Выбрать главу

— Горлачка, Валерачка! Я ж пыталася: як глытаеш, Юлечка, не баліць? Баліць, кажа!

— Ангіна, пэўна. Схаджу да Насці. А вы, мама, градуснік пастаўце...

Вярнулася яна з Насцяй, чырванаборскай фельчаркай. Яе ў вёсцы і любяць, і паважаюць. Гадоў, пэўна, дзесяць, а мо і больш, як прыехала сюды Насця, вось так, як і яна, Валерыя, выйшла замуж за чырванаборскага хлопца, толькі за трактарыста, не шафёра, і асела тут. За гэтыя гады і вопыту набралася, уколы тыя самыя рабіць налаўчылася і банькі ставіць. А то ж спачатку, казалі, поркалася з уколамі, быццам першы раз шпрыц у руках трымае. А цяпер чырванаборцы давяраюць Насці, як самім сабе. Колькі было, што цяжка хварэлі людзі, прыедзе каторага забіраць «хуткая» з раёна, і ніколі Насця не памылілася з дыягназам і лячыла правільна. Надзейна лячыла. Не выдумляла, не выпісвала хутчэй антыбіётыкаў тых, а наказвала даваць прасцейшыя, здаўна вядомыя лекі, найчасцей, пры ангінах і прастудах розных, свае, хатнія.

Вось і цяпер паглядзела, паслухала яна Юлечку і сказала:

— Ангіна, Віктараўна. Нечага халоднага хлебтанула ці на вуліцы ветру сырога нахапалася. Паўтаблетачкі аспірынчыку дайце, піццё цёпленькае, ну, яшчэ кампрэсік на шыйку зрабіце... А больш нічога такога і не трэба. Хай цёпленькае п'е. Чай малінавы, ліпавы, мёд... Я зайду заўтра, пагляджу...

— Дзякую, Насця!

— Хай папраўляецца, Віктараўна!

Ужо яны святло ўключылі (электрыка паявілася ў Чырвоным Бары летась, к маю якраз загарэлася), калі прыйшоў Кім. Прыйшоў, трэба ж такое, таксама не ў настроі.

Чэпэ здарылася: трактарыст Уладзімір Жаўнер разам з трактарам паляцеў у адхон. Упустую, без прычэпа, ехаў — вяртаўся на машынны двор — і собіла кульнуцца. Паломка, праўда, нязначная, і сам адрабіўся драпінамі ды сінякамі,— трактар неяк споўз у адхон, а пасля ўжо, бы нехаця, кульнуўся і лёг бокам. Аднак жа — чэпэ. І галоўнае — не кульнуўся б, каб цвярозы Жаўнер быў. Дык жа — п'яны. Сам прызнаўся, што бутэльку чарніла выжлукціў. А па ўсім відаць, што, мусіць, і ўсе дзве. Вось і разбіраліся з малайцом. На добры лад, пад суд бы аддаць!

Ён, Кім, і раней ведаў, што выпіваюць механізатары. Асабліва трактарысты. Шафёры, дык тыя не ведаюць, куды паедуць. А раптам далёка куды, у Мінск ці далей? Дык асцерагаліся. А трактарысты каторыя рассабачыліся. Сноўдаюцца па калгасе, ад вёскі да вёскі, па полі, ля фермаў, за кожным не ўсочыш. От і прысмакталіся. Але тады, як сам шафёрыў, неяк не вельмі тое ў вочы яму кідалася. Сам не піў, у кампаніі таксама рэдка трапляў, а галоўнае — не задумваўся. Маўляў, што там такое, калі хто і ўзяў чарку, галавы ж не адпіў. А цяпер, як стаў начальствам, давялося задумацца. Трэба з п'янствам канчаць. Не ведае, як і што рабіць, але — трэба канчаць. П'яны за рулём не павінен быць. І сам смяротнік, і іншых можа загубіць. Сёння гэты самы Жаўнер — цудам ацалеў. Каб трапіў пад трактар, дык аддаў бы канцы. Аказваецца, не першы раз. Людзі казалі, што і раней бачылі, што сядаў за руль, ледзь на нагах стоячы. Не, такога — толькі пад суд!

З такім одумам ішоў дадому. А тут, аказваецца, Юлька захварэла. Як заўсёды, не распранаючыся, памкнуўся да Валерыі — прыхінуць ды пацалаваць, а яна замест таго, каб чмокнуць яго, сказала:

— Юлька ангіну схапіла. Насця была, глядзела. Кажа, ангіна. А мама не можа даўмецца, дзе ўмудрылася: і не піла нічога халоднага, і ва вуліцы, кажа, не ўпарылася, не надта і гойсала.

— А колькі такому шпачаняці трэба?

Распрануўся, пайшоў да малой.

— Ну што, дабегалася? — спытаў, нахіліўшыся.

— Дабегалася,— сказала, а сама смяецца. Аспірын падзейнічаў, тэмпература адпала, ужо яна і здаровая.— Цяпер во ляжу і не кратаюся. Як лялька.

— Хто гэта табе сказаў так?

— Бабка.

— А-а, я думаў, ты сама ў нас такая разумная.

— І Юлька разумная.

— А гэта хто сказаў?

— Юлька.

— Гм, то і праўда, разумная!

Валерыя, пасміхнуўшыся з іхняй гаворкі, падышла да тэлевізара, пстрыкнула ўключальнікам. Кім, азірнуўшыся на пстрыканне, запытаў:

— Што цяпер будзе?

— Не ведаю,— адказала жонка.— Кіно павінна нейкае быць,— яна прысела на ложак, насупраць тэлевізара.

Ён падышоў, сеў побач, абняў за плечы, сказаў збоку, як не ў вуха:

— І тэлевізар трэба глядзець, раз купілі, але і чытання шкада. Мы ж абяцалі, што заўсёды будзем чытаць.

— Дык жа і чытаем.

— Усё радзей і радзей.

— Лялька ж паявілася,— кіўнула Валерыя на Юльку.

— Яно б і яшчэ не зашкодзіла,— шапнуў ён.

— А хто быў супраць?

— Дык я ж студэнт, куды студэнту!

— Тады не пачынай гаворкі.

— Скончу вучобу і пачну.

Засвяціўся экран, але толькі з рамкай наводкі.