— Кімачка, я дурная баба, не слухай мяне. На гэты раз не слухай! Я сама раскісла, і мазгі ў мяне раскіслі. І ты мяне такую не любі. А цябе я ўсё роўна люблю! І зраблю з цябе каралевіча!
— Слухай, Валерыя Віктараўна, па-мойму, я ўжо каралевіч!
Яна захліпнулася:
— Ты робіш велізарныя поспехі! Ты абганяеш мае самыя смелыя спадзяванні! Ідзі запальвай агонь, Праметэй!
Ён пайшоў да стала, запаліў кнот. Хацеў надзець шкло-комінак, ды пабачыў, што яно закуродыміла — пайшоў у першую хату ўзяць ручнік і выцерці альбо і памыць. Яна, лежачы на спіне, глядзела яму ўслед — ён выглядаў дзіўна вялікім пры цьмяным святле, высокім і шыракаплечым, сапраўдным асілкам-волатам, і ад прыліву цеплыні яна задыхала неглыбока і часта. І ад гэтага цеплыня захліснула не толькі яе грудзі, пакацілася прыемнай хваляй вышэй, да галавы. І тады яна як бы нырнула пад гэтую хвалю, апынуўшыся ў яе цёплых і лёгкіх сховах, памяць імгненна высвеціла ўсе паўтара года, пражытыя ёю ў Чырвоным Бары. Убачыла той жнівеньскі дзень, калі ўпершыню ішла вёскаю, што ўжо стала для яе блізкай і нават роднай. Убачыла свой першы ўрок тут, у Чырванаборскай школе — урок у восьмым класе, на якім прысутнічаў завуч Карней Васільевіч, і пачула, як ён сказаў пасля, што яму было прыемна і цікава сядзець у класе. Убачыла той вечар, калі сядзела з цёткаю Любаю ля грубкі і калі ўпершыню пачула пра шафёра Кіма Курловіча, з якога паабяцала гаспадыні ці мо сабе самой зрабіць каралевіча, жартам, вядома, паабяцала. Убачыла і бясконцую, пыльную дарогу з райцэнтра да Чырвонага Бору, на якой яна ішла з Кімам Курловічам, і трошачкі засаромелася ад той згадкі, бо паводзіла сябе тады яна зялепухай, выпіналася з усіх сіл ашарашыць хлопца, знішчыць яго сваёй начытанасцю і веданнем на памяць некалькіх тысяч вершаваных радкоў. Убачыла і тую паездку ў Мінск на экскурсію, калі яна канчаткова пераканалася, што ён шчыры, добры хлопец, спагадлівы да чужой бяды; (за сялом спыніў машыну, папрасіў дзяцей злезці, а сам нацягаў у кузаў некалькі ахапкаў саломы, і дзеці ў той саломе грэлі па дарозе ў Мінск ногі, а па дарозе дадому і самі спаўзлі з лавак і пазашываліся ў яе), і пагарнулася да яго, як да блізкай, роднаснай душы. Убачыла той дзень, калі ўпершыню выступала на педсавеце, выступала запальчыва, крыкліва, папракаючы ці не ўсіх агулам у апатыі, абыякавасці, шаблоннасці, адсутнасці ініцыятывы і пошукаў, і тое, як усе паапускалі галовы і аціхлі, а яна не здагадвалася, што аціхлі яны не толькі ад пачуцця віны, але і ад сораму за яе, саманадзейную зялепуху, якая, ці бачыце, адна здолела, змагла ўгледзець іхнія грахі і паспрабаваць паставіць іх на сапраўдны шлях і згадала, як Марыя Міхайлаўна спакойна, памяркоўна падзякавала ёй за шчырае, усхваляванае выступленне, пагадзіўшыся, што мо і праўда яны трошкі ўсе зашаблоніліся і што энергія і запал іх маладой каляжанкі Валерыі Віктараўны добра паспрыяюць ажыўленню дзейнасці іхняга калектыву па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.
Але найперш, вядома,— мо таму, што ён даў штуршок гэтай рабоце памяці — убачыла тыя дні і моманты, якія пазначаны яе дачыненнямі да Кіма.
Убачыла той дзень, правільней, ціхі зімовы світанак, які яны сустрэлі на нагах пасля навагодняга свята. Яны тады позна былі ў клубе — ці не да гадзін пяці. Пасля крыху пастаялі ля варот Любы Міхалкавай. Датуль, пакуль у яе не акалелі ногі. Тады яна папрасіла яго пачакаць, а сама пабегла і пераабулася ў цёткілюбіныя валёнкі. І потым моўчкі, амаль што моўчкі, хадзілі да світання па атуленай прысадамі дарозе між Чырвоным Борам і Селішчам. Ёй тады хацелася, каб ён абняў і пацалаваў яе, але і сама пасміхвалася з гэтага свайго жадання, разумеючы, што ён і ў думках не дапускае нічога падобнага. Смешна! Ён не дакрануўся да яе ажно да таго вечара, калі яна сама вымусіла яго сказаць, што ён любіць яе. Яна, вядома, і без таго бачыла, ведала гэта, але ёй, як, мусіць, і любой дзяўчыне, хацелася пачуць словы прызнання. Што зробіш, такая ўжо, мусіць, у іх, жанчын, натура. Ім мала адчуваць, бачыць і ведаць, ім трэба яшчэ, каб ім бясконца, штодня напаміналі, гаварылі, што іх любяць, кахаюць...
Убачыла яго і сябе тым днём, калі яны ўпершыню сталі блізкімі,— на другі дзень пасля вяселля. Кімава маці, якую яна пачала зваць мамай з таго дня, як яны разам прыйшлі да іх у хату, пасля вяселля, калі разышліся госці і яны збольшага прывялі да ладу хату, пакінула іх адных. Яна здагадалася, што свякруха зрабіла гэта знарок — каб не замінаць ім, каб не бянтэжыць іх. А яны... Яна папрасіла Кіма патушыць лямпу. Ён паслухмяна дзьмухнуў у комінак. Яна распранулася і лягла, бліжэй да сцяны, вызваляючы яму месца. Ён сядзеў ля стала і маўчаў. Тады яна паклікала яго. Нават не паклікала, а проста сказала, каб ён таксама лягаў спаць. Ён, не марудзячы, распрануўся і лёг. Лёг ціхенька, асцярожна ля яе, на спіну, і сцішыўся. Яна бачыла, што ён перажывае, адчувала па ягоным дыханні, што ён хвалюецца, і нечакана сама затрымцела ўся ў чаканні. Але ён маўчаў і не варушыўся. І тады ёй прыбегла думка, што любая дзяўчына заўсёды сталейшая за хлопца і што, значыць, слова ці ўчынак тут за ёю. Яна памкнулася да яго, хуценька пацалавала, шапнула: спі! І ён заснуў. Яна неўзабаве са здзіўленнем зразумела, што ён сапраўды заснуў. Яе хапіла на тое, каб супакоіцца і ўрэшце таксама заснуць... А іхняй была наступная ноч. І пасля тых хвілін уцехі ў яе засталося радаснае ўсведамленне таго, што ён — толькі яе, а яна — толькі яго і што ад гэтага часу так будзе заўсёды. І раніцаю, выходзячы ў першую хату, яна, вітаючыся з маці, пацалавала яе шчыра, моцна — за сына...