— Дзякую за папярэджанне, Іван Фёдаравіч...
— Вось вы зноў! Ні аб чым я вас не папярэджваў. Я па-сяброўску падзяліўся з вамі некаторымі меркаваннямі наконт таго, каб усе мы жылі гэтак жа дружна і мірна, як дагэтуль...
— Дзякую і за гэта, Іван Фёдаравіч! Паверце, што на гэты раз я вас зразумела. Толькі ўсё ж хачу сказаць, што пяць першых мінут на ўроку літаратуры буду аддаваць паэзіі. Вы ж, Іван Фёдаравіч, таксама настаўнік і адчуваеце, што гэта не шкодзіць уроку.
Ён зноў развёў рукі, прытворна ўздыхнуў:
— Мо і адчуваю. Ды толькі адчуванні ў папку не падшыеш. А з вас будуць патрабаваць не паэзіі, а вучнёўскіх ведаў, Валерыя Віктараўна. Я так разумею.
— І я так разумею, Іван Фёдаравіч.
— То і добра. То і будзем лічыць, што мы пагаварылі з карысцю.
Сапсаваўся ў яе настрой, вядома, хоць і не ў навіну былі ёй такія гаворкі з Іванам Фёдаравічам. Самае прыкрае ў тым, што чалавек ён сам па сабе зусім неблагі. Сардэчны, шчыры, памяркоўны. Ніколі і ні разу ён не сарваўся на крык, нікога не пакрыўдзіў знявагай. А вось сядзіць дзесьці ў ягонай душы палахлівы заяц, і гэты нікчэмны баязлівец дыктуе Івану Фёдаравічу манеру паводзін і ўчынкаў. Зрэшты, мо ніякага зайца і няма. Мо проста такая ўжо натура ў чалавека, ціхамірная і непатрабавальная. Прыземленая натура, без прагі ўзлёту. Ёсць жа, пэўна, і такія людзі. І, можа, гэта не іх віна, а бяда? Можа, і так. Яна, Валерыя Віктараўна, з першых дзён свайго прыезду ў Чырвоны Бор пасябравала з жонкай Івана Фёдаравіча Марыяй Міхайлаўнай, таксама настаўніцай, яна выкладае біялогію. Дык у хвіліны шчырай даверлівасці Марыя Міхайлаўна не раз прызнавалася: не арол яе Іван Фёдаравіч! Расказвала, як аднойчы, даўно ўжо, былі яны на вяселлі. Тут, у Чырвоным Бары. Вучаніца іхняя, былая, вядома, выходзіла замуж і запрасіла іх. І ў перапынку, калі госці вылезлі з-за сталоў трошкі перадыхнуць ад пітва і пачастункаў, у двары да Івана Фёдаравіча прычапіўся нейкі хлопец. П'яны, вядома. Не чырванаборскі, а прышлы ці і зусім прыезджы. Чаго ён прычапіўся, яны так і не ўразумелі. Мо абазнаўся, палічыў, што Іван Фёдаравіч нехта іншы? І так разышоўся, што ўхапіў якісьці прэнт ці дзеравяку і на Івана Фёдаравіча. Дык дайце веры, Валерыя Віктараўна, гаварыла Марыя Міхайлаўна, Іван Фёдаравіч схаваўся за яе, жончыну, спіну. Яе той выпадак вельмі ўразіў. Збянтэжыў нават. Прызнавалася, што падумала ажно, ці за таго замуж выйшла. І так і сказала: не арол яе Іван Фёдаравіч! Зрэшты, кажуць жа, не ўсім быць арламі. Некаму трэба быць і вераб'ём. Адно кепска, што верабей гэты — твой дырэктар школы. Ды, як той казаў, няма ліха без дабра. Верабей не надта дазволіць, але і не надта забароніць, як і не пакрычыць. Так што — жыць можна. А настрой можна і паправіць. Вось прыйдзе дадому, і Юлька ўраз ёй настрой падыме.
Юлька, дачушка іхняя з Кімам, была ў тым узросце, калі першапачатковы клопат бацькоўскі змяняўся вялікай уцехаю,— ёй ішоў чацвёрты гадок. Ды ўцехаю яна была хутчэй бацьку, а ёй, матцы, часам хоць плач: не дасць ні планаў напісаць, ні сшыткаў праверыць. А сшыткаў тых штовечар — добрая кучка, ажно партфель пузаты робіцца. Як Кіма няма, як затрымаецца ў дарозе, ёй, Валерыі, нявыкрутка: толькі тады за сшыткі свае бярэцца, як нарэшце Юльку спаць укладзе. Ну, але сёлета ўжо тое рэдка здараецца. Кім жа на пятым курсе, шафёрыць перастаў, інжынерам ужо ў калгасе. Так што з Юлькай вечарамі яны ўжо часцей удваіх змагаюцца, даючы бабцы адпачынак...
Прыйшла дадому, а тая бабка з парога, як абухам па галаве:
— Валерачка, захварэла пястушка наша! Тэмпература падскочыла, уся гарыць... Па Насцю трэба бегчы, а яе адну не пакінеш...
Не распранаючыся, зайшла ў другую палавіну, зірнула на дачушку — ляжыць тая снапком, шчочкі палаюць, а вочкі невясёленькія, сонныя. Адразу відаць, што хворае дзіцянё. Вярнулася назад, да маці, спытала:
— Не кажа, што баліць?