Выбрать главу

І Валерыя была рада. Але не так, як маці. Яе радасць была ягонай радасцю. Можа, не радасцю нават, а гонарам — муж яе ўмее трымаць слова, ён чалавек надзейны. Ёй падабалася тое, што ён, па ўсім відаць, зразумеў: не дыплом важны сам па сабе, а тое, што за дыпломам, што ў яго хапіла розуму перажыць, узвысіцца над цялячай радасцю сяго-таго са сваіх аднакурснікаў, тых, для каго ромбік на лацкане пінжака быў адзнакай вышэйшасці, адзнакай яго службовай і чалавечай годнасці.

У яго гэтага не было. Можа быць, не было б і без Леры. А з ёй — тым больш. Пачуццё кахання не прыглушыла, не прынізіла ягонага захаплення ёю, ягонай павагі да яе. Мо нават наадварот. З гадамі, чым больш пазнаваў яе, тым больш паважаў і абагаўляў яе. Тады, як ішоў з ёю з райцэнтра ў Чырвоны Бор, увайшло ў яго душу адчуванне таго, што гэтая новая настаўніца, гэтая тоненькая і зграбная, з пухлымі вуснамі і вялікімі шэрымі вачамі Валерыя Віктараўна — не такая, як іншыя, як ён сам, Кім Курловіч, як усе тыя, каго ён дасюль ведаў і сустракаў. Усе яны былі людзі звычайныя. Звычайныя па гаворцы, па хадзе, па адзенні, па паводзінах. А яна была незвычайная. Раней не чуў ён ад каго-небудзь, што назва іхняга сяла Чырвоны Бор чымсьці адметная, прыгожая, нават паэтычная. Людзі, у тым ліку і ён сам, нараджаліся, жылі тут гадамі, рабілі і паміралі і не здагадваліся аб тым, што ім пашанцавала нарадзіцца і жыць у такім слаўным месцы. А яна толькі што прыехала, пажыла тут літаральна некалькі дзён, пару тыдняў, а — адчула, убачыла, скінула з наваколля, з вёскі, з яе назвы прасцірадла звычайнасці, будзённасці і ўгледзела прыгажосць, паэтычнасць. А як яна гаварыла пра ўсё гэта?! Ён, слухаючы, і сам пачынаў глядзець на ўсё нібы іншымі вачамі, здзіўленымі і шчаслівымі вачамі. У яе гаворцы не было ніводнага брыдкага слова, якое б рэзала вуха, абражала слых. А як яна паводзіла сябе з ім, са звычайным вясковым хлопцам, які ўмеў толькі адно — круціць баранку? Яна не ўніжала яго, не паказвала ні словам, ні жэстам, ні рухам, што ён нікчэмнасць, нішто ў параўнанні з ёю,— яна гаварыла з ім, як з раўнёю, выклікала яго на спрэчку, каб даказаць сваю праўду, каб пераканаць яго, што ён памыляецца. І яму было лёгка з ёю, ён адчуваў, вядома, дыстанцыю між ёю і сабой, але не прыгнечанасць. Ды што казаць! Усё ў ёй было незвычайнае. Нават сукенка, звычайная квятастая сукенка, сядзела на ёй незвычайна, здавалася, што ні на кім іншым яна гэтак сядзець не будзе...

І вось яны сталі мужам і жонкай, у іх расце дачушка Юлька, ёй ужо чатыры гадкі з хвосцікам, а ён, Кім Курловіч, шчаслівы, што не растраціў тое сваё колішняе пачуццё, што пры ўсёй сваёй блізкасці і роднасці ягоная Лера застаецца па-ранейшаму незвычайнай.

Яму пашчасціла ў жыцці. Спачатку пашчасціла на маці. Маці, вядома, ніхто не выбірае, і таму іх не бывае добрых і благіх. Маці ёсць маці. Гэта ён разумее. І тым не менш з пэўнай пары, калі пачаў думаць, што такое ён, Кім, у гэтым свеце, з чаго і дзеля чаго прыйшоў ён у жыццё, усё больш і пераконваўся, што лёс да яго паставіўся спагадна. Найперш тым, што падараваў яму такую маці. Такую ласкавую, добрую, пяшчотную, спагадную. Для яго гэта не пустыя словы. Цяпер ён ведае, што да канца дзён сваіх зберажэ ў душы мяккі матчын голас, цеплыню яе рук, пяшчоту вуснаў на сваім ілбе. Зберажэ тое даўняе і салодкае адчуванне ўтульнасці, цеплыні і абароненасці ад усялякага ліха і бяды, якое ён зведваў у хвіліны, калі маці туліла яго да сябе, абдымала яго, малога, рукамі і ўсім сваім цёплым, мяккім, вялікім целам. Ад маці, а не ад каго-небудзь, навучыўся ён усяму, што ўмее і ведае. Калі і не ўсяму, дык, прынамсі, вельмі і вельмі многаму. Яна перадала яму ўсе свае веды і ўмельства, уяўленні і разуменні і тым самым стварыла грунт, на якім яму было лацвей і лягчэй браць веды і ўмельства ад іншых людзей, лацвей і лягчэй ісці па жыцці. Ягоная маці, меўшы за плячамі толькі пяць класаў адукацыі, была надзелена высокай прагай духоўнасці. У яе ў душы заўсёды жыла мара аб лепшым, прыгажэйшым жыцці, жыла здагадка аб тым, што чалавек павінен узвышацца над будзённымі клопатамі, што ягонае прызначэнне на зямлі больш высокае, чым можа падацца, калі зыходзіць з яго нялёгкага пакуль што жыцця-быцця. Маці наўрад ці магла б сказаць пра ўсё гэта цвяроза і выразна, але што такое адчуванне і разуменне жыло ў ёй праз усё жыццё, ён, яе сын, не сумняваецца. Бо, не ўмеючы сказаць, яна ўсё ж змагла і яму перадаць гэтае душэўнае парыванне, сваю неспатольную прагу духоўнасці. І гэта не выхвалянне. Яму заўсёды хацелася нечага незвычайнага, таго, што ўзвышалася б над будзённым, што было б непадобнае на паўсядзённае, звычайнае, множымае. Смешна казаць, але, яшчэ будучы хлапчанём, ён рабіў сабе цацкі не такія, якія былі ў ягоных сябрукоў. Яго аўтамат быў не кавалкам сяк-так абчасанай дошкі, а адмыслова выразаны, абгабляваны і адшліфаваны, старанна выштукаваны і апалены, каб быў чорненькі, з мушкай, з курком і затворам, з бляшкамі для рэменя, з выгляду амаль як самы сапраўдны, і ў дадатак да яго была прымацавана драўляная трашчотка, пры дапамозе якой ён страляў-стракатаў аглушальна. І рагатка ў яго была не звычайным рагачыкам з дзвюма гумкамі і скурацікам, а хутчэй арбалетам з прыкладам, прыцэльнай мушкай і спускавым кручком. Нават звычайная вярбовая свісцёлка, якія яны, хлапчукамі, рабілі вясною, калі ў дрэвах абуджаўся сок, у яго была адметная — аздоблена інкрустацыяй, выпальваннем, а затычка была выразана ў выглядзе птушынай галоўкі з разяўленай дзюбкай...