Выбрать главу

А тут раптам аб адным дні ўсё на скрут пайшло. Спачатку сонца як туманам ці нейкім мройвам ахуталася, а пасля і зусім зблякла і прапала. Потым ветрык павеяў, і ўсё нейк быццам знізу, снежны пылок метучы і закручваючы. А затым неўспадзеўкі пайшоў снег, і к вечару ўжо сапраўдная завіруха-мяцеліца паглынула спачатку прырэчныя кусты на аселіцы, потым яблыні за пуняй, а пасля і самую пуню.

Маці глядзела ў акно і бедавала, як жа заўтра Кім дабярэцца ў райцэнтр. Пэўна, замяце так, што ніякая машына не праб'ецца. Каб знаццё, дык можна ж было б учора паехаць ці хоць бы сёння зранку. А то ж во, дачакаўся — свету белага не відаць. Не стрывала, адчыніла дзверы ў другую палову хаты, сказала:

— Ці бачыш хаця, што на вуліцы робіцца? Як з хаты выберашся, завочнічак? І чаму лямпы не запальваеце?

— А мы нічога не робім. Лера прылягла, а я сяджу, гаворым. Што, ты кажаш, на вуліцы?

— Мяцеліца, сынок! Ды такая, што за ноч па вокны памяце.

Кім падняўся з ускрайку ложка, падышоў да акна, працёр пальцам шыбіну і нейкі час паўзіраўся ў гэтую працёртую — цямнейшую — плямку. Выпростваючыся, сказаў заклапочана:

— Сапраўды замяце. Давядзецца пяшэчкам тупаць.

— Тупаць! Не надта і патупаеш! Плесціся, сынок, давядзецца, а дзе і паўзці. Помніш, як у пяцьдзесят шостым, недзе такой жа парою?

— Ты ўжо другі ці трэці раз кажаш мне, мама, пра пяцьдзесят шосты... Я ж тады ў арміі быў!

— А хай яго! Але тады, недзе такою парою, так намяло, што сёй-той з хаты раніцаю не мог вылезці. Назаўтра дзеці з Зосінай хаты на санках каталіся. Проста са страхі. Туды, на Юлікаў бок. Зося ганяла, баялася, каб салому не садралі. У яе ж ці не ў апошняй хата пад саламянай страхой стаяла,— гаварыла, так і не пераступіўшы парога, маці.

З кутка, з ложка, цяжка азвалася Валерыя:

— Я казала, каб сёння ехаў. Як прадчувала. Прыехаў бы загадзя, уладкаваўся б без спешкі... А заўтра пакуль, як мама кажа, дапляцешся, дапаўзеш да раёна, дык у Мінск да вечара ці дабярэшся.

Кім супакоіў і маці, і жонку:

— Ды неяк будзе, не бядуйце вы. Маленькі, згіну ў дарозе?!

— Як Бядулевы дрывасекі! — у тон яму прадоўжыла Валерыя.

— Ага! Скручуся абаранкам і засну пад спеў мяцеліцы,— падхапіў Кім.

Маці прысароміла іх:

— От і дагаварыліся! Як дзеці, дальбог. Хіба ж можна пра такое? Ці ж гэта жартачкі? Я ж помню пра тых дрывасекаў. Яны ж замерзлі, загінулі. Я ж плакала, памятаю, як Кім чытаў пра іх...

— Мы пажартавалі,— падала голас Валерыя.

— Мы пажартавалі, мамачка,— дадаў Кім.

Маці махнула на іх рукой:

— Ат! Я ж і кажу — дзеці!

І прычыніла за сабою дзверы.

Кім пайшоў да грубкі, узяў на гзымсе карабок запалак, каб засвяціць лямпу, але яго ціхенька паклікала Валерыя:

— Кім, хутчэй сюды!

Ён падбег да ложка, схіліўся над ёй, спалохана прашаптаў:

— Што?

Яна пырснула смехам:

— Не бойся! Я хацела, каб паслухаў! Так біўся, што, думала, выскачыць! Во, зноў! Пакладзі руку сюды! — Яна намацала яго руку, прыклала да жывата.— Чуеш? Ну, чуеш?

Ён нічога не адчуў, але, не хочучы яе крыўдзіць, прашаптаў:

— Ага, чую. Штурх, штурх...

— А чаго ты шэпчаш? — пырснула жонка зноў.— Ты думаеш, ён пачуе?

— Ты ж таксама шэпчаш,— знайшоўся ён.

— Чаму ты мяне не пацалуеш?

— А за што?

— Як гэта — за што? Я ж табе сына нараджу! Сына!

— Гэта яшчэ як сказаць! А можа, дачку.

— Сына! Чуеш, як таўчэ матку пад бок?

— Я мяркую, што так і дзеўкі таўкуцца.

— Кім! Цалуй хутчэй, бо перадумаю і нараджу дачку!

— Здаюся!

Ён прыпаў да яе пульхных, як набрынялых, вуснаў і пацалаваў доўга, але мякка. А калі пасля дакрануўся вуснамі да яе вока, адчуў цёплую саланаватасць і здзівіўся:

— Ты чаго, Лера?

Яна павярнула галаву набок і сказала ў падушку:

— Як ты можаш ехаць, калі я не сёння-заўтра магу радзіць?

Перад тым як маці адчыніла дзверы да іх, яны гаварылі якраз пра гэта. Гаварылі таму, што ён засумняваўся, ці ехаць яму: маўляў, ліха з ім, з інстытутам, калі яна ў такім стане... Яна не дала яму дагаварыць, заціснула далонькай рот: маўчы, са мной мама, а ты едзь і ні аб чым не думай. І вось — на табе! Нават слёзы...

На хвіліну ён разгубіўся, але тут жа ўзяў сябе ў рукі:

— А хто табе сказаў, што я еду? Хто гэта ўзвёў на мяне такі паклёп?

Яна маўчала, цяжкавата дыхаючы. Потым прыпаднялася, ашчарэпіла яго за шыю, зашаптала проста ў вуха, аглушаючы яго: