— Рана яшчэ, аказваецца,— Валерыя паднялася і выключыла тэлевізар. Вярнуўшыся да Кіма і сядаючы побач, спытала: — Што на рабоце было, што цябе на жарты пацягнула?
— Якія жарты! На рабоце якраз не да жартаў. Чэпэ! Жаўнер Валодзя, трактарыст, кульнуўся.
— П'яны?
— Няўжо ж!
— Як ты ў мяне не спіўся, розуму не дабяру!
— Ты мяне ўратавала.
— Трэба іншых ратаваць. Напраўду трэба нешта рабіць, Кім. Шмат пачалі піць. Пайду ў клуб, будзем думаць, якую шукаць раду.
— Хіба табе ў школе не дастаецца?
— Дастаецца, Кімачка. І самае крыўднае, што не знаходжу паразумеласці.
— Іван Фёдаравіч? Усё — як бы чаго не выйшла?
— Сёння спецыяльна паклікаў у кабінет і паведаміў, што ён не любіць шуму.
— А ты не зважай. Рабі тое, што лічыш патрэбным. Ты ж ведаеш, ён афіцыйна не забароніць.
— Гэта я ведаю. Але ведаю і тое, што ён можа і свінню падкласці. Калі што-небудзь закране і яго самога.
— Не асмеліцца.
— Асмеліцца, Кімачка. Калі чалавек хаваўся за жончыну спіну, ад яго можна чакаць любога свінства. Ну, скажы, ты б схаваўся?
— Я ўсё думаю, як цябе схаваць, каб ніхто не ўбачыў і не звёў...
— Дурненькі ты мой,— праспявала яна.— Куды мне ўжо зводзіцца?! Ну куды, скажы?
— Не скажу,— праспяваў і ён, а затым абняў яе і пачаў цалаваць, і яна таксама абвіла яго рукамі і падалася да яго.
Юлька, лежачы, глядзела на іх, не краталася, а пасля голасна, з той чыстасардэчнай зацікаўленасцю, якая можа быць толькі ў дзяцей, запытала:
— А чаго вы так буськаецеся? У вас таксама салодкія буські?
Яны імгненна ацверазелі, адхіснуліся адно ад аднаго, пачырванелі, як падлеткі, а пасля засмяяліся нястрымна, весела і шчасліва.
ЛІСТАПАД 1965 ГОДА
Тым годам ён скончыў інстытут...
І тым годам у яго памерла маці...
Тады, калі паступаў, думалася, што дзень атрымання дыплома будзе для яго самым шчаслівым днём. Хлопчыкі вунь становяцца студэнтамі зусім юнымі. А ён трапіў у студэнцкую аўдыторыю ў дваццаць шэсць. Што ж, тым больш ён ганарыцца гэтым. Ён усё ж дамогся свайго, споўніў абяцанне, дадзенае калісьці маці. І дамогся сам. Без чыёй-небудзь дапамогі. Лера толькі памагла яму напісаць некалькі сачыненняў. Сяргей Ягоравіч, старшыня калгаса, пачуўшы, што ён будзе паступаць у інстытут, прапанаваў паслаць калгасным стыпендыятам. Але ён адмовіўся. Куды яму на стацыянар, калі займеў жонку! А яшчэ — хацеў паступіць без аніякіх накіраванняў і льгот. І паступіў. І вучыўся не горш, а лепш за многіх сваіх аднакурснікаў. Як ні цяжка было, а ні разу не спазніўся з кантрольнымі і ні разу не прапусціў ніводнага дня ў час сесій. Нават той, першай, калі ў яго нарадзілася Юлька.
І вось атрымаў дыплом. Стаў дыпламаваным інжынерам. Бо інжынерам без дыплома, па пасадзе, ён ужо быў. Увечары яны ўсім курсам схадзілі ў рэстаран, запрасіўшы і сяго-таго з выкладчыкаў — каго ўдалося адшукаць у інстытуцкіх сценах у той дзень і хто згадзіўся пайсці з імі, потым апошні раз пераначавалі ў інстытуцкім інтэрнаце, а назаўтра раз'ехаліся па хатах. Паехаў дахаты і ён. Дыплом ляжаў у кішэні, але асаблівай радасці ён не адчуваў. Як не адчуваў яе і ўчора, калі яму ўручалі гэтыя велікаватыя — на ўсю кішэню — цвёрдыя вокладкі.
Чаму? З якой прычыны? Было ў душы адчуванне споўненага абавязку, нават нейкай быццам павагі да сябе — адолеў, дайшоў да фінішу. А той радасці, якая мроілася, калі даведаўся, што залічаны студэнтам, не было. Доўга шукаў адказу на пытанне, чаму ж так, ажно пакуль у аўтобусе, па дарозе дахаты, не звярнуў увагі на вясёлую, бесклапотную, мо занадта шумлівую купку маладых хлопцаў і дзяўчат з рукзакамі, з гітарамі. Па ўсіх адзнаках яны былі студэнтамі. І вось тады нечакана падумаў пра тое, што ён усё ж сапраўдным студэнтам не быў. Быў завочнікам, а — не студэнтам. Завочнік — гэта чалавек, які завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю, а не студэнт. Студэнт — гэта маладосць, бесклапотнасць, гэта інтэрнат, танцы, тэатры, кіно. Гэта, у дадатак, і светлая галава, учэпістыя і задзірыстыя мазгі. А яны ўсе былі заклапочаныя, стомленыя, тугаватыя на слова і на думку, іх не хапала і не магло хапаць на тыя ж тэатры, музеі і кіно, на доўгія гадзіны ў бібліятэках, на ўсяночныя бязладныя гамонкі і жарты, якія таксама прыносяць сваю карысць — пераконваўся ў тым неаднойчы, сутыкаючыся ў інтэрнатах са стацыянарнікамі.
Дома, аднак, ён не падаў выгляду, што радасць ягоная чымсьці азмрочана. Наадварот. І сам радаваўся, і падтрымліваў радасць дамашніх, найперш матчыну радасць. Ён нават горача пагадзіўся з тым, што з такой нагоды варта і трэба клікнуць гасцей, і госці — ад старшыні калгаса да суседзяў — да позняй начы весяліліся ў іхняй старой цеснаватай хаце: амаль гэтак жа, як і падчас іхняга, яго з Валерыяй, вяселля.