Ён не стрымаўся, прамовіў:
— Па-мойму, пустое пісьмо. Праўды тут — ніякай. І каб хоць падпісана было... У рэдакцыі звяртаюць увагу і на такія?
Хлопец няўпэўнена адказаў:
— Не ведаю. Я ж вам гаварыў: рэдактар сказаў пад'ехаць, а раптам...
— Ніякага раптам,— перапыніў яго Кім.— Заўтра пойдзем з вамі на машынны двор, пагаворыце з механізатарамі — і з маладымі, і са старымі. Самі пераканаецеся. Хлусня ўсё.
Ён вярнуў хлопцу ліст і пайшоў быў да дзвярэй, забыўшыся на тое, чаго ішоў сюды. Але потым, нібы што ўспомніўшы, вярнуўся назад, да хлопца. Кіму кінуліся ў вочы чаравікі на нагах у гэтага зялёнага журналіста — старыя, няйначай дзіравыя, наскрозь прамоклыя.
— Вы з раёна пешшу ішлі? — спытаў.
— Пешшу,— адказаў хлопец і таксама спытаў: — А што?
— Нічога,— ухіліўся Кім і як загадаў: — Пойдземце да мяне. Абсушыцеся, павячэраем разам. Там і пагаворым.
Хлопец не ўпарціўся, пайшоў услед за ім.
Была ўжо вясна. Ранняя, але вясна. Днём добра-такі прыпякала сонца, снег увачавідкі асядаў, рабіўся дзіравым. У глыбокіх каляінах ад саней беглі раўчукі, дарога размякла, ногі слізгаліся і правальваліся ў набрынялы вадою, яшчэ нядаўна цвёрды наст.
Кім ішоў поруч з хлопцам, саступаючы яму вышэйшую, сушэйшую сцежку, зважаючы на яго чаравікі-паўбацінкі, а сам смела шлэпаў у сваіх гумовіках. Шлэпаў і думаў пра хлопца. Думаў пра тое, ці была ўжо такая пільная патрэба пасылаць гэтага ціхмянага — а журналісты ж, кажуць, на хаду падмёткі адрываюць! — хлопца з Мінска ў іхнія няблізкія мясціны такой парою ў такой апратцы і абутцы. Наўрад ці была! Аднак жа штосьці і спыняла яго ад таго, каб вось так, адным махам, пакрыўдзіць і гэтага хлопца, і ягонага рэдактара. Мусіць, ёсць нейкая праўда і на іхнім баку. Паехаў жа ён не на прагулянку, не ў тралейбусе па праспекце ад вакзала да Камароўкі. Паехаў з намерам ці жаданнем памагчы аўтару гэтага ананімнага пісьма. Паехаў, бо і рэдактар, і ён сам, гэтае хлапчанё, думалі: а мо і праўда там крыўдзяць каго-небудзь, робяць нешта не так. Ужо за адно гэта яны варты павагі, гэтыя журналісты і рэдактары. Ён, услед за распаўсюджанай думкай, часта пасміхваўся з іх пісаніны, найперш у сваёй, раённай газетцы. Пісаніна гэтая частавата не выклікала даверу. Прачытае замалёўку пра іхняга ж, чырванаборскага, трактарыста ці, скажам, даярку і ловіць сябе на думцы, што не так расказана пра чалавека, што чалавек гэты на самой справе не такі — нібыта горшы, чым пра яго напісана. Зрэшты, мо і не горшы, але не такі святы. У газетнай заметцы трактарыст той — анёл, дый годзе, толькі і думае дзень і ноч навылёт, як лепш узараць ці пасеяць. А на самой справе таму трактарысту ён, Кім, не адзін раз учыняў разнос, што і трактар не беражэ, што і гультаяваты, не надта перадасць на калгаснай рабоце... А цяпер вось нечакана падумаў пра тое, што, пэўна, так і трэба. Яны тут, у вёсцы, кожнага чалавека ведаюць, як кажуць, з вантробамі, а газетку тую выпускаюць не для адной іхняй вёскі, яе ва ўсім раёне чытаюць, і, мусіць, тое і добра, што яго чырванаборскі трактарыст у людскіх вачах убачыцца лепшым, чым ён ёсць на самой справе. Навошта ж тады пра яго наогул расказваць у газеце, калі ён не лепшы? Людзям трэба прыклад, узор, вось вам, калі ласка, і ўзор. Не надта высокі, не надта зіхоткі, але ўсё ж — узор. І самому трактарысту прачытаць тыя нібы надта ж хвалебныя радкі таксама карысна. Ад адной-дзвюх заметак чалавек не заганарыцца. А вось думка пра тое, што працаваць яму трэба лепш, што наогул яму трэба быць лепшым, каб апраўдаць неяк дадзены яму аванс, якраз і прыбяжыць. Так што не варта бурчэць і папракаць газетчыкаў, а варта, наадварот, зразумець іх і падтрымаць, пахваліць...
Дома ён прымусіў хлопца разуцца і абуць яго, Кімавы, валёнкі, пасадзіў, пакуль Лера збірала вячэру, да расчыненай грубкі. Хлопец саромеўся, бянтэжыўся, маўчаў. Ажывіўся ён трохі за вячэрай, асабліва пасля чаркі гарэлкі, якую хоць і аднекваўся, але ўсё ж выпіў. Потым выпіў і другую і разгаварыўся. Пра пісьмо, па якім прыехаў, не ўспамінаў. Гаварыў больш з Лерай, чым з Кімам. Расказваў ёй пра навіны кіно, тэатраў, пра новыя кнігі. Найбольш асвойтаўся, калі яны ўсе пасля вячэры выйшлі з кухні ў залу, да тэлевізара. Але неўзабаве тэлевізар адышоў на другі план. Лера тым часам жыла сваім новым клопатам — надумалася зрабіць у школе музей ці хоць бы куток баявой і працоўнай славы. Набліжалася дваццаць пятая гадавіна з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і яна разам з дзецьмі завітала ў кожны дом, у кожную сям'ю, у якой хоць хто-небудзь быў на фронце ці ў партызанах, сабрала не адзін дзесятак франтавых пісьмаў, больш за сотню фотаздымкаў жывых і загінуўшых чырванаборцаў. Здымкі тыя былі раскладзены на стале — Лера якраз парадкавала, разбірала іх, падклейвала на спецыяльна выразаныя кардонкі. От гэтыя пісьмы і фотаздымкі і ўбачыў іх неспадзяваны сталічны госць і забыўся на ананімнае пісьмо, праз якое прыехаў сюды, у Чырвоны Бор.