Вяселле скончылася, госці разышліся, нават і тыя, што заседжваюцца больш, чым трэба, хоць і былі запрошаны не як самыя дарагія, і засталіся яны ў хаце ўтраіх — Валерыя Віктараўна, Кім і маці. Засталіся ўпершыню ў новай для ўсіх якасці — жонкі, мужа, свякрухі. І з гэтае прычыны ўсе трое былі як бы збянтэжаныя, сарамлівыя і нерашучыя — крышачку падобныя на ацверазелага чалавека, што шчыра абяцаўся не піць, ды вось, як на тое ліха, не стрымаўся. Што рабіць, што гаварыць, як павесці сябе — каб жа знаццё! Бо — раптам не так, раптам не тое?
Як і належыць, першай падала голас маці:
— Ну што, хоць і позна, а трэба варушыцца, хоць збольшага са сталоў прыбраць... А вы, дзеткі, каб не заміналі, пагуляйце. Усё адно, пакуль я тут таўчыся буду, не заснеце...
Але дзеці дружна адмовіліся і ўзяліся памагаць маці. Утраіх яны досыць хутка пазносілі ў першую хату недаедкі са сталоў, паскідалі ў тазы і ў балею брудны посуд, павыносілі на падворак пазычаныя ў суседзяў сталы і лавы. Потым Валерыя Віктараўна падмяла падлогу, а маці дастала з шафы, адсунутай да грубкі, прасціны, падушкі і коўдру і паслала пасцель.
— Усё, дзеткі,— сказала на адыход.— На сёння хопіць. Лягайце, бо і так як на нагах трымаецеся. Ад аднаго тлуму можна ачмурэць. Зачыняйцеся і лягайце. А я пайду, пагляджу, што там на двары, ці ўсё назачыняна-пазакрывана, а тады ўжо і сама прылягу...
І сапраўды пайшла на двор. Пахадзіла па падворку, тузанула за дзверцы, ці зачынены склеп — там жа яшчэ нямала яды ўсякай, каб жа каты часам не ўлезлі, падышла да хлява, паслухала, як дыхае кароўка, прайшлася па сцежцы між град пад пуню, пастаяла там, паслухала веснавую ноч — за рэчкаю, на аселіцы, ужо, падалося, цёхкаў салавей, хоць і нясмела пакуль. У хату вяртацца не спяшалася. Не ішлося ёй у хату. Не патрэбна яна там. Хай дзеці пабудуць адны. Зусім адны. А яна насядзіць во тут, на парожыку расчыненай варыўні. Пасядзіць, падумае, а мо і падрэмле. І з яе хопіць. Колькі ёй, старой, трэба таго сну! Як зайцу. На адно вока. А яны хай паспяць. Яна сваю работу зрабіла, здаецца. Як умела, як змагла, так і зрабіла. І калі што не так, дык ні перад кім ёй не сорамна. Адно — перад самой сабой. Бо няма ў яе нікога. Ні бацькі з маткаю, ні брата з сястрыцаю, ні мужыка. Адна яна на свеце. Яна і сын. А цяпер во, дзякаваць богу, і нявестачка...
А работу яна мае на ўвазе не сённяшнюю і не ўчарашнюю. Усё жыцейка сваё мае на ўвазе. За яго ёй, Кацярыне Курловічавай, не сорамна. Змалку працавала. Мала гуляла, мала вучылася, усё больш рабіла і рабіла. У таты з мамай, у калгасе, а пасля ў свякрухі са свёкрам. Добрыя былі людзі, хай ім зямля пухам. І Вінцук іхні, чалавек яе, добры быў. Спакойны такі, ласкавы, ніколі яе інакш не зваў, як Кацюня. Усё Кацюня ды Кацюня. І дома, і пры людзях. Да вайны яе і ўсе пачалі былі зваць Кацюняй, а пасля, як загінуў Вінцук, забылася тое імя, Кацярынай стала, як і мае быць.
А Вінцук мог бы жыць ды жыць. Гэта ж яму цяпер было б усяго пяцьдзесят. Але, пяцьдзесят. Ён жа на чатыры гады за яе старэйшы. Па-дурному загінуў Вінцук, ні за што ні пра што. Ехаў на жарабку па сена, сядзеў сабе спакойна ў драбінах, ногі звесіўшы. А пры дарозе газеціна распластаная ляжала. І трэба ж было, каб вецер тую газеціну падхапіў. А жарабок пудлівы быў. Як ірвануўся, як панёс — утрыму не было, калёсы разнёс, і Вінцуку ці то колам, ці воссю па галаве. Пажыў яшчэ два дні, падыхаў, але да памяці так і не прыйшоў, памёр. Перад самай вайной, за тыдзень нейкі. Кіму сем гадкоў якраз споўнілася. Разумеў ужо, што татка памёр, абнімаў яго ў труне, плакаў, бедненькі. Думала, будзе памятаць бацьку. Але неяк спыталася колькі гадоў назад, дык — цьмяна, кажа, быццам помніць, а быццам і не.
А ў вайну і бацька з маткай галовы злажылі, і свёкар са свякрухаю. У адну і тую ж блакаду. А яна з Кімачкам уратавалася. Яна як прадчувала што, не пайшла тады разам з усімі ў сяло, засталася на балоце з маладзейшымі, з хлопцамі і дзеўкамі. І тыя, што пайшлі, усе на кулю нарваліся, а яны ў балоце адседзеліся. Праўда, ёй так не абышлося, балота тое адгукнулася ёй. Праз колькі гадоў косці ёй пачало круціць і сэрца балець. Дактары пасля вайны прызналі раматус і парок сэрца. Лячыцца казалі і адпачываць, есці смачней, сытней. Як у насмешку якую казалі. Да лячэння ёй было і да адпачывання, калі засталася з дзіцем, у чым былі.