Калі Гудовіч скончыў, яна запляскала ў далоні, і ўслед за ёю запляскалі ўсе.
— Сядай, Гудовіч! Дзякую! — сказала ўзрушана.— Апладысменты на ўроку мо і лішнія, але цяжка было стрымацца. Праўда, таварышы? Гудовіч падараваў нам сапраўднае свята. Твор гэты незвычайнай сілы ўздзеяння. Я шчыра рада за Гудовіча і за ўсіх вас. Я бачыла, з якой увагай вы ўсе слухалі, і зразумела, што слова паэта ўсхвалявала вас. І таму не будзем шкадаваць, што мы патрацілі на гэта не пяць мінут, як дамаўляліся, а ўтрая больш... Пяройдзем непасрэдна да ўрока. Папрашу да дошкі...
Рэшту ўрока яна правяла на адным дыханні. Ёй удавалася ўсё. Ёй проста шанцавала. Яна быццам знарок выклікала да дошкі самага слабога вучня, Лёню Драгуна, але і той, на здзіўленне, сёе-тое ведаў. Ёй заставалася вельмі мала часу на вытлумачэнне новага матэрыялу, аднак і тут яна змагла падаць яго сцісла, але досыць поўна і ўражліва.
Пасля, як празвінеў званок, яна, перш чым адпусціць усіх, сказала:
— А пра «Паэму майго лесу» мы яшчэ пагаворым. Я думаю, што ёсць такая патрэба. Ёсць, таварышы?
І клас дружна адказаў:
— Ёсць, Валерыя Віктараўна!
Іван Фёдаравіч, ідучы разам з ёю ў настаўніцкую, не сказаў нічога. Прамаўчаў і пасля. Увесь перапынак. А потым, як празвінеў званок на наступны ўрок, паклікаў яе да сябе ў кабінет.
Калі яна зайшла і села насупраць яго, па другі бок стала, ён пачаў спакойна і як завучана:
— Колькі вы ўжо ў нас працуеце? Шосты год?
— Ужо шосты, Іван Фёдаравіч.
— Дык вось, Валерыя Віктараўна, мы паспелі прывыкнуць ужо да вашых...
— Выбрыкаў?
— Ну, навошта так? Да эксперыментаў, Валерыя Віктараўна, эксперыментаў. У добрым сэнсе гэтага слова. Мы памятаем вашы агульнашкольныя конкурсы на лепшае выразнае чытанне вершаў, ведаем, якім поспехам яны карыстаюцца і ў вучняў, і ў бацькоў... Ведаем мы і ваш літаратурны гурток з насценнай літаратурнай газетай. Ён жа прагрымеў на ўвесь раён! Раённая газета надрукавала вершы і казкі вашых гурткоўцаў...
— Нашых, Іван Фёдаравіч, нашых гурткоўцаў. І прагрымеў на ўвесь раён не гурток, а наша школа,— яна старалася гаварыць як мага спакойна, аднак усё адно атрымлівалася здзекліва.
— Я гэта і меў на ўвазе, Валерыя Віктараўна. Хіба хто казаў ці кажа, што гэта было блага? І калі я казаў «вашых» і «ваш», дык толькі для таго, каб падкрэсліць, што ў тым была менавіта ваша заслуга, і нічыя больш.
Іван Фёдаравіч памаўчаў, пакруціў у пальцах тоненькую драўляную ручку з выслізганым металічным дзяржальнам, потым зноў падняў вочы на субяседніцу.
— Паверце, дарагая Валерыя Віктараўна, ніхто з нас не асуджае гэтых вашых эксперыментаў. Мы рады былі, што ў нашу школу прыйшоў такі ініцыятыўны, энергічны, падрыхтаваны спецыяліст, педагог. Паверце, усе мы вас любім і нават захапляемся...
— Хто гэта — усе мы, Іван Фёдаравіч? — яна ўсё ж не стрымалася, каб не падкалоць.
— Ну, усе мы, вашы калегі, калектыў школы. А што, хіба не так? Хіба вам ставіў хто-небудзь палкі ў колы, калі вы задавалі дзецям пісаць сачыненні пра тое, ці паважаюць яны Міхала Тварыцкага альбо ці з'яўляецца нашым сучаснікам Гарлахвацкі?.. Мы разумеем, што гэта рабілася з мэтаю абудзіць вучнёўскую думку, навучыць іх мысліць самастойна, але ж, пагадзіцеся, гэта было і рызыкоўна...
— Для каго, Іван Фёдаравіч? Калі і рызыкавала, дык толькі я,— зноў не стрывала яна.
Ён пакруціў галавой, запярэчыў:
— Не, Валерыя Віктараўна, не і яшчэ раз не! Вы нічым не рызыкавалі. Наадварот! Наадварот! Вы якраз былі б на вышыні: настаўніца шукае, эксперыментуе... А пагарэць магло б кіраўніцтву школы — завучу, дырэктару. Навошта, маўляў, развялі такую самадзейнасць? Хіба для вас не існуе агульнапрынятых методык, распрацовак і рэкамендацый?