Выбрать главу

— Што — ты?

— Ну, ананімшчык... Крыўдна было... От пад гарачую руку і накрэмзаў...

Кім ад неспадзяванасці толькі крэкнуў. А Бурлак паспешліва дадаў:

— Па-дурному, Вікенцьевіч! Даруйце... І не кажыце нікому. Добра?

— Па карку б табе з'ездзіць харашэнька, Бурлак! — адказаў Кім і павярнуўся да дзвярэй у хату.

— Не скажаце, Вікенцьевіч? Я прашу...

— Ідзі ты!

Калі Кім вярнуўся да стала, Лера спытала:

— Чаго ты ўсміхаешся?

Ён адказаў не ёй, а журналісту:

— Ананімшчык твой прыходзіў. Сорамна стала...

Вочы ў хлопца загарэліся:

— І што сказаў?

— А што ён скажа? Пад гарачую руку, крыўдна было... А чаго крыўдаваць? На каго крыўдаваць? На сябе трэба было б крыўдаваць! Даў яму новенькі «Беларус». Папярэдзіў: беражы, як свой матацыкл! Дык першы-другі тыдзень трымаў дысцыпліну. А пасля раз трактар ля хаты пакінуў, другі. Я папярэдзіў, каб заганяў на машынны двор. Зноў — тыдзень-другі ўсё было нармальна. А пасля зноў за сваё. І не проста заначоўваў. Аднойчы ноччу вазіў сваім селішчанцам дровы з Горнага рова. На прычэпе. Пад прычэп падбіўся ці то пень, ці то корч-выварацень. Дык паленаваўся скінуць алешнік, а пачаў ірваць гружаны прычэп. Ну, і цягу парваў, ледзь трактар не ўгробіў... От я і ссадзіў малайца з новага «Беларуса» і перасадзіў на стары гусенічны. Дык крыўда ўзяла...

Журналіст, выслухаўшы гэта, усклікнуў:

— І пра гэта напішу! Абавязкова напішу! Скажу я вам, мае добрыя слаўныя людзі, што мне здорава пашанцавала! Першая мая камандзіроўка будзе не пустой! Не пустой!

Ліха яго ведае чаму, але ён, Кім, быў рады за гэтага жаўтаротага студэнта-журналіста. Пра тое, што ён гразіцца напісаць пра іх — і пра Леру, і пра яго, адразу пра дваіх, не думалася. Не надта і верылася, што гэта хлапчанё напіша нешта слушнае, а калі і напіша, дык наўрад ці надрукуе той самы рэдактар ягоныя крэмзы. Рады быў, канечне, па другой прычыне. Яму падабалася бачыць, быць побач з тымі людзьмі, якія былі не раўнадушныя да таго, што рабілі. За гэта, пэўна, прыйшоўся да душы і студэнт. Неабыякавы ён быў да ўсяго, што бачыў і чуў у Чырвоным Бары. Якая ні нікчэмная прычына прывяла яго сюды, але і да яе ён паставіўся сур'ёзна, дакапаўшыся, няхай сабе і выпадкова, да канца. От за гэта і падабаўся яму гэты гарачлівы, увесь быццам узвінчаны, а мо і проста ўзбуджаны ад празмернага хвалявання малады хлопец, з якога, трэба спадзявацца, з цягам часу сапраўды выйдзе журналіст.

Калі яны ішлі спаць наверх, дзе былі іхняя спальня і Юльчын пакой, пакідаючы госця, як і ўчора, тут, у зале, на першым паверсе, ён раптам запытаў:

— Ці мне падалося ўчора, але вы, даруйце, нешта чыталі перад сном?

— Вам чуваць было? — перапытала Лера.

— І чуваць, і не чуваць. Падалося, быццам нехта чытае ўголас. Дык я падумаў быў — ці вы, ці суседзі мо,— хлопец, здаецца, адчуваў сябе ніякавата і не рады быў, што запытаўся.

Лера ўсміхнулася:

— Не, не суседзі. Гэта мы. Перад сном прывыклі трошкі пачытаць.

— Прывыклі? Значыць, даўно чытаеце?— хлопец зноў як загарэўся.

— Даўно,— адказаў замест Леры Кім.— З таго часу, як пажаніліся.

— І што чытаеце?

— Найперш класіку. Рускую, замежную, савецкую. І сёе-тое з сучаснага, пра што пачынаюць гаварыць,— зноў адказала Лера.

— А ўчора што чыталі? — не здаваўся хлопец.

— Гогаля, «Мёртвыя душы».

— І сёння будзеце?

— Мы кожны вечар чытаем. Амаль кожны.

— Кожны вечар? З таго часу, як пажаніліся? — здзіўляўся хлопец.— І ніколі не забываліся? Ніводнага вечара не прапусцілі?

— Ну чаму ж! — усміхнулася Лера.— Былі вечары, вядома, што не чыталі. Але стараемся не прапускаць. Нават і цяпер, калі паявіўся ў хаце тэлевізар, які вельмі адвучвае людзей ад чытання.

— І чыя была ініцыятыва? Хто падказаў такую думку? — хлопец усё ж быў настырны, мо і лішне.

Лера паціснула плячамі.

— Разам дадумаліся. Парашылі, што будзем кожны раз перад сном чытаць. Тады яшчэ ў нас не было тэлевізара,— дадала.

— Выбачайце, мо я і занадта цікаўны, але ўсё ж скажыце — хто першы прапанаваў чытаць штовечар уголас?

Кім адказаў ці не зласнавата:

— Валерыя Віктараўна. Ініцыятыва была яе.

Хлопец не заўважыў, пэўна, гэтай ноткі злосці ў голасе гаспадара, сказаў летуценна:

— Хацеў, бы я, каб і ў мяне была такая жонка, Кім Вікенцьевіч!

Кім абарваў яго ўжо зусім грубавата:

— Рана табе яшчэ думаць пра жонку!

Хлопец і з гэтым пагадзіўся памяркоўна:

— Рана, вядома. Гэта я так, к слову... Спакойнай ночы вам!

Падняўшыся наверх і лёгшы ў пасцель, яны, як і ўчора, прыняліся чытаць пра тое, што было далей, як усё ж знайшоў паразуменне Чычыкаў з Плюшкіным. Чытала Лера. А Кім неўзабаве злавіў сябе на думцы, што не слухае. Нечым усё ж сапраўды раззлаваў яго гэты наіўны, аднак жа крыху бесцырымонны практыкант-журналіст. Ужо ён, пераначаваўшы ў іх раз, і запанібрата з імі. Ужо ён лезе табе слепнем у вочы, толькі скажы яму, хто першы падаў думку чытаць перад сном. І бач, абрадаваўся, пачуўшы, што яна, гэтая думка, належыць Валерыі Віктараўне. Нават, смаркач, і сабе зажадаў такой жонкі. Але, але, такой жонкі...