— Так... Гэты прадмет заўсёды жанчыны выкладаюць.
Яна засмяялася:
— Ну і дыпламат вы! Жанчыны выкладаюць і фізіку, і геаметрыю... А вось наконт чаго хочацца запярэчыць, дык гэта наконт таго, што літаратура — прадмет. Які ж гэта прадмет, калі гэта — жыццё і чалавек? Не, лепш будзе так: чалавек і жыццё? Які ж прадмет — Андрэй Лятун, Ванька Разанскі? А дзядзька Антось з яго клёцкамі? А Лабановіч з Ядвіськай? А Кандрат Назарэўскі? А Гусляр? А Рыбка Алесь? Усё гэта жывыя людзі, хоць і жывуць яны ўсяго толькі на старонках кніг. Які ж гэта прадмет?
Ён маўчаў. Ён не хацеў яе пакрыўдзіць. Усе ж так гавораць. Школьныя прадметы... Аказваецца, літаратура — не прадмет. Літаратура — гэта чалавек і жыццё... А як падумаеш, дык і праўда. Ён жа таксама помніць і Кандрата Назарэўскага, і Лабановіча, і Андрэя Летуна, усіх, пра каго чытаў. Вядома ж, чалавек і жыццё. Ён жа, калі чытае кніжку, забываецца, што ўсё гэта не наяве адбываецца. Як чытае, дык, здаецца, і сам ён у тым сяле ці ў горадзе, пра якія ў кніжцы гаворыцца, сярод тых людзей, якія там, у тым сяле ці ў горадзе, жывуць, і хочацца яму аднаму чалавеку падказаць, каб ён не верыў таму бандыту, а другому ў морду даць, каб больш не рабіў так... З прадметам ён, вядома, апраставалосіўся, яна, чаго добрага, і ўсердавала...
— А вы любіце чытаць?
Ён схамянуўся ад гэтага яе пытання, але адказаў спакойна, шчыра:
— Люблю.
Чытаць ён сапраўды любіць. У яго ў машыне заўсёды ёсць кніжка. А як жа! Мала дзе чакаць даводзіцца, дык што тады рабіць? Храпака задаваць, як некаторыя? Не, ён лепш кніжку пачытае. У клубнай бібліятэцы ці не ўсё цікавае перачытаў. Як прыходзіць туды, дык Ніна Капацэвіч, бібліятэкарка, ужо і не ведае, што яму даваць.
— А што вы любіце чытаць?
— Усё... Цікавае...
Ён зноў ці не пачынаў злаваць. Ну, што яна пытаецца ўсё? Хіба на гэта адным словам адкажаш? Любіць ён чытаць раманы. Ну, яшчэ — аповесці. Любіць тоўстыя кнігі. Каб доўга чытаць. Каб зжыцца з тымі людзьмі, сачыць за імі, думаць разам з імі, перажываць за іх. А тонкія яму не надта даспадобы. Толькі захопішся, а ўжо і канец. Цяпер, праўда, меней чытае, бо восенню, як і летам, работы шмат. А прыйдзе зіма, зноў возьмецца.
Яна, пэўна, угледзела на яго твары цень крыўды ці засмучэння, бо сказала:
— Вы не крыўдуйце, калі ласка. Я, можа, і праўда па-школьнаму вас распытваю... Як на ўроку... Ведаеце, надта ж хочацца паказаць, што я настаўніца! — сказала і засмяялася.
Ён таксама засмяяўся. І ад таго, што смяялася яна, і ад нясмелай згадкі, што яна ўсё ж спачатку дзяўчына, а пасля ўжо — настаўніца.
Ішлі яны няспешна. Каб хто збоку паглядзеў на іх, то мог бы нават падумаць, што яны не ідуць куды-небудзь, а проста прагульваюцца, шпацыруюць. Зрэшты, яны і шпацыравалі, калі папраўдзе. З самага пачатку, як выходзілі з райцэнтра, яны пайшлі памалу, са слабай, але ўсё ж надзеяй, што іх дагоніць якая-небудзь машына. А пасля ўсчалася гаворка, якая яшчэ больш, пэўна, запаволіла іх хаду. Але ні ён, ні яна не зважалі на гэта, недзе адразу пагадзіўшыся з тым, што скора ці не скора, а дома яны будуць.
Пасмяяўшыся, яна прапанавала чытаць вершы.
— Давайце, Кім, чытаць вершы. У дарозе гэта найлепшы занятак. Вы любіце вершы?
Ён аднекваўся:
— Не люблю... Не надта...
Яна горача спрачалася:
— Не веру! Няма такіх людзей, якія б не любілі вершаў. Паэзіі. А калі ёсць, дык — бедныя гэта людзі! Так што вы на сябе не нагаворвайце. Прызнайцеся, любіце?
Ён маўчаў. І тады яна дакорліва паківала яму пальцам:
— Ага, аказваецца, любіце. Маўчанне — знак згоды. Вось і чытайце. Тое, што памятаеце.
Ён ліхаманкава прыкідваў, успамінаў, што ён і калі чытаў, на памяць нічога не прыходзіла, ён ведаў, што калі б нешта і ўспомніў, дык усё роўна прачытаць не зможа, хоць і праўда любіў асобныя вершы. Любіў «Новую зямлю» Якуба Коласа — мог чытаць раздзелы з паэмы па некалькі разоў, асабліва «Раніцу ў нядзельку». Любіў верш Пушкіна пра засохлую кветку сярод старонак кнігі — некалі выпадкова прачытаў яго і запомніў. Трывожыў яго, хоць і не разумеў чаму, верш Максіма Багдановіча «Не кувай ты, шэрая зязюля...» і доўгі верш Лермантава «В полдневный жар в долине Дагестана...». Расчульваўся да слёз, калі чытаў «Баладу пра чатырох заложнікаў» Аркадзя Куляшова...
А яна падганяла, нібы школьніка:
— Ну, калі ласка. Што ўспомнілі? Якога паэта? Ці мо вы саромеецеся?
— Не памятаю... Ды і саромеюся,— прызнаўся ён.
Яна хітнула галавой, сказала:
— Дарэмна. Шкада. Я люблю слухаць вершы. І чытаць люблю, але больш — слухаць. Паэзія нараджалася вусна і доўгі час успрымалася вусна. Паэзія — гэта музыка. А яе лепш слухаць... Тады я вам пачытаю, добра?