Ён зноў круціў у пальцах жоўценькую драўляную ручку, а на твары ў яго было відочна напісана, што гаварыць яму пра ўсё гэта вельмі непрыемна, нават, можа, пакутліва, але і не гаварыць ён не можа.
— І вось сёння — зноў... Я не аспрэчваю, мо гэта і арыгінальная прыдумка — пачынаць урок літаратуры з вершаў. Можа, і так, Валерыя Віктараўна. Яно і праўда — эфектна: пяць мінут на паэзію! Дапускаю, што ў вас могуць з'явіцца і пераймальнікі... Але ці спрыяе гэта ўроку? Ці не разбурае гэта сам урок, у яго класічным, адпрацаваным выглядзе? Вы пра гэта падумалі, Валерыя Віктараўна?
Яна страсянула галавой, адказала, не задумваючыся:
— Уявіце сабе, думала! І нямала. І прыйшла да высновы, што гэта пойдзе толькі на карысць самому ўроку... Іван Фёдаравіч, вы ж і самі пераканаліся, што Коля Гудовіч сваім чытаннем стварыў у класе атмасферу ўзрушанасці, зацікаўленасці, якая хораша паўплывала на далейшы ход урока...
— Які быў скамечаны, перакручаны, сціснуты да мінімуму, бо час быў патрачаны на нешта іншае,— перахапіў ён.
— Ну чаму ж на нешта іншае, Іван Фёдаравіч? Час быў патрачаны якраз на галоўнае — на літаратуру. А ў мяне ж і быў урок літаратуры. Хіба не так?
— Так, так, Валерыя Віктараўна, усё так,— сказаў ён і ўздыхнуў.— Мне здаецца, што вы знарок не разумееце, пра што я кажу.
— Чаму ж не разумею, Іван Фёдаравіч? Усё разумею,— яна па-ранейшаму старалася заставацца спакойнай.— Я іншага не разумею. Няўжо лепш, калі выкладчык літаратуры нічога не бачыць, акрамя школьнага падручніка? Няўжо лепш, калі, завучыўшы за пяць ці дзесяць гадоў гэты падручнік на памяць, настаўнік з году ў год паўтарае адно і тое ж, як цецярук? Няўжо гэта лепш, Іван Фёдаравіч?
Ён ухмыльнуўся, развёў рукамі, і ў пальцах правай рукі была ўсё тая ж жоўценькая ручка:
— Ваша праўда, не лепш, бадай. Але, з другога боку, нават самага строгага інспектара такі настаўнік задаволіць. А вось пра вашы эксперыменты гэтага, на жаль, не скажаш.
Да яе нарэшце дайшло, што ён меўся сказаць ёй, але не рашаўся гаварыць адкрыта.
— Іван Фёдаравіч, дык вы, можа, шуму баіцеся? Так?
Ён падаўся грудзямі да стала, кіўнуў:
— Але, шуму. Толькі, Валерыя Віктараўна, не баюся, а — не хачу... Я даўно хацеў з вамі пра гэта пагаварыць. Разумееце, чаго вы самі лезеце на ражон? Няўжо нельга працаваць спакойна, звычна, як таго патрабуюць правілы, агульнапрынятыя ўстаноўкі, рэкамендацыі? Я вам шчыра скажу. Пакуль вас не было ў нашай школе, мы жылі спакойна. У перадавіках не хадзілі, але нас і не скланялі. А цяпер? Скажыце, Валерыя Віктараўна, ці быў год, каб да нас не ездзілі камісіі, правяраючыя, разбіраючыя, вывучаючыя і гэтак далей? Мы стаміліся ад усяго гэтага, Валерыя Віктараўна!
Яна хацела абурыцца, хацела закрычаць, што ганебна так думаць, гаварыць, што з такімі меркаваннямі няможна працаваць у школе, але стрымалася. Навошта крычаць, навошта сварыцца? Яна яму нічога не дакажа. Не першы год ведае. Яму б — абы ціха. Гэтакая ягоная жыццёвая ўстаноўка. І яна многіх задавальняла. І ў райана, і тут, у школе. Настаўнікі, у большасці сваёй, працуюць тут падоўгу, сяму-таму ўжо і да пенсіі недалёка. Напачатку, магчыма, хто-небудзь і спрабаваў працаваць творча, але, сутыкнуўшыся з такой дырэктарскай пазіцыяй і з адпаведнай школьнай атмасферай, змірваўся і аціхаў.
— Я, Валерыя Віктараўна, хачу вам толькі дабра. І кажу гэта не як дырэктар, а як старэйшы таварыш. Усе мы людзі, у кожнага з нас ёсць свой гонар, свае амбіцыі, сваё разуменне рэчаў. І калі нехта вельмі выпінаецца, выстаўляе сябе, ставіць сябе над усімі, маўляў, вось што магу я, а вы ўсе нікчэмнасці...
— Іван Фёдаравіч, вы перабіраеце меру,— абарвала яна яго.— Я слухала вас цярпліва, пакуль вы гаварылі нешта, што хоць неяк тычылася маёй работы. А пра што загаварылі зараз? Хто выстаўляецца, хто ставіць сябе над астатнімі?
Ён выставіў да яе рукі з ручкай у пальцах, закруціў галавой:
— Пры чым тут вы, Валерыя Віктараўна? Хіба ж гэта пра вас? Я проста разважаў, абстрактна! Я ж вам у самым пачатку сказаў, што ўсе мы вас любім і паважаем. Пры чым тут вы? Я хацеў сказаць толькі, што нехта можа і пазайздросціць, і пакрыўдзіцца, і пасміхнуцца... Усе ж мы жывыя людзі, Валерыя Віктараўна!.. І вы дарэмна падумалі, што... Я паклікаў вас толькі дзеля таго, каб сказаць, што я не люблю шуму. Толькі дзеля таго. А вы бог ведае што падумалі!..
Яна маўчала. Што яна магла сказаць? Ён будзе сядзець тут да пенсіі. Сядзіць ён тут надзейна. Школа на добрым рахунку. У ёй не здаралася ні скандалаў, ні правалаў. Ва ўсім гэтым заслуга дырэктара. І яна, каб і хацела, нічога не дакажа. Паспрабуй скажы яна што-небудзь. У адказ пачуе: эмоцыі, Валерыя Віктараўна, усё эмоцыі. А Іван Фёдаравіч дваццаць, лічыце, гадоў кіруе калектывам, сабраў, выгадаваў, выпеставаў і згуртаваў гэты калектыў. І ўсё будзе нібыта правільна. Афіцыйна ён, Іван Фёдаравіч, не перашкаджаў ёй? Затое і не падтрымліваў! Што вы маеце на ўвазе, Валерыя Віктараўна? Не знайшоў сродкаў, скажам, каб адзначыць хоць якімі-небудзь прызамі пераможцаў агульнашкольнага конкурсу? Такіх сродкаў і няма, Валерыя Віктараўна, гэта, зноў жа, толькі эмоцыі... А пляснуць на стол заяву і пайсці прэч яна не можа, другой школы ў Чырвоным Бары няма. А без школы яна не можа. Значыць, трэба рабіць сваю справу так, як умееш і як, лічыш, яе трэба рабіць, не зважаючы на абставіны...