Выбрать главу

— Валерыя Віктараўна, і вы самі ўсё гэта сабралі? — здзіўляўся ён.— У кожнай хаце пабылі?

— Чаму ж сама? — бачачы гэтую ягоную ўсхваляванасць, бянтэжылася і Лера.— Разам з вучнямі. Тут, у Чырвоным Бары, сама, можна сказаць, усіх абышла, а ў другіх вёсках калгаса — дзеці мае. Абышлі ўсе хаты і папрасілі даць пісьмы, фотакарткі, іншыя дакументы і рэчы для музея.

— І людзі адгукнуліся? Во як дружна адгукнуліся, Валерыя Віктараўна! Трэба берагчы памяць. Без памяці чалавек нішто! Мы і так вельмі шмат не збераглі, па-дурному змарнавалі! Праўда ж, Валерыя Віктараўна? — распаляўся ён.

Лера слухала яго памяркоўна, трошачкі мо нават паблажліва, як вучня, што непамерна, знарочыста актыўнічае, спадзеючыся тым самым падмануць настаўніцу і вымусіць яе паверыць, што ён хатняе заданне зрабіў. Аднак жа ёй было і прыемна. Бо напачатку, калі яна прапанавала зрабіць у школе музей ці куток, падтрымку яна не надта знайшла. Нават Карней Васільевіч моршчыўся. Маўляў, у іх цесна і без таго, і на ўсё гэта трэба сродкі — парабіць стэнды, перафатаграфаваць здымкі, аформіць, намаляваць, падпісаць, маўляў, гэта хутчэй клопат клубных работнікаў і калгаса, а не школы і настаўнікаў. Але яе падтрымала Марыя Міхайлаўна, разумна і талкова адкінуўшы прэч сумненні і лагічна сцвердзіўшы неабходнасць такога музея. Не мажлівасць, сказала, а неабходнасць. Бо дзеці пад суровым паглядам сваіх загінуўшых і жывых дзядоў і прадзедаў, партрэты якіх будуць тут, у школьных сценах, несумненна, будуць і лепш вучыцца, і лепш сябе паводзіць. І вось цяпер пра гэта ж самае гаворыць гэты хлопчык-журналіст.

— Не, Валерыя Віктараўна, вы проста не ўяўляеце, якую карысную і вялікую справу вы задумалі! — гаварыў ён, перабіраючы пажоўклыя, цьмяныя, малюпасенькія, як для дакументаў, і трошкі большыя, але таксама невялікія, часцей за ўсё аматарскія фотаздымкі, узіраючыся ў іх пільна-пільна, бы на іх адбіліся абліччы ягоных сваякоў ці знаёмых.— Я пра вас напішу! Праўда, праўда, напішу! Грэх будзе, калі не зраблю гэтага. Які ж з мяне, трасца ў бок, журналіст, калі ўсё гэта пройдзе міма мяне? Ніякі не журналіст! Не, я напішу! Заўтра пайду разам з вамі ў школу, пагавару з дзецьмі, з настаўнікамі, абыду, як і вы, усе хаты ў Чырвоным Бары і напішу...

Ён і сапраўды пабыў у школе, пасядзеў на ўроку ў Лоры, пагутарыў з Іванам Фёдаравічам, пахадзіў і па чырванаборскіх хатах. Быў ён і на машынным двары. Прыйшоў і папрасіў Кіма сабраць усіх на колькі хвілін. Калі механізатары сабраліся ў цесным пакойчыку чырвонага кутка, ён прачытаў ім пісьмо і спытаў:

— Скажыце мне, калі ласка, хто гэта папісаў?

Усе маўчалі.

— Значыць, з вас ніхто не пісаў? Тады ж хто?

На гэты раз адусюль загулі:

— Адкуль мы ведаем! Не мы!

Хлопец павярнуў пытанне іншым бокам:

— Добра, вы не пісалі. Ну, а скажыце, тут праўда напісана?

— Лухта тут напісана! Некаму не было чаго рабіць!

— А калі лухта, дык — навошта? Пісалася і пасылалася навошта?

— Спытайцеся ў таго, хто пісаў!

— Хацеў бы,— спакойна адказаў хлопец.— Ды, зрэшты, гэта не так і важна. Галоўнае мы высветлілі. Высветлілі, што пісьмо не адпавядае сапраўднасці.— Ён злажыў лісток і, перад тым як пакласці яго ў кішэню, сказаў: — Па почырку можна было б лёгка пазнаць аўтара. Тым больш, што ён, мне здаецца, сярод вас. Не з суседняга ж калгаса яго паслалі!

— Ану, пускай па руках! — падхапіўся Пецька Яскевіч.

— Давай! Жыва пазнаем! — падтрымалі яго многія.

Кім, які стаяў тут жа, зірнуў на практыканта-журналіста запытальна: што ён зробіць? Хлопец спакойна злажыў лісток і паклаў у кішэню:

— Мусіць, не варта. Мы не следчыя. А таварышу вашаму хай будзе сорамна ўсё ж. У рэдакцыі да кожнага пісьма ставяцца з даверам. Бо могуць быць і сур'ёзныя прычыны, па якіх чалавек не можа падпісацца пад пісьмом...

Журналіст і другую ноч начаваў у іх, у Кіма з Лераю. Яны, трое, вячэралі, калі ў хату зайшоў Сяргей Бурлак з Селішча. Ад парога папрасіў:

— Вікенцьевіч, на два словы — можна?

Яны выйшлі ў сенечкі.

— Ну, што ў цябе, Бурлак? — спытаў Кім, бачачы, што хлопец не рашаецца гаварыць, чаго прыйшоў.

— Гэта я, Вікенцьевіч...