас у краме бачыла аднойчы...

Яна ўсміхнулася і як страсянулася ўся, сказала:

— А я... А мне аж горача стала... Што, думаю, ваша мама сказаць магла? Хто мяне ўжо тут ведае?

Нейкі час яны маўчалі, робячы выгляд, што ўглядаюцца ўдалеч, адкуль магла паказацца чаканая машына. Зрэшты, пра што яшчэ маглі яны гаварыць? Пакуль што іх звяла толькі дарога. І гаворка неўзабаве вярнулася зноў да дарогі.

— Ці даедзем мы на чым-небудзь? Даўнавата стаю, а — ніводная машына не праехала,— азвалася яна.

— Не даедзем, дык дойдзем,— сказаў ён.

— А колькі тут ісці? Дзесяць кіламетраў?

— З добрым гакам,— пацвердзіў ён.

— То, можа, пойдзем, пакуль відна? Па дарозе галасаваць будзем,— прапанавала яна.

— Пойдзем. Наўрад ці што выстаім сёння ўсё роўна. Нядзеля, машын мала,— пагадзіўся ён.

Яна падняла з травы авоську і ступіла на вуліцу. Ён ступіў услед за ёю.

Дзень хіліўся к вечару. Сонца, і днём не надта зыркае, хоць яшчэ амаль па-летняму спякотнае, цяпер было і зусім бы ў тумане, але ўсё яшчэ грэла. Вецер не варушыў нават ліста на пабурэлым, ужо крыху абабітым дажджамі і вятрамі вішанніку за платамі абапал вуліцы. Было ціха, цёпла і трошкі маркотна наўкол. У паветры вісеў не то дым, не то пыл і пахла цёплай гаркотаю. Гаркота адчувалася нават на языку.

Яны моўчкі прайшлі вуліцаю і выйшлі ў поле, на дарогу. Пад нагамі не шапацеў, а мякка пыхкаў з-пад падэшваў лёгкі шэры пыл, тоўсты пласт пылу ляжаў на траве ўздоўж абочын, на прыдарожных лазняках і альшэўніку. Шлэпаць па гэтым мяккім і, пэўна ж, цёплым, як на нядаўна згаслым вогнішчы, прысаку было не надта прыступна, але яны не сыходзілі на сцежку, што вілася на ўзбочыне. Сцежка была вузкаю, ісці там трэба было б адно за адным, а ні ён, ні яна не хацелі ісці паперадзе. Хай сабе пыл, хай непрыступна, надакучліва, але затое побач, а не цугам. Яны ішлі і маўчалі.

Неўпрыкмет падняліся на пагорак, спусціліся ўніз, зноў пагрэбліся ўгору. Маўчанне прыгнятала. Кім ужо ці не пачынаў злаваць. Чаго, каб хто спытаў, падахвочвалася тады ісці? Трэба было падпіраць там плот і маўчаць. Ён жа не ведае, пра што з ёю гаварыць. Каб абсмяяла? А можа, яна ўхапілася за яго толькі як за праважатага, каб не боязна было, калі раптам ацямнее ў дарозе? Вядома ж! А ён, дурань, злуе! Але ж ён, хай і не раўня ёй, чалавек усё ж. Ён жа не набіваецца ва ўхажоры! Дык чаго губы надзьмула, закапрызіла?

Злаваў Кім і не ведаў, што нічога такога ў Валерыі Віктараўны і ў паміне не было. Ёй проста хораша было ісці вось так, моўчкі, у гэтай цішыні і цеплыні, слухаць мяккі шоргат сваіх і яго крокаў і пад гэтае мернае шапаценне думаць пра сябе, пра Чырвоны Бор, пра сваіх дзяцей-вучняў, якіх, здаецца, паспела палюбіць ужо. а заадно трошкі і пра гэтага самага Кіма Курловіча, які, апусціўшы галаву, унурыўшыся, валюхаецца побач і не падае голасу, як вады ў рот набраўшы. А пасля спахапілася, падумала пра тое, што маўчанне яго зразумелае, бо яна ж — настаўніца, а ён — шафёр, і ўсміхнулася ў душы з гэтага дурноцця, і захацелася ёй паназаляцца, паздзекавацца з гэтага нехлямяжага і, пэўна ж, добрага хлопца, але пасля схамянулася, што гэта будзе брыдка, непрыстойна, што яна павінна быць вышэй гэтага. І яна трасянула валасамі, бо адкідваючы іх назад, адкрываючы высокі і чысты лоб, зірнула збоку на спадарожніка і сказала:

— Даруйце, Кім, я маўчу, задумалася, сябровак сваіх успомніла, і вы маўчыце... Раскажыце што-небудзь!

— А што расказваць? — неахвотна азваўся ён.

— Што-небудзь... Пра Чырвоны Бор, пра людзей вашых, пра мясціны навакольныя...

— Што пра гэта расказваць? Вёска як вёска, і людзі як людзі, як усюды,— ахвоты гаварыць у яго не паяўлялася.