Выбрать главу

Але дарма. Цяпер во дык і пра ўсё тое можна сказаць, як Кім кажа: быццам было, а быццам і не было. Ды толькі ж — як гэта, быццам не было? Не! Было! Усё было. І тое нават, што і не думалася, што будзе. І рыдлёўкамі поле ўскопвалі, і кароўкамі аралі, і на сабе плуг цягалі, і дроўцы на плячах з лесу насілі, і ў жорнах да пацямнення ў вачах малолі. І босыя хадзілі, голыя, абдзёртыя. І ад каросты не маглі ўратавацца, ад клапоў і вошай тых... Ого, не было! Усяго было...

Памятае, прадала парасят і купіла Кіму касцюмік картовы. Ён тады ўжо ў шостую групу бегаў. Дык жа не вучыла, а сам даўмеўся — толькі ў школку адзяваў. Са школкі прыбяжыць, яго здыме, а зрэбныя штанцы і кашульку ўсчэпіць і бегае. Гэтак шкадаваў. А яна ж і не вучыла. Сам бачыў, што няма адкуль узяць.

А вучыла яна, каб работы не цураўся. Каб разумеў, што чалавек без работы — не чалавек. Няма такога чалавека. Каб людзей паважаў. І каб верыў, што заўсёды добрых людзей больш, чым благіх. Заўсёды і ўсюды. Што свет на добрых людзях трымаецца. І тады, калі бяда ці гора, і тады, калі радасць у хаце. Што з благім чалавекам свет пройдзеш, а назад не вернешся. І чэснасці вучыла. Што хлеб чэсны — не прэсны. Што чэсны чалавек спіць спакойна і што душа ў яго надзейная, не мітуслівая.

А яшчэ наказвала вучыцца. Сама яна скончыла сваёю парою пяць класаў. Далей бацька не пусціў. Сказаў, досыць дзеўцы і такой грамаці. А яна ж вельмі хацела вучыцца. Плакала, прасіла, ужо і матка на яе бок стала, ды бацьку не ўламалі. Упёрся — не і не. Хлопца пускаць у навуку — куды ні ішло, а з дзеўкі ніякага толку не будзе, адно сапсуеш, пасля сама рада не будзе. Тое хаценне яе, прага да вучобы засталіся з ёю на ўсё жыццё. І калі ўжо ёй не ўдалося, парашыла, што сына вывучыць. На інжынера, настаўніка, доктара — на каго захоча. А Кім узяў ды пасля восьмага класа пайшоў рабіць. І ўпрошвала, і біць спрабавала — не пайшоў у дзевяты. Адно паабяцаў, што дзесяць класаў скончыць, не цяпер, дык пазней, а, сказаў, атэстат атрымае і далей пойдзе вучыцца.

Цяпер-то яна ведае, чаго ён тады сарваўся з вучобы. А тым часам даўмецца не магла. І крыўдна ёй было, што не расказаць нікому. Гэта ж крыжам клалася, каб хаця сын вучыўся, а ён такога коніка выкінуў! Але змірылася. Робіць, у чарку не глядзіць, нават і папяросай не цмыгае — то што ж хацець? Тры гадкі праляцелі — як адзін. А там і ў армію яго забралі. Гэтыя, армейскія яго тры гады ёй ужо доўгімі падаліся. Усё адна і адна — чаму ж не здоўжацца? А прыйшоў з арміі, дык паглядзела — мужчына зусім, якая ўжо яму вучоба. І не напамінала. Пэўна, доля такая. А ён перазімаваў, вясну і лета перабыў, а восенню — у вячэрнюю. Дык у яе з радасці так сэрца затахкала, што, думала, з грудзей вырвецца. Паменела ў яе радасці, як пабачыла, што надта ж цяжка яму. Вядома, работа шафёрская — не салодкая. Паедзе раненька, а прыедзе позненька, а часта і абначоўвае ў дарозе. І ў далёкай, і ў блізкай, калі што-небудзь зломіцца ў машыне. Тады кукуе, бедны, на дарозе, пакуль помач якую знойдзе. Дзе ўжо тут, здавалася б, да школы? А ён не кідае, не! Падручнікі з сабою заўсёды ў кабіне вазіў. У школу няма як дапяць, дык у дарозе наганяе. Ну і, не будзе грашыць, настаўнікі памагалі. Яна ж ведае, не сляпая і не глухая была. От так, то бокам, то скокам, як кажуць, а скончыў. Яна думала, што адразу ў інстытут пойдзе. А чаму б і не? Што дваццаць пяць мінула, такой бяды. У студэнты і ў трыццаць бяруць. Жыць стала лягчэй, за вучобу не тое што плаціць не трэба, як раней, а яшчэ і стыпендыю плацяць,— чаму ж не вучыцца? А ён — не пайшоў. Прызнаўся неяк, што збаяўся. Здрэйфіў, сказаў. Гадок-другі падрыхтавацца трэба, сказаў, а тады завочна будзе вучыцца. Як сказаў так, яна і паверыла. Хай, людзі ж і завочна вучацца. Але тады — жаніцца трэба. І не абы з кім. Калі ўжо ў яго планы такія, то трэба жонку з прыцэлам браць. Яна баба вясковая, але петрыць, як яно лепей зрабіць. Возьме невучоную, дык і сама не гам, і яму не дам. А пашчасціць ухапіць настаўніцу ці хоць бы фельчарку, тая сама падштурхне: ідзі, мужанёк, вучыся! От яна і запрыкмеціла Валерачку.

Спачатку, вядома, мала на што яна спадзявалася, хоць настаўніца новенькая ёй спадабалася. Гэта яна знарок сказала, што і лупаватая, і велікаротая, і сякая-такая. Ім жа скажы адно, дык зробяць другое. Асабліва калі да дзеўкі гаворка зойдзе. От яна і кінула прыпаду: і не надта каб, і бяжы, Кімачка, бо перахопяць! А ён і папаўся, галубок. Як сказала першы раз пра новую настаўніцу, дык з хаты ўцёк. А як пачалі гаварыць, што праводзіў яе і сетачку падносіў, дык яна вазьмі і спытайся, ці праўда тое. Ён, бы дзеўка, пачырванеў, але не выскачыў ужо з хаты, так, нібы нічога такога, сказаў, што ніхто нікога не праводзіў, а з раёна разам ішлі. Балбочуць людзі абы-што, сказаў.