Убачыла яго тымі восеньскімі днямі, калі ён уцепліваў хату. Ён ужо ведаў, што яна зацяжарала, і сам, без матчынай падказкі, даўмеўся, што старую і таму халодную хату трэба ўцяпліць. З-пад гатара прывёз машыну пілавіння і засыпаў ім прызбу кругом хаты, з усіх бакоў. З Мінска прывёз некалькі трубак толю і абабіў знутры сцены, а пасля разам з ёю паклеіў іх шпалерамі. І ёй прыемна і лёгка было памагаць яму, бо ведала, што ён робіць гэта дзеля яе. Наогул, вядома, дзеля ўсіх, дзеля іх траіх, але найперш — дзеля яе і дзеля таго ці той, што некалі паявіцца на свет у гэтай хаце. Ён абіваў маленечкімі цвічкамі сцены толлю, а яна глядзела на яго твар, і ёй было суцешна бачыць гэты твар, які дыхаў ціхамірнасцю і лагодаю...
Убачыла яго ў, настаўніцкай кампаніі падчас сустрэчы другога яе Новага года тут, у Чырвоным Бары, і зноў адчула колішняе задавальненне ад таго, што ён трымаўся і паводзіў сябе зусім не так, як год назад, калі ён быў толькі яе і Ніны Аляксандраўны памагатым,— цяпер ён быў сапраўды яе мужам, у меру сціплым, у меру дасціпным, у меру сур'ёзным і ў меру жартаўлівым. Яна, вядома, адчувала і свой уплыў, але радавалася і яго прыроднай тактоўнасці, і яго здольнасці вучыцца, схопліваць якраз тое, што трэба, і так, як трэба...
Кволае святло малюсенькага, ледзь бачнага з рашоткі язычка полымя свяціла яму ў спіну, калі ён выходзіў у першую палову хаты чысціць камінок, і цень ягоны заняў амаль усю сцяну, пацягнуўся па падлозе і столі, быццам цень ад нейкага асілка-велікана. І яна, лежачы ў ложку, амаль асязальна адчула пад сабою яго цёплыя і дужыя рукі, якія колькі часу назад лёгенька, бы пушынку, паднялі яе і асцярожна паклалі сюды, на падушкі. Ён часта браў яе на рукі. Улетку, калі яму выпадала вольная хвіліна, яны бегалі за тры кіламетры ў Селішча на возера. І калі выходзілі за вёску, ён падхопліваў яе на рукі і нёс. Яна вырывалася, сарамаціла яго, палохала, што раптам хто-небудзь паявіцца нечакана з-за павароткі, выйдзе з кустоў на дарогу, а ён не зважаў і яшчэ, дурэючы, блазнуючы, кідаўся бегчы з ёю на руках, і яна паддавалася яго блюзнерству і гразілася ніколі не злезці з яго рук. Цяпер жа яна цяжкая, як бомба, а ён усё адно возьме яе і паносіць па хаце ці вось, як сёння, на ложак пакладзе. Адпачывай, маўляў, а то, як той казаў, рассыплешся без пары...
Ён вярнуўся нарэшце да стала, уставіў у рашотку камінок і падкруціў кнот. У хаце павіднела.
— Ну што, пачытаем да вячэры? — павярнуўся да яе.
Яна кіўнула галавой, толькі папрасіла:
— Але ўжо ты сам, мне нешта сёння цяжкавата.
З таго дня, як яна пайшла ў дэкрэт, яны амаль кожны вечар перад сном чыталі. Уголас. Напераменку. Часам слухала і маці. Сядзела, пакуль не пачынала кляваць носам. Адчуўшы, што дрэмле, яна ціхенька падымалася і ішла ў першую палавіну хаты — пасля іхняга вяселля яна перабралася спаць туды, лягала на палацях пры печы. Яны пярэчылі, але яна настояла на сваім, абгрунтаваўшы гэта тым, што старыя плечы любяць грэцца на печы.
Заўчора ці пазаўчора яны пачалі чытаць «Братоў Карамазавых». Кім зняў з этажэркі кнігу, знайшоў закладзеную старонку і прысеў да стала:
— Ну, слухай...
Прачытаў ён старонак пяць, не болей і раптам спыніўся — нечага як быццам яму не ставала. У незразумелай пакуль трывозе зірнуў на Леру. Яна спала. Ён пасядзеў, паківаў галавой, потым асцярожна загарнуў кнігу, паклаў яе зноў на этажэрку, прыкруціў кнот у лямпе і выйшаў у першую хату.
Маці тупала ля стала. Убачыўшы яго, спытала:
— Вячэраць, сынок, будзем?
— Хіба з табой, мама, бо Лера задрамала. Паслухала некалькі старонак і заснула,— адказаў ён.
— Ну, то сядай ты адзін і вячэрай, а мы пасля,— сказала маці.— Сядай, еш.— Яна падсунула да яго талерку, сама села з другога краю стала.— Баюся, сынок, што прыйшла пара. Валерачка даходжвае. А ты паедзеш...