Успомніў, як упершыню, школьнікам, чытаў пра подзвіг трох герояў, як яму было шкада іх, маладых і прыгожых хлопцаў — ён, здаецца, ці не плакаў тады. І цяпер у яго таксама быццам падкаціўся пад горла нейкі камяк, і было сумна, горка, тужліва — як нядаўна на могілках, ля матчынага грудка.
Потым, зусім знячэўку, прыбегла думка аб тым, што неаднойчы чытаў, як вось так, разбураючы старыя котлішчы, людзі знаходзілі скарбы, розныя дакументы. Вось і ён знайшоў. Пяць нумароў газеты. Якім столькі ж гадоў, колькі і яму. Пэўна, чытаў іх бацька. Бацька і дзед. Трымалі ў руках вось гэтак, як цяпер трымае іх ён, чыталі, пэўна, уголас, каб іх маглі чуць і ўсе іншыя хацінцы, абгаворваючы, пераказваючы тыя ці іншыя заметкі, здзіўляліся, абураліся, смяяліся... А потым нейкім чынам яны трапілі на гарышча. Якім жа? Калі? Мо ў вайну? Калі ў вайну, то чаму? Маці ж казала, што хавалі ўсё савецкае. Кніжкі — таксама. Дык мо і газеты? Бацькі ў вайну ўжо не было, значыць, хутчэй за ўсё, схавала маці. Праз дваццаць гадоў пасля вайны знайшоў іх ён. А ў яго ёсць дачушка Юлька. Яна падрасце, і ён пакажа ёй гэтыя газеты і раскажа, як і дзе ён іх знайшоў і хто іх чытаў да яго. Так выстрайваецца цэлая лесвічка — ад прадзеда да праўнучкі. Сямейная эстафета праз гады. І думае ён пра ўсё гэта дзякуючы вось гэтым пажоўклым, крохкім, амаль сатлелым газетным старонкам, якія зберагла яго старая, родная хата. А ён яе раскідвае. Сам. Сваімі ўласнымі рукамі...
Ад невясёлага одуму яго адарваў Селівончык. Пад'ехаў і гукнуў, высунуўшыся з кабіны:
— Вікенцьевіч! У кантору клічуць!
Схамянуўся ён, зірнуў на сваіх памочнікаў-хаўруснікаў. Фелікс Сямёнавіч прамаўчаў, а Дубоўскі кіўнуў:
— Едзь, Вікенцьевіч. Мы столь падымем і вокны выставім. Дык і без цябе адужаем. А там усё адно трэба каня. Каб раскідаць і перавозіць. Пакідаць гніллё пад дождж няможна... Так што едзь, калі клічуць.
Кім піхнуў газеты за пазуху, скочыў долу і пайшоў да машыны...
КРАСАВІК 1969 ГОДА
Журналіст быў малады хлопец. Зрэшты, як высветлілася пасля, яшчэ і не зусім журналіст, а студэнт. Вучыўся яшчэ на журналіста і праходзіў у газеце практыку. Вось яго, зялёнага практыканта, і прыслалі ў Чырвоны Бор разабрацца са скаргай, што паступіла ў рэдакцыю. Скарга была ананімная. Гаварылася ў ёй, што ў калгасе не клапоцяцца аб маладой змене механізатараў, нічога не робяць для таго, каб маладыя хлопцы заставаліся ў роднай гаспадарцы, сцвярджалася, што маладым не давяраюць новай тэхнікі, прымушаюць працаваць на дабітых трактарах і тым самым адбіваюць у моладзі ўсялякую ахвоту атабарвацца пасля арміі ў вёсцы.
Журналіста-практыканта Кім выпадкова напаткаў у канторы. Надвячоркам зайшоў туды, а там у калідоры да яго нясмела, нерашуча памкнуўся незнаёмы, не чырванаборскі хлопец у кароткім і тонкім палітончыку і ў капелюшы і запытаў:
— Даруйце, не вы будзеце Сяргей Ягоравіч?
— Не, я не Сяргей Ягоравіч,— адказаў Кім.
— А не ведаеце, дзе мне яго пабачыць? — зноў запытаў хлопец.
Кім запыніўся, загаварыў з хлопцам. Той і расказаў, хто ён і чаго прыехаў. Кім ніколі раней не сутыкаўся з журналістамі акрамя як з раённай газеты і крыху не то збянтэжыўся, не то разгубіўся. Гэта ж ён, Кім, як калгасны інжынер, і ёсць, выходзіць, той, хто не дае ходу маладым у Чырвоным Бары, не давярае ім новай тэхнікі. Хто ж гэта, цікава, такое папісаў ажно ў сталічную газету, у Мінск?
— Дык вам і не трэба, мусіць, чакаць Сяргея Ягоравіча,— сказаў Кім, выслухаўшы хлопца.— Нам з вамі, пэўна, давядзецца разбірацца, ці праўда гэта, ці мана. Пісьмо ў вас? Можна паглядзець? Ой, выбачайце, я не назваўся — я інжынер, Кім Вікенцьевіч Курловіч.
Хлопец абрадаваўся, палез у кішэню і дастаў складзены ў некалькі столак лісток. Падаючы яго, сказаў быццам з нейкім жалем у голасе:
— Пісьмо не падпісана. Але рэдактар сказаў: з'ездзі, гэта недалёка, паглядзі па месцы, а раптам праўду піша чалавек, дык і праблемны матэрыял зробіш...
Кім прабег кароценькае, без даты, подпісу і зваротнага адраса пісьмо, перасмыкнуў плячамі ў недаўменні. Калгас названы іхні, чырванаборскі, але акрамя гэтага ніякай, як кажуць, канкрэтыкі, ні фактаў, ні прозвішчаў, ні лічбаў.