Перад тым як раскідваць, схадзіў на могілкі, пасядзеў ля матчынага грудка. Ён ужо не выглядаў свежым. Дзёран, якім абклаў магілку праз некалькі дзён пасля пахавання, прыняўся, утравеў. Драўляны слупок з дошчачкай абсівераў на ветры, дажджы і сонцы. Кім з сумам і маркотаю глядзеў на ўсё гэта, у думках гаворачы з маці, просячы ў яе прабачэння, што ён так скора наважыўся рушыць яе і сваё гняздо.
Асаблівай згрызоты ён не адчуваў, бо маці і сама колькі разоў загаворвала аб тым, што ім, маладым, трэба думаць пра новую хату — альбо ставіць тут, на сваім котлішчы, альбо прасіць у калгасе кватэру, балазе іх пачалі будаваць. І ўсё ж на душы было горка. Зноў, каторы раз, падумаў пра тое, што апошнім часам ён, мусіць, і не пагаварыў з маці як след, як гаварыў калісь, ужо і хлопцам, што і той раніцай, снедаючы з матчыных рук апошні раз, сэрца не падказала яму ні сказаць маці што-небудзь цёплае, ні абняць. А от жа Леру ён ні разу не забываўся перад адыходам абняць і пацалаваць.
Горка было і ад гэтай турботы, якая прывяла яго сюды, да маці. Хай бы стаяла, пакуль стаіць, іхняя хата! Але ж, з другога боку, колькі і навошта будзе яна стаяць? Быць, пакуль абваліцца дах і абсунуцца сцены, прыстанкам мышэй, пацукоў і тхароў? Каб людзі гаварылі? А тут прыйшоў да яго, Кіма, сусед, Якуб Маўчан, і, бянтэжачыся, топчучыся ў парозе, хоць ён ледзь не сілком цягнуў яго прайсці і сесці, папрасіў:
— Калі ты, Вікенцьевіч, туды, на сваё котлішча, вяртацца не думаеш, то мо не будзеш пярэчыць, калі мы пачнём там ставіць хату Пецю майму? Ты ж, Вікенцьевіч, ведаеш, адслужыў ён. І во, не як іншыя, у горад не хоча. Дык мы з бабай падумалі, што хай бы побач з намі будаваўся? Ён жа, Вікенцьевіч, ужо і дзеўку сабе нагледзеў. Яшчэ ж да арміі з ёй круціўся. Мо ведаеш, у Селішчы... Не ў самім Селішчы, а на пасёлку. Там жа толькі тры хаты ацалелі... Дык от Рыбака таго, што пад самым лесам сядзіць, дзеўку вынюхаў... Няхай! Што нам да таго з бабаю? Упадабаў, то і добра... Дык як ты, Вікенцьевіч? Не будзеш пярэчыць?
Чаго ж ён будзе пярэчыць? Хай будуецца яго Пеця. Месца неблагое. Не высокае і не нізкае. Зацішнае. Хай будуецца!
А сваю старую хату ён, Кім, раскідае і зложыць з яе лазеньку. Не хопіць хаты, дык дадасць якое цалейшае бярвенца з хлява і гумна. Гэта ж Якуб, сам таго не ведаючы, падказаў яму, што рабіць з бацькоўскай спадчынай. Новыя суседзі, радуючыся і выхваляючыся адно перад адным амаль гарадскімі сваімі харомамі, неяк загаварылі пра тое, што мець у хаце балею з гарачаю вадою вельмі добра, вядома, аднак жа яны ўсе, вясковыя людзі, прывыкшы найперш да лазні. Лазня ў калгасе ёсць, але стаіць далекавата, на другім канцы Чырвонага Бору, ля рэчкі. Дык от добра было б ім, тром-чатыром суседзям, скідаць непадалёк сваю лазеньку — невялічкую, хоць бы сабе тры на чатыры, з маленькай печкай і бочачкай, каб, калі захочацца, бярэмцам дроў нагрэць яе і папарыць плечы. Тады ён, Кім, не даўмеўся да таго, каб сказаць: дык чаго ж тут думаць, вунь стаіць мая старэчына, жыць у ёй не выпадае, а добрай справе якраз мо і паслужыць. Прыйшло яму гэта ў галаву, калі слухаў Якуба...
І вось ён з суседам справа — трактарыстам Андрэем: Дубоўскім і суседам злева — настаўнікам Феліксам Сямёнавічам халоднай лістападаўскай, але сухой нядзеляю раскідвае матчыну хату. Прыйшлі яны ўтрох на падворак, пастаялі, паглядзелі, пастукалі абухам сякеры па бёрнах, пакурылі другі ці трэці раз, а пачаць дык і не рашаюцца. Фелікс Сямёнавіч пацепваецца, з нагі на нагу пераступае, пазяхае, быццам паказваючы ўсім сваім выглядам: лапнеце, дык памагу, а не, дык мне тое не надта і трэба. Дзядзька Андрэй, хоць і быў старэйшы ў кампаніі, чакаў, што скажа, калі дасць каманду Кім. А той быццам забыўся, чаго прыйшоў, што рабіць наважыўся. Неяк вусцішна было яму на родным дворышчы. Не адразу і ў хату зайшоў. Спачатку ў хлеў зазірнуў, у гумно. Пасля ўжо зняў замочак з прабойчыка, што зачыняў дзверы ў хату. Усё тут было гэтак жа, як і пакідаў, калі перабіраліся ў мураванку. У запечку на падлозе стаяў стары, часткаю дзіравы, часткаю пабіты посуд, у качарэжніку, прыкрытыя знізу венікам-дзеркачом, тырчалі вілачнікі і чапяла, на пасуднай палічцы цямнеў аплецены гліняны гляк, на печы і на грубцы ў другой палове хаты валяліся розныя старыя неданоскі-транты, пры сцяне, там, дзе і заўсёды, тырчала на трох нагах — чацвёртая падламалася даўно, Кім хадзіў тады ці не ў пяты клас — сплеценая з лазовых дубцоў этажэрка, пад столлю, над грубачкай, на алюмініевых петлях вісеў шасток, на ім маці заўсёды вешала цыбулю — доўгія залацістыя вянкі, якія, абшчыпленыя, вясною, перад вялікаднем, клаліся ў гаршчок з яйкамі ўперамешку — маці хоць і не верыла ў бога, а яйкі перад вялікаднем фарбавала... Ён і сам не ведаў, чаго заходзіў у хату. Паглядзеў на ўсё, пастаяў там хвіліну, а пасля выйшаў на падворак, да дзядзькі Андрэя і Фелікса Сямёнавіча, сказаў: