А яна падумала: то і добра, што балбочуць. Гэта ж і да яе, галубкі, дойдзе, і ёй на душу лішні раз капне, што ёсць у Чырвоным Бары Кім Курловічаў. А кропля, кажуць, і камень дзяўбе. От хай тыя кроплі і капаюць.
І ўсё ж, руку на сэрца паклаўшы, не спадзявалася яна на такі зыход. Не спадзявалася найперш таму, што нехлямяжы дужа яе Кім. Надта ўжо спакойны, памяркоўны, разважлівы, а то і сарамлівы. Дзеўкам такія не падабаюцца. Ім трэба, каб хлопец калі і нораў свой паказаў. Баба, хоць і вучоная, ёсць баба. Таго, хто ходзіць услед заўсёды паслухмяным, глядзі што і неўзлюбіць. Ёй, дай веры, захочацца, каб гэты паслухмяны і сарамлівы, калі ніхто не бачыць, і да плота яе прыціснуў, праводзячы. А як жа! А яе Кім наўрад ці адважыцца на такое. Пабаіцца. Ён вунь які мацак, а яна — саломінка. От і пабаіцца дакрануцца, каб знячэўку не зламаць.
Зрэшты, пра тое яна ўвогуле дарэмна думала, бо ён доўгі час і ў той бок не глядзеў. Чыста баяўся яе, і ўсё тут! А думаць дык думаў пра яе. Яна, матка, здагадвалася. Бо яго кожная драбязінка выдавала. Яна знарок абы-што скажа пра Валерыю Віктараўну — быццам бабы на сяле гаварылі, а ён адразу наструніцца, вушы натапырыць, хоць і не павернецца, не перапытае. Дык яна па-сміхнецца сама сабе цішком і галавой пакруціць: папаўся, бедненькі, улюбіўся. Пэўна ж улюбіўся. Улюбіцца-то ўлюбіўся, але кніжак не цураецца, кожную вольную хвіліну чытае. І піша штосьці, і задачкі рашае. Аднойчы ж у школу сабраўся. Яна, быццам проста так, папытала, чаго, па якой патрэбе. На кансультацыю, сказаў. Праз нейкі час — зноў туды ж, на кансультацыю. А назаўтра пайшла яна вады прынесці і ля калодзежа сустракае Надзю Тарыку, а тая і кажа: «Чаму ж і ты не прыходзіла ўчора ў школу? Там жа вечар быў. Дзеці вершы чыталі. Конкурс Валерыя Віктараўна праводзіла, хто лепш за ўсіх верш прачытае. І каб самі бацькі ацэньвалі. Дык там не толькі бацькі, а ўсе, хто хацеў, папрыходзілі. І Кім твой быў... Гэтая Віктараўна — агонь-дзеўка! Ніколі ж такога ў школе не рабілася...» От, значыць, якая кансультацыя, здагадалася яна. І зарадавалася: то і добра!
А неўзабаве і Новы год надышоў. У клубе Валерачка надумала правесці навагодні баль. Такога ў Чырвоным Бары таксама яшчэ ніколі не было. Дзеці канцэрт зрабілі. Потым танцы пачаліся, а ў перапынках паміж скокамі гульні розныя. І мужчыны, бабы ў тыя гульні, бы дзеці, гулялі. А пад канец, перад тым як разысціся Новы год сустракаць, усе пачалі ў шарыкі з дзіцячага наганчыка страляць. Кім панавешваў пад столлю надзьмутых шарыкаў ну штук трыццаць, калі не больш. І от хто ў шарык пацэліць, шарык пшыкне-лопне, а з яго паперка долу падае. На паперцы нумар напісаны. Па тым нумары Валерачка выйгрыш выдае, а выйгрышы такія, што ўсе за жываты хапаюцца. Адзін выйграе шаўковую стужачку, другі — дзіцячую соску, трэці — пеўніка-свістульку, чацвёрты — шпульку нітак, пяты — расчоску, шосты — збанок двухлітровы... Рогату было — клуб тросся.
Да дванаццаці ўсе ў клубе таўкліся. А пасля хто ў якую кампанію разбрыліся. Кім яе трапіў у кампанію да настаўнікаў. Валерачка, яшчэ адна настаўніца, Ніна Аляксандраўна, таксама маладая, але ўжо замужняя, аграном яе ўзяў колькі гадоў назад, ладзілі тыя гульні ў клубе. Яны і папрасілі Кіма ў памагатыя, бо тыя самыя шарыкі пад столлю самі не маглі ж павесіць. От пасля ўсяго яны і забралі Кіма з сабою, у сваю кампанію. Там, казаў пасля, і старшыня калгаса з жонкаю быў, і старшыня сельсавета, і фельчарка. Гулялі яны ў школе, у складчыну. Жанчыны папрыносілі хто што з закусі, а мужчыны — па бутэльцы,— такая ўжо завядзёнка была, хоць і благая.
Яна не ведае, ці позна яны там вячэралі, ці на скорую руку. Яна як пайшла з клуба, дык неўзабаве і спаць лягла. І не чула, калі Кім прыйшоў. Ведае толькі, што ў клубе зноў танцы былі, і позна, ці не да трэціх пеўняў. І здагадваецца, хоць сын нічога такога і не расказваў, што ці не той ноччу, пасля ўсяго ўжо, быў Кім з Валерачкай. Мусібыць, быў. Бо, заўважыла, іменна пасля тае начы навагодняй перастаў ён баяцца Валерыі Віктараўны, не абыходзіў яе за тры вярсты, а нават быццам пару разоў заходзіў у хату да Любы Міхалкавай браць у яе пастаялкі нейкія кніжкі.