Ён, Кім, ужо не раз чуў нешта падобнае. Хто толькі ўжо не зайздросціў яму. І ў вочы, і за вочы казалі. Маўляў, ах, як Курловічу пашанцавала з жонкай! Гэта ж не тое, што нашы дурныя лахудры! Адно ўмеюць — горла драць і мужа папракаць у яўных і выдуманых грахах. Ці ты позна прыйшоў, ці рана, ці цвярозы, ці на падпітку, ці грошы ўсе прынёс, ці па дарозе згубіў якую-небудзь траячку ці пяцёрку — усё адно не дагодзіш, знойдзе, да чаго прыдрацца! Грошы прынёс — добра, але чаму ты сечкі не парэзаў, як гаспадар, чаму я адна павінна жылы рваць? Рана прыйшоў — добра, але ж ці табе засляпіла, куды лезеш з ботамі, хіба не бачыш, што цэлы ранак грызла, мыла, вытрасала?! А Курловічу — лафа! Ён жа таксама не анёл, а — ніколі табе ні сваркі, ні лаянкі, ні кляцьбы, што на тры падворкі чуваць. Усё ціха, культурна, па-чалавечы. Гэ, хіба не чулі! Кімачка, хоць ты і стаміўся, але збегай, прынясі вады... Я забылася, не схадзіла ў краму, дык ты не палянуйся, падскоч на веласіпедзе — цукру няма, і хлеба заадно паглядзі... Калі б нашы бабы так, дык і мы — на адной назе і туды, і сюды...
Чуў ён такое. Неаднойчы чуў. І спачатку прыемна было тое слухаць. А чаму ж не прыемна? Жонку хваляць, гэта значыць і цябе таксама хваляць. Бо не хто-небудзь гэтую самую жонку мае, не чорт лысы, а ты, бо твая гэта жонка, а не чыя іншая. А калі твая, дык, значыць, і ты нечага варты і, пэўна ж, нечым трошкі лепшы за тых, што вось такім чынам, жонку тваю нахвальваючы, на свой лёс наракаюць.
Ён адно пасміхваўся, калі яму гаварылі пра гэта. Пасміхваўся, жартаваў: трэба было лепш выбіраць, падумаць спачатку, а пасля ўжо жаніцца... Пажартуе так, а ў самога на душы цёпла так зробіцца — ужо ад аднае згадкі пра яе, пра жонку сваю, пра Валерыю Віктараўну. Пашанцавала яму, вядома, з ёй. Не гадаў і не думаў. Мо толькі ў сне калі прыходзіла да яго, што будзе мець такую жонку. Але ж, з другога боку...
Добра, вядома, што ёсць у яго Валерыя Віктараўна. Пры ёй і сам ён чуецца неяк больш надзейна, упэўнена. Нешта яго быццам падтрымлівае, не дае расслабляцца, распускаць нервы, і язык, і рукі, няўрокам кажучы. Пры ёй і ён не колішні Кім Курловіч, з якім кожны запанібрата і кожны раўня. Хай сабе ён цяпер не шафёр, а інжынер, і Вікенцьевічам яго ўсё адно клікалі б, але, як добра падумаць, дык і не ўсё адно. Вікенцьевіч Вікенцьевічу — розніца. Поруч з ёй ён Вікенцьевіч ужо і без інжынера таго. Яна — Валерыя Віктараўна, а ён — Кім Вікенцьевіч. Бо — муж Валерыі Віктараўны, настаўніцы.
Ды гэта дробязь, вядома. Хіба ж гэта важна? Важна тое, што пры Валерыі ён зразумеў, адчуў нешта больш істотнае. Куды больш важнае. Ну, скажам, хоць бы тое, што можна, аказваецца, жыць інакш, чым жылі і жывуць ці не ўсе яго аднавяскоўцы, чырванаборцы. Жыць не толькі сняданкамі, абедамі ды вячэрамі. Не толькі работай. Жыць і адчуваць не толькі стому фізічную. Поруч з работай мышцаў прымушаць працаваць і душу. А што гэта значыць? А тое, што трэба на сябе трошачкі больш браць, чым іншыя. Хоць трошачкі менш думаць пра сябе, а як мага больш пра іншых. Не зважаць, не засяроджвацца на дробязях, а думаць, дбаць найперш пра галоўнае. Здаецца, што і лёгка гэта, а на самой справе — вунь як нялёгка! Ён па сабе ведае, што — нялёгка! І калі б не Лера, дык наўрад ці ён не то што стараўся б рабіць так, але ці і дадумаўся б да гэтага наогул. Але, але, калі ён сёння разважае так і хоць сёе-тое робіць у адпаведнасці з гэтымі развагамі, дык заслуга таксама найперш яе. І тут мужчыны, зайздросцячы яму, праўду гавораць. Мець такую жонку — шчасце. Але ж, з другога боку...
Ён, Кім, разумее, што ўсё гэта дробязі, нікчэмнасці, якія не павінны былі б уплываць ні на што, а тым не менш... Чалавек, аказваецца, слабая ўсё ж істота. Як яго ні падымаюць, ні ўзвышаюць, а ён, бы тая свіння да лужыны, усё ўніз, у балота. Рукамі, здаецца, узмахнуў бы і паляцеў, а азадак, халера на яго, цяжкі, не пускае. Груз дробязнасці ого які цяжкі! Ён не хацеў бы прызнавацца нават і самому сабе, але ж — навошта грахі ўтойваць, было, было і ў яго, калі так і падмывала сарвацца, грымнуць кулаком насуперак яе, Лерынай, выхаванасці, інтэлігентнасці, культурнасці, што надта іншым у вочы кідаецца і праз што, маўляў, яму, Кіму, буйна пашанцавала. Ён, вядома, таксама навучыўся, здаецца, стрымліваць свае эмоцыі, не псаваць попусту свае і яе нервы, аднак жа, аднак жа...