Выбрать главу

Было цёмна. Не так, калі кажуць — хоць пальцам у вока, але цёмна — за нейкіх дзесяць крокаў наўрад ці пазнаеш каго, не ўгадаеш, бадай, мужчына ці кабета ідзе паперадзе. Па кроках, па гуку хутчэй здагадаешся. Тым не менш ён не пайшоў вуліцаю, а звярнуў у вулачку і выйшаў за загуменне,— сюдой да Селівончыка было нашмат бліжэй. Выйшаў і здзівіўся, што тут, аказваецца, куды святлей, чым на вуліцы. На вуліцы падаюць з вокнаў светлыя плямы, і, пэўна, ад іх там выдае цямней, чым на самой справе.

Дыбаў ён хутка, шырокімі крокамі, не надта баючыся спатыкнуцца — гэтую загуменную дарожку ведаў добра. І неўзабаве пачуў, што паперадзе хтосьці едзе — у той канец, дзе і Селівончык, куды і ён цяпер ідзе. Ён здзівіўся, бо для язды было пазнавата. Падумаў, што няйначай дабрадзейны Міхаіл Іванавіч кагосьці выручае — некаму звозіць з поля бульбу. Той нехта спадзяваўся звезці раней, але пакуль знайшоў гэтага самага Міхаіла Іванавіча ды пагрузіў, вось і ацямнеў. Зрэшты, Міхаілу Іванавічу рупіцца няма куды... От, дальбог, і ён ужо ўслед за ўсімі — Міхаіл Іванавіч ды Міхаіл Іванавіч. А ён жа ніякі не Іванавіч і ніякі не Міхаіл, а — Міхаліна, калі ўжо цалкам, дык Міхаліна Максімаўна. Змалку была дзеўка-казак, змалку да коней прывучылася, і во, лічы, усё жыццё з коньмі і прарабіла. Як казаком была, так і засталася казаком, састарэла, на пенсію хутка, а ні чалавека не мела, ні дзяцей. З цягам часу з Міхаліны ў Міхаіла Іванавіча перарабілася. Нейкі гарэза ці насмешнік назваў — і як прыліпла. Зрэшты, а чаму і не Міхаіл, калі бабскага, можна сказаць, ані знаку, акрамя спадніцы? І мацюкнуцца можа, калі патрэба такая ўзнікае, і чарку кульнуць пры нагодзе не адмовіцца. А рабіць — дык з мужчынамі нароўні, яшчэ каторага і абскочыць. Дык чаму і не Міхаіл? Вядома, Міхаіл. А Іванавіч адкуль? Іванавіч сам па сабе прычапіўся, бо — які ж яшчэ можа быць Міхаіл, калі не Іванавіч?

Ага, дык, пэўна, вязе некаму Міхаіл Іванавіч бульбу. Каму ж, цікава? Хто гэта ўлагодзіў яе і ў каго сёння перападзе ёй чарка? Калёсы зарыпелі і звярнулі з дарожкі. Калі ён падышоў бліжэй, дык убачыў, што завярнулі яны ў вароты на Даўнаровым гумне. Даўнар — брыгадзір чырванаборскі і, у дадатак, нейкі далёкі сваяк яго, Кімаў. Ці то брат траюрадны, ці яшчэ далейшы. Не лічыліся з гэтым ні адзін, ні другі. Ведалі, што нібыта нейкія сваякі, але быццам і не сваякі зусім. Прынамсі, не было завядзёнкі, калі ў каго госці, зваць адно да аднаго. Зваць не звалі, але і не сварыліся. Бо — сваякі ўсё ж. Ён, Кім, недалюбліваў Аліка Даўнара. Малады яшчэ хлопец, а — ваўкаваты нейкі. Па бацьку пайшоў. Той таксама быў Лявонам Бушмаром — так Лера сказала б, калі б ведала яго. Але яна ўжо не заспела старога Даўнара. А ён, Кім, памятае. Злы быў, помслівы. І ўсё каб сабе і пад сябе. Памёр недзе праз гадоў дзесяць пасля вайны, а хтосьці казаў, нібы да самага апошняга дня шкадаваў, што калісьці не пайшоў на пасёлак, на хутар, значыць. Алік, вядома, аб хутары не шкадуе, але таксама ад сябе не адкіне. І жонка яго такая ж. Даяркай робіць. Дык няма таго дня, каб з фермы хоць што-небудзь не несла. Няможна прыгаршчы мукі, дык хоць тры бульбіны, няможна бульбін узяць, дык хоць бурачок у кішэню ўкіне. Людзі спачатку смяяліся, а пасля і смяяцца перасталі. Выгнаць таксама шкада: робіць — за дзвюх. Як мурашка. Тая ферма ці не на ёй, на Даўнаровічысе, і трымаецца. Людзі кажуць, мо гэта ад бядоты колішняй, пасляваеннай. Даўнаровічыха гадавалася надта ж у беднай сям'і. Дзяцей было шмат — сямёра, а бацькі не было, карнікі забілі, як ён пайшоў з лесу ў сяло, каб карову прывесці, бо дзецям есці не было чаго. Яна ж тады і не Даўнаровічыхай была — Аняй Рагаткай з Селішча. Матка яе білася з семярыма як рыба аб лёд. Кожнай бульбіне была рада. І дзеці тыя, расказвалі, адно перад адным, як мурашкі, у хату ўсё валакуць, што пад руку трапіцца. Можа, ад тае пары і засталася ў Ані звычка гэтая, калі і Даўнаровічыхай стала? Хоць, кажуць, нібыта Алік яе прымушае памаленьку красці. Маўляў, за бульбіну ці за бурак судзіць не будуць, а прынясеш — як знойдзецца, свінчаці ці карове, глядзі, і прыдасца.

Прайшоў быў Кім міма Даўнаровічавых варот, а потым як штосьці быццам па патыліцы яго стукнула, спыніўся. Бульбу павезла Міхаліна? А якую бульбу? Даўнар жа ўвесь свой пляц жытам летась засеяў. Казаў, каб зямлю амаладзіць, бо бульба па бульбе каторы год. А бульбы хопіць тае, што матка пасадзіць на сваіх сотках. Дык што — ад маткі вёз? Чаго ж гэтым загуменнем? Ад маткі сюдой Міхаіл Іванавіч ніяк бы не ехаў. А мо не бульбу? Мо дровы?