Не ўсё так і цудоўна, дружа, у нас, як табе здаецца, хацелася яму сказаць у адказ на кампліменты ў адрас Леры. Не ўсё так і цудоўна... Твая, як ты кажаш, крыклівая лахудра хоць і накрычыць, і намацюкаецца часам на тры падворкі, але вячэру заўсёды згатуе і кашулю чыстую, калі спатрэбіцца, знойдзе і падасць. А мая вучоная і выхаваная колькі разоў страчала мяне ўвечары пяшчотнай усмешкай ды пустым сталом? Маўляў, Кімачка, засядзелася ў школе, выпускалі новы літальманах, і не паспела што-небудзь прыгатаваць, мы з Юлькай малака папілі, а ты, калі вельмі прагаладаўся, вазьмі пару яек ускінь на скавародку... Альбо: ой, Кімачка, табе ж сёння на сесію ў сельсавет, а сарочкі чыстай няма, усё рукі не дайшлі, надзень во гэтую, у палоску, яна не надта зацяганая, не відаць будзе, а заўтра, калі камісія не зваліцца на галаву, абавязкова перамыю ўсе, каб у запасе былі...
Глупства, вядома, ён не надаваў і не надае гэтаму значэння. Ён разумее, што гэта дробязі быту, якія не павінны аніяк уплываць на нешта больш істотнае, што звязвае іх, яго і Леру. Ён разумее, акрамя ўсяго, што калі нешта такое і здаралася, дык яе віны ў тым не было, яна сапраўды была занята іншым клопатам, важнейшым, чым яго вячэра ці сарочка. Аднак жа — слабак-чалавек! — у хвіліны, калі чуў на ўласныя вушы ці з пераказу іншых, што нехта зайздросціў яму, Курловічу,— ну, што яму пашанцавала з жонкай,— у яго ўсё ж сяды-тады ўсплывала з небыцця тая самая сарочка ў палоску, якую ён вымушаны быў апранаць нямытай. Ён не засяроджваўся на гэтым, вядома, і гэтая цьмяная думка як усплывала, так і патанала ў тым жа небыцці. Ды вось жа, аказваецца, што небыццё гэтае — не такое ўжо і небыццё. Аказваецца, тлее там, дзесьці ў сховах душы, іскарка ягонай чыста мужчынскай незадаволенасці. І досыць было гэтаму іхняму нехлямяжаму госцю выткнуцца са сваімі дзіцячымі захлёбамі ў адрас Леры, досыць яму было ляпнуць тыя словы, што і яму б такую жонку, як іскарка тая паднялася з дна, каб патрапіць на подых ветру і даць пачатак новым, многім іскрам...
— Я даўно кідаю краем вока на цябе, і, здаецца, ты не слухаеш, не чуеш таго, што я чытаю,— сказала Лера.
Ён схамянуўся ад думак, пачырванеў ад нейкай унутранай, дзіцячай няёмкасці ці то вінаватасці перад ёю, сказаў:
— А мусіць, і праўда слухаю брухам.— І, каб схаваць гэтую сваю збянтэжанасць, загаварыў пра нешта тут жа прыдуманае: — Ведаеш, ляжаў, слухаў, а думка знячэўку пабегла некуды зусім не туды і прапала, а на яе месца прыбегла зусім іншая, нават не думка, а нешта мройлівае, неўразумелае, як трызненне, я ўсё намагаўся ўлавіць яго, дайсці да сэнсу і ніяк не мог, і гэта доўжылася, доўжылася, я быццам гайдаўся ці то ў лодцы, ці то на арэлях, усё цішэй і цішэй, ажно пакуль, здаецца, і не задрамаў, і страпянуўся ўвесь, калі ты спыталася, ці слухаю я...
Лера згарнула кніжку, схілілася над ім:
— І ў мяне так бывае. Калі стамлюся ці перахвалююся. Тады таксама нешта мяне быццам калыша і калыша і я засыпаю і не засыпаю, гайдаюся недзе на мяжы сну і свядомасці... Ты стаміўся, пэўна. Спі!
І, пацалаваўшы яго лёгка, бы гэта быў не ён, а Юлька, яна адвярнулася, скруцілася, як кацянё, і неўзабаве заснула. Заснула, яму падалося, хутка і лёгка, як тое ж кацянё. І яму, спаймаў сябе, сёння чамусьці і гэта не спадабалася. Зрэшты, мо і не тое што не спадабалася. Мо проста падумаў пра гэта, што яна заснула вось так лёгка і хутка, і пры гэтым не дадаў у думках, што звычайна так засынаюць добрыя, чэсныя людзі, душу якіх не трывожаць, не гнятуць сумненні і згрызоты.
І зноў яму зрабілася непамысна. І, каб загладзіць гэтую сваю віну перад ёю ці мо, хутчэй, прагнаць гэтую мімалётную думку прэч і супакоіцца, прыпадняўся і асцярожна дакрануўся вуснамі да яе шчакі. Ад ягонага дотыку яна не прачнулася, але ўсё ж зрэагавала — па яе вуснах прабегла лёгкая, ледзь прыкметная ўсмешка. Хто-небудзь іншы наўрад ці ўлавіў бы гэты цень, водбліск усмешкі, а ён — улавіў, і да грудзей яго, пад самае падбароддзе, падкацілася лёгкая гарачая хваля, і яму зрабілася добра і хораша, і ён, пстрыкаючы кнопачкай-выключальлікам, адчуў, як яго лёгкая галава пацяжэла і важка аблеглася на мяккай пуховай падушцы, і напаследак падумаў, што зараз і сам ён засне хутка і лёгка...
ВЕРАСЕНЬ 1973 ГОДА
Па дарозе дахаты ён памятаў, што трэба зайсці да Селівончыка і наказаць, каб заўтра не пазней сямі быў у раёне, на плошчы, ля райкома. Там будзе фарміравацца аўтакалона з аўтобусаў і грузавікоў, і адтуль усе разам, а не паасобку, як меркавалася, паедуць у Мінск па студэнтаў. Ішоў і памятаў. А прыйшоўшы дахаты, загуляўся з Юркам, памог рашыць задачу Юльцы і начыста забыўся. Даўно павячэралі, паглядзеў праграму «Время» і толькі тады спахапіўся, што не зайшоў да Селівончыка. Не хацелася апранацца і абувацца, а вымушаны быў. Усунуў ногі ў боты, накінуў на плечы куртку і выйшаў з хаты.