Неўзабаве сястра вярнулася і, падаючы маці нявестчыны апраткі — паліто, кофту, спадніцу, валёнкі, усё, што было на Валерыі, сказала:
— У пару прывезлі. Скора на стол возьмуць.
— На які стол? — перапытаў Кім.
Сястра, зірнуўшы на яго, нібы ўсміхнулася:
— А-а, першы раз... Жонка скажа, на які стол...
— Трэба чакаць, сынок,— шапнула маці. І спытала ў сястры: — Як вы мяркуеце, колькі чакаць давядзецца?
— А гэта ўжо ад яе залежыць,— коратка адказала жанчына.— Калі яна ў вас спрытная, дык скора.
Маці паскладала адзенне ў хустку, звязала ражкі і села была на лаўку побач з ванзэлкам, але тут жа паднялася:
— Трэба ж схадзіць, сынок, папрасіць Селівончыка, хай пажджэ, не палянуецца... Можа ж, нядоўга будзе мэнчыцца. Схваткі ж ужо дома былі... Дык дачакацца толькі... Я ж бы тады і дахаты з ім. А заўтра пад'еду ўжо з гасцінцам якім...
Яны выйшлі да Селівончыка разам. Ён сядзеў у кабіне і курыў.
— Во таму і чай піў, каб гэтую суслу не смактаць нашча,— сказаў да Кіма.
— Я ведаю, дзядзька,— кіўнуў той.— Ноч у цябе ўжо ўсё роўна вераб'іная, пачакай трошкі, мама тады з табой паедзе, а то...
Селівончык, выпускаючы дым з рота, сказаў:
— Што ты, Кім, як апраўдваешся? Трэба дык трэба!
— Ну, то дзякую, Рыгор,— сказала маці.
— Еш з маслам,— ашчэрыў ён зубы ва ўсмешцы.
Абрадзілася Валерыя ў пяць сорак раніцы. Хоць — якой раніцы? Калі б улетку, дык, вядома, была б раніца. А то — пачатак лютага. Ноч яшчэ, самая што ні ёсць ноч. Абрадзілася дачкою. Вагою тры кіло сто пяцьдзесят грамаў і ростам сорак сем сантыметраў.
Гэтыя лічбы абыякавым, сонным голасам паведаміла ім сястра, пяты ці мо шосты раз па іх просьбе падымаючыся і выходзячы з прыёмнага пакоя кудысьці туды, у глыбіню бальніцы, дзе кідалася недзе ў схватках Валерыя, прытым не ў цёплым мяккім ложку, а на нейкім... бр... стале! І пачуўшы нарэшце гэтыя лічбы, зразумеўшы, што тое, чаго яны чакалі, адбылося, Кім неяк нават і не адразу паверыў у гэта. Ага, думаў ён, значыць, дачка, як ён і казаў. Яшчэ сказалі, што важыць яна тры кіло сто пяцьдзесят грамаў і росту яна сорак сем сантыметраў. Усяго сорак сем? Во столечкі? Ён, прымерваючыся, звёў рукі. А Лера? Чаму пра яе нічога не сказала гэтая маўклівая, сонная сястра?
— А што з Лерай? — паўтарыў ён уголас.— Чаму пра яе нічога...
— Пра жонку пытаешся? — здагадалася жанчына.— А што пра яе казаць? Нармальна. Спіць, пэўна. Яны спяць пасля гэтага...
Патаптаўшыся яшчэ колькі хвілін у прыёмным пакойчыку, быццам не ведаючы, ёсць ім тут што рабіць яшчэ ці няма, яны пайшлі на вуліцу, да машыны. Селівончык, зачыніўшыся, драмаў, прыкрыўшы твар шапкай. Кім пстрыкнуў пальцамі па шкле, гукнуў:
— Усё, дзядзька! Дачка ў мяне!
Селівончык быццам і не драмаў, паправіў шапку на галаве, адчыніў дзверцы:
— Дачакаліся? Ну і што?
— Я ж кажу, дзядзька: дачка ў мяне! — паўтарыў Кім.
— Партач! Не мог змайстраваць хлапца! Але на радзіны ўсё роўна паклічаш, нідзе не дзенешся... Ну што, Кацярына, паехалі? Ці пачакаем, пакуль чайная адчыніцца? — Селівончык зноў паказаў жоўтыя пракураныя зубы.
— А бадай цябе, Рыгор! Лепш ужо дома чаю таго знойдзем! — засмяялася маці.
— То сядай. Ванзэлак можаш у кузаў укінуць. А не — пад ногі пакладзі.
Пакуль маці ўмошчвалася ў кабіне, Кім скокнуў на кола, перагнуўся цераз борт і ўхапіў свой чамадан. Маці, перш чым ляпнуць дзверцамі, яшчэ раз сказала:
— Не перажывай і не марнуйся, сам ужо глядзі там... А я і заўтра над'еду, і паслязаўтра...
Машына, стрэльнуўшы белым клубком дыму, скранулася з месца, зарыпеўшы скатамі па свежым снезе, і пакацілася. Кім пастаяў, паглядзеў ёй услед, пакуль былі відаць чырвоныя агеньчыкі, а пасля вярнуўся ў прыёмны пакой. Сястра падняла ад стала галаву, паглядзела на яго запытальна.
— Можна, я ў вас пасяджу, пакуль ноч?
— Сядзі...
Потым, раніцаю, пакінуўшы тут, пад лаўкай, чамадан, Кім збегаў у магазін, купіў слоік кампоту з яблык і чарнасліву, пячэння, цукерак. У пакунак, які папрасіў перадаць Курловіч Валерыі Віктараўне,— у прыёмным пакоі сядзела ўжо новая сястра,— паклаў пісульку. Хацеў папісаць шмат, але напісаў урэшце толькі тры кароценькія слоўцы: «Я люблю цябе...»
КАСТРЫЧНІК 1964 ГОДА
Яна ніколі не звярталася да вучняў са словам «рабяты». Не падабалася ёй гэтае штучнае, незразумелае слова. Чаму — рабяты? Адкуль яны ўзяліся, гэтыя рабяты? Ад якога кораня паходзяць? Адказу яна не знаходзіла. А тут яшчэ пры слове «рабяты» ёй адразу ж чулася рыфма — «жарабяты». Ці — «жабяняты». І язык не паварочваўся вымаўляць яго.