Выбрать главу

Наўрад ці думаў ён пра гэта ў тыя хвіліны. Проста на нейкае імгненне адлягло ў яго ад сэрца, калі, пачуў, што з Юлькай, з дачушкай, усё ў парадку, спытаў ужо цішэй:

— А з мамай што? Сэрца хапіла зноў? І моцна?

Лера, не адымаючы галавы ад ягоных грудзей, закруціла ёю:

— Не, Кімачка, не... Няма ўжо мамы нашай, няма...

Абліло яго варам, ногі мяккія зрабіліся, бы ватовыя, каб не Лера, дык ці ўстаяў бы, ці ўтрымаўся б.

— Што ты кажаш, Лера?! Што ты кажаш!

Яна маўчала, плачучы ў яго на грудзях.

Ён скрануўся нарэшце з месца, памкнуўся да ганка, каб пайсці ў хату. Жонка прытрымала яго.

— Не трэба туды, Кімачка. Не трэба... Там жанчыны... Хадзі сюды, пабудзь тут, са мной...

Яна правяла яго, як малога, па надворку за хату, пад паветку за істопкай, пасадзіла на калоду, на якой ён калоў дровы, сама села на козлы.

— Пасядзі тут, Кім...

Ён спытаў:

— Калі, Лера?

— Гадзіны дзве назад...

— Пры табе? Ты бачыла?

Яна заплакала зноў:

— Пры мне, Кімачка... Лепш бы... Я думала, што сама зайдуся... Кропель накапала, падала, яе на ложак, на падушкі, паклала... Ёй быццам палягчэла. Я кажу: пабягу па Насцю, а яна вачамі міргнула, паказала на нешта ці сказала нешта. А я не зразумела: бегчы сказала ці не бегчы...

Ён паклаў сваю руку на яе руку, пагладзіў моўчкі. Яна падхапілася са свайго седала, узлегла жыватом, локцямі яму на калені, галавою ўткнулася яму ў грудзі, загаварыла хуценька, усхліпваючы:

— Прыбеглі мы з Насцяй, Насця маму за руку — пульс шукае, паслухала хвілінку, апусціла руку на ложак, за шпрыц ды ўкол... Мама вочы расплюшчыла, на нас паглядзела. Насця абрадавалася, кажа: от і добра, цётка Каця, паміраць вам рана яшчэ, унучку яшчэ трэба замуж аддаць... А мамачка гэтак рукою на грудзі паказвае, на свае, і вачамі гэтак сюд-тут павадзіла — памаленьку так, бы ёй цяжка-цяжка... Маўляў, не ўжо, Насцечка, усё ўжо...

Яна замоўкла, ён таксама маўчаў, ціхенька гладзячы яе сваёю праваю рукою па плячах.

— Насця зноў пульс у мамы знайшла, паслухала яе, яшчэ адзін укол зрабіла. Кажа: павінна адпусціць... А мама раптам напружылася ўся, нібы хацела падняцца, сесці на ложку, рот прыадкрыла, каб сказаць нешта, і ўся абвяла... Я гляджу, стараючыся ў вочы ёй глядзець, каб хоць па вачах зразумець яе, а вочы ў яе...

— Што — вочы?

— Не маміны ўжо, Кімачка,— загаласіла Лера.— Нерухомыя, невідушчыя... Не бачаць ужо нічога вочы яе... Я такое першы раз бачыла. Каб ты ведаў, Кімачка... Страшна мне зрабілася... Насця, кажу, Насця, што ж гэта?..

— Ціха, Лера, ціха, родная. Не трэба... Ты памаўчы, памаўчы...

Яна падняла галаву, паглядзела на яго, заківала:

— Ага, ага...

Яны пажылі ў старой матчынай хаце крышку больш чым два месяцы. Без маці хата зрабілася няўтульнай і пустой. У Леры пачалася школа, і не было на каго пакінуць Юльку — даводзілася папераменна, то яму, то ёй, браць дачку з сабой на работу. Шмат нязнанага раней клопату прыносіла гаспадарка, найперш жыўнасць, а сярод яе ў першую чаргу — карова. Усё гэта трэба было накарміць, напаіць, выгнаць на пашу, сустрэць з пашы, падаіць, што раней рабіла, нібы між іншым, маці. А да ўсяго яны абое адчувалі сябе ў хаце не так, як раней. Быццам вусцішна стала ім у яе сценах. Ён разумеў, што гэта дзіцячыя страхі, што яму, сталаму чалавеку, прытым роднаму сыну, грэшна і думаць пра нешта такое,— разумеў, але, тым не менш, заходзячы ў хату, калі там было цёмна, усё ж сцінаўся, угінаў плечы. Бачыў, што нешта падобнае адчувае і Лера. І калі напярэдадні Кастрычніка ў калгасе здавалі васьмікватэрны двухпавярховы дом, ён, Кім, пагаварыў з Сяргеем Ягоравічам наконт кватэры ў тым доме. Абгрунтоўваў сваю просьбу, вядома, не гэтымі страхамі, а тым, што хата старая, струпехлая, рамантаваць яе — лепш ставіць новую, а яшчэ тым, што цяпер, без маці, ім наўрад ці давядзецца трымаць карову, вагаюцца нават наконт свінчаці, так што ім вельмі дарэчы была б кватэра накшталт гарадской, прытым менавіта ў гэтым доме, бо ён стаіць побач са школай, і Лера будзе мець магчымасць нават на перапынку збегаць і паглядзець, што робіць малая.

Просьбу гэтую ўважылі, і на Кастрычніцкія святы яны справілі наваселле...

А пасля, недзе праз тыдзень, ён раскідваў матчыну хату. Хату, у якой нарадзіўся і вырас.