Але каб што нейкае пачалося між імі пасля Новага года, дык не сказала б. От проста пазнаёміліся бліжэй ды трошкі паабвыклі адно да аднаго. Як аднавяскоўцы. У сяле ж іначай і няможна. Усё адно, хоцькі-няхоцькі, а ўсе адзін пра аднаго ведаюць. Так і яны. Бо каб што такое, дык у сяле б заўважылі і на язык узялі б. А пра іх, Валерачку і Кіма, не надта пляткарылі.
Так, у няпэўнасці, студзень мінуўся, а пасля і люты. А ў сакавіку недзе Кім павёз дзяцей у Мінск на экскурсію. У кузаве лаўкі спецыяльныя зрабілі, і больш чым дваццаць вучняў на іх расселася. А ў кабіне разам з Кімам — Валерачка, вядома, бо хто б яшчэ, каб спыталі, мог бы дадумацца да той экскурсіі! І вось ужо з Мінска Кім яе вярнуўся не такім, якім паехаў. Радасны вярнуўся. Нешта між імі там адбылося. Ці што зрабіла, ці сказала, а толькі ж зразумеў ён, што і ён, Кім, для яе не пустое месца. Хіба ж яна не бачыла? Якая гэта матка не заўважыць таго, што ў сына з дзеўкай на лад ідзе? Кожная заўважыць!
Ды ён усё роўна цямця-лямця быў, яе Кім. Ужо і сустракацца пачалі, ужо зноў па сяле гаворкі пайшлі, што Кім з Валерыяй Віктараўнай раман піша, а ён, мусіць, ні словам, ні рукам волі не даваў. Пэўна ж не даваў! Бо скончылася ж тым, што не ён ёй, а яна яму прызналася, што любіць яго. От гэта дзеўка! Яна ж адразу запрыкмеціла, тады яшчэ, як пабачыла ўпершыню Валерыю ў краме на пачатку леташняй восені, што новая настаўніца дужа прыемная дзяўчына, на язык скорая, здатная з любым чалавекам пагаварыць, з кожным паразумецца. Дык яна і з Кімам яе не валэндалася. Ён жа ўсё яе на «вы» называў. Як што калі трэба, дык: Валерыя Віктараўна, ці можна вас папрасіць... ці зможаце вы... мо ў вас ёсць... Дык, гледзячы на такое, і яна да яго выкае. Праўда, Вікенцевічам не звала, проста Кімам, але — вы і вы. А як пачало пакрысе адтаваць яе сэрца, як пачала душа яе мякчэць, бачачы Кіма, пачала Валерачка да яго на «ты». Раз сказала, другі. А ён — быццам не чуе, усё роўна да яе: Валерыя Віктараўна, ці ёсць у вас... Нейкія кніжкі ўсё ў яе пытаў. Дык яна тады сама ўзяла лейцы ў рукі. Кім ёй, маці, не ўсё расказваў, вядома, так, збольшага, як тое адбылося, але ёй досыць было і таго, што казаў, каб разумець, што да чаго.
Яны тады ў кіно хадзілі. Кім ужо не таіўся, сказаў на адыходзе, што пойдуць у кіно. Дамовіліся, маўляў. Фільм цікавы, даўно хацелі паглядзець, дык сходзяць. Ідзі, сынок, ідзі, сказала яму моўчкі ўслед. Ці ж яна яго не пускаць будзе? Ды ці ж ён і прасіўся ў яе? Гэта ж сказаў ёй ад радасці. З душы прасіліся тыя словы самі: от, мама, ведай і ты, з ёй у кіно іду, не адзін, а з ёй! Пайшоў, а яна, дай веры, знячэўку падумала, што мо гэта і блага — так хацець гэтую самую Валерачку за нявестку, як яна хоча. Як падумае ды ўспомніць, дык усё ва ўсіх быццам наадварот было. Каго ні возьме, дык матка якраз была супраць нявесткі настроена. Дальбог жа! Нашто ж далёка хадзіць, калі і яе самую свякруха стрэла няласкава. Выгляду не падавала, пры людзях, пры Вінцуку нічым сябе не выдавала, лагоднічала нават, але ж яна, Кацярына, памятае, што неаднойчы лавіла на сабе яе злосны — калі не сказаць горш — позірк. Гэта пасля ўжо, праз год, як нарадзіўся Кімка, свякруха перамянілася, і вочы яе падабрэлі, і голас паласкавеў. А яна ж во, дай веры, сама хоча дзяўчыну ў нявесткі. Любіць яе. З першага разу ўпадабала. За што, дык, пэўна, і не скажа. Яно і паспрабуй скажы! Пра карову ці пра ката — і то не заўсёды скажаш, чым добрая ці добры. А ў іх жа служба адна. Шмат малака дае — значыць, добрая кароўка. Старанна мышэй ловіць — таксама, бясспрэчна, добры кот. А чалавек? З твару прыгожы, а душа подлая,— от і скажы, добры ён ці дрэнны? А то, бывае, і з твару ўдаўся, і душа — хоць да раны прыкладзі, а гультай несусветны — які чалавек, што пра яго скажаш? Але ўсё-такі ёсць нешта ў чалавеку такое, што адразу выдае, чаго ён варты. Ці то па вачах відаць, ці па голасе, ці па тым, як ён да другога чалавека падступаецца, як размаўляе з ім. А то і па тым, як ходзіць, як паводзіць сябе. Карацей кажучы, Валерыя Віктараўна прыйшлася ёй да душы. І вочы, хай сабе трошкі і зіркаватыя, добрыя, не мітуслівыя, на цябе глядзяць, а не міма. І твар не злы, не кіслы, а шчыры, адкрыты, даверлівы. І сама ўся рухавая, жывая, але не пудлівая, не знерваваная. І паходка не ганарлівая, але і не шалда-балда, не валюханне качынае. Па ўсім відаць, што чалавек добры, чэсны, надзейны. Ну, а што не дурны, дык і з аднаго слова відаць. Гэта ж каторай ці катораму досыць проста рот разявіць, каб пабачыць, што дурань. А Валерачка гаворыць, як песеньку пяе. Быццам і па-нашаму, па-вясковаму, усе слоўкі знаёмыя, родныя, а складзены і вымаўлены так, што быццам ужо і не нашы, простыя і свойскія, а кніжныя, вучоныя, прыгожыя. Слухала б, здаецца, яе і слухала б...