— То ж трэба, мама. Першая сесія, прапускаць няёмка,— спахмурнеў ён.
— Не, дык я не пра тое. З ёй жа я тут буду. Калі што, дык... Ты ўжо там лішне не бяры да галавы. Здавай свае экзамены і не думай ні аб чым.
Кім адмахнуўся:
— Што са мной зробіцца! Усяго ж дзесяць дзён!
Маці кіўнула галавой, бы пагадзілася, спытала пра іншае:
— Табе ж сабрацца трэба. Каб заўтра не поркацца.
— Кніжкі, сшыткі я паклаў. Лера сарочкі сабрала, ручнік. А што яшчэ?
— Грошы ж не забудзься. І як жа гэта — што яшчэ? Што, ты ні скварчыны, ні чаго іншага не возьмеш?
— Ну збяры што-небудзь. Толькі трохі, мама, павячэраць калі, там жа сталоўка ёсць і буфет робіць...
Лера так і не паднялася вячэраць, хоць і прачнулася неўзабаве. Сказала, што не хоча. Кім, зладаваўшы чамадан, таксама лёг. Лёг раней, зважаючы на тое, што падняцца заўтра трэба будзе таксама раней. Пра машыну ён дамаўляўся, Сяргей Ягоравіч, старшыня калгаса, сказаў, што Селівончык, на бартавой, паедзе ў Мінск, а Кахновіч на самазвале — у раён, дык ці на той, ці на другой пад'едзе, куды захоча: ці да раёна, да аўтобуса, ці адразу да Мінска. Ну, яно так, вядома, але ўсё роўна ранічкаю трэба папярэдне падбегчы ў гараж, дамовіцца ці з Кахновічам, ці з Селівончыкам, каб прыпыніўся ля хаты, папіпікаў. А то ж, можа, ні той, ні другі не паедзе, як замяце. Але ці тое, ці іншае лепш будзе, як ён раней ляжа.
Лёг, ды не спалася нешта. Чуў, што Лера таксама не спіць. І не проста не спіць, а штосьці нэндзіцца, варочаецца, ціхенька, каб не турбаваць яго, стогне.
Ён падняў галаву, спытаў:
— Табе блага, Лера?
— Ага,— азвалася яна.— Старалася не трывожыць цябе, каб паспаў трошкі, а — не магу.
— Можа, маму паклікаць?
— Не, не трэба. От каб легчы неяк зручней, каб не так цяжка было... А ты не зважай, адвярніся і пастарайся заснуць. Добра?
— Добра, добра...
Ён адвярнуўся, паклаў пад шчаку руку і... заснуў.
Снілася яму, што ён прадзіраецца праз нейкі гушчарнік. Кусты спляліся так густа, што рукамі не разарваць. Дзе гэта ён апынуўся і куды ён так упарта пхнецца — дапяць не мог. Нешта як клікала яго кудысьці, і ён ішоў уперад, рассоўваючы галіны, адхінаючы іх ад твару, ад вачэй. Нечакана дзесьці ззаду, у сябе за спіной, нешта застагнала. Ён крутнуўся, азірнуўся назад і... прачнуўся.
Стагнала жонка. Сон зляцеў з вачэй. Ён кулём скаціўся з ложка, хітнуўся да стала, запаліў лямпу.
— Што, Лера? Пачынаецца?
— Мусіць...
Кім кінуўся ў першую хату. Маці пачула ўжо іх, спускалася з палацяў долу.
— Я ж казала, сынок,— шапнула.— Апранайся, а я пайду, гляну, як яна.
Ён ужо надзяваў паліто, калі маці выйшла да яго ў першую палавіну хаты.
— Ну, што, мама? — спытаў трывожна.
— Тое самае, сынок,— адказала маці спакойна.— Мусіць, пара прыйшла. Колькі цяпер? Пачатак першай? Да раніцы чакаць боязна. Калі ўжо апрануўся, ідзі, сынок, бяры машыну — трэба везці.
— Сваю браць?
Маці памарудзіла, затым сказала:
— Хто ж яго ведае. Можа, Селівончыка папрасі? Як усё добра будзе, дык з раёна ты і паедзеш, дамоў вяртацца не будзеш.
— Мо і праўда...
Мароз адваліўся, снег не ішоў, але дзьмуў парывісты, пранізлівы вецер. Вуліца была чыстая, толькі сям-там, у зацішных кутках, наўскос яе ляглі неглыбокія сумёты.
Селівончык прахапіўся хутка. Што да чаго, зразумеў з паўслова. Толькі спытаўся:
— Што матка сказала, скора?
— Сказала, што да раніцы чакаць боязна,— не схлусіў Кім.
— А-а, то добра,— расслабіўся Селівончык.— Ты прысядзь, а я схаджу на двор, а пасля кубачак чаго вып'ю. Хуценька, без нічога, каб не нашчаком быць, язва, халера на яе. Чай у мяне ў грубцы стаіць, так што я скора...
Праз хвілін сорак ён пад'ехаў з Селівончыкам да хаты. Маці і Лера былі гатовы. Кім вынес жонку з хаты, пасадзіў у кабіну, пагладзіў па руцэ, шапнуў:
— Усё будзе добра, ты не бойся.
Пасля ўкінуў у кузаў чамадан, памог узлезці маці і ўскочыў сам.
Даехалі, можна сказаць, добра. Трошкі пабуксавалі толькі на выездзе з вёскі і ў Сілінцы. У Сілінцы давялося памахаць і рыдлёўкаю, адкідваючы снег, але не доўга — выбраліся. І маці, зноў акрываючы сынавы і свае плечы кажухом, уздыхнула з палёгкаю:
— Ёсць яшчэ бог на свеце, сынок. Я ж думала — замяце, як у пяцьдзесят шостым...
У бальніцы адчыніла ім заспаная, у гадах ужо сястра. Моўчкі адчыніла, моўчкі ўзяла Валерыю пад руку і павяла з прыёмнага пакоя ў другія дзверы. Павяла так нечакана, што ні Кім, ні маці не паспелі ёй і слова сказаць. І Валерыя нічога не сказала. Толькі ў дзвярах азірнулася, паглядзела на іх, і Кім паспеў згледзець, што твар у яе бледны і разгублены быццам.