Выбрать главу

— Няпраўда, Лера. Я люблю цябе!

— Я ведаю,— адказала яна спакойна, упэўнена.

Сон пакінуў іх, і яны зноў ціха гаманілі між сабою, услухоўваючыся ў цішыню начы і чуючы ў гэтай цішыні дыханне сваіх дзяцей за сцяною. Яна расказвала яму пра тое, што не дае ёй спакою не першы год. Яна гаварыла яму пра гэта неаднойчы, але ён нейк быццам прапускаў тое міма вушэй. Пра п'янства бацькоў і пра тое, як шкодна гэта адбіваецца на дзецях. Ён, часцей сутыкаючыся з тымі, хто любіць кульнуць лішнюю чарку, а яна заўсёды лішняя, пачынаючы з першай, трошкі, пэўна, прыцярпеўся, прывык да гэтага. Маўляў, гарэлка — грэх, але ж — як без яе? А яна не магла прывыкнуць. Бо яна бачыла нешта іншае. Яна бачыла, як у сем'ях, дзе п'юць бацькі, да гэтай атруты прывыкаюць дзеці. Першы раз яе скаланула ўсю, калі яна пачула, што васьмікласнік дыхнуў на яе перагарам. Яна думала, што памылілася, што гэта ёй падалося, таму і не стала тузаць хлапчука. Вядома ж, падалося! Але калі праз дзень ці праз два яна зноў пачула ад яго пах гарэлкі, яна ледзь стрымалася, каб не наляцець на яго і не накрычаць, не насварыцца, не адлупцаваць, не адкруціць вушы, не растрэсці, не расшкуматаць яго ўсяго, раз і назаўсёды выбіць з яго гэтую дурноту. Яна пакінула яго пасля ўрокаў і доўга гаварыла з ім. Хлопец плакаў, абяцаў больш не браць у рот ні кроплі, а яна слухала яго і... не верыла, бо ведала, што ён бязвольны, апатычны, нецікаўны, маўклівы, і толькі тады, калі вып'е, паяўляецца ў яго нейкі жывы бляск у вачах, тады ён робіцца энергічны, досыць бойкі, мо нават самаўпэўнены. Яна бачыла, што ён і сам гэта зразумеў, што ўжо ці не свядома цягнецца да чаркі і што цяпер змагацца за яго будзе вельмі і вельмі цяжка. Пасля, расказваючы пра гэтага Косціка Турчыновіча Карнею Васільевічу, яна не стрымалася, расплакалася, і завуч супакойваў яе, як малую. Косцік той сяк-так скончыў школу, пасля яе нікуды не паступаў, вядома, аціраўся дома, сяды-тады выходзіў на работу ў саўгас, а больш часу п'янстваваў, вымагаючы рубля ці траяка ў маці і ў бабулі, пагражаючы ім нажом, сякерай, і яны з палёгкай уздыхнулі, калі яго нарэшце забралі ў армію...

— А заўчора я была дома ў Алёшы Міхальчука. З Рудні ў Чырвоны Бор ходзіць. Бацьку яго пасадзілі летась за бойку, а маці п'е.

— Гэта што на свінарніку робіць?

— Ужо не робіць. Прыбіральшчыцай у сельсавеце. Узялі, каб дзяцей не крыўдзіць. А, думаеш, утрымаецца? Прыйшла я ў хату, а ў хаце — пасля вайны так не было. Жахлівы бруд і запусценне. На ложку коўдра сто гадоў не мытая. Маці не было дома. Пытаюся ў Алёшы, старэйшага, ці зрабіў урокі. Зрабіў, кажа. А што ты еў сёння? Маўчыць. Кажу зноў: абедаў ты, як са школы прыйшоў? Абедаў, кажа. А што ты еў? Капусту, кажа. Якую капусту? Кіслую. Дзе яна? Вунь, на стале, кажа, стаіць. Падышла я да стала, там і праўда стаіць міска недаедзенай капусты і абгрызеныя скарынкі чэрствага хлеба...

— Чаму — кіслую? Адкуль цяпер кіслая капуста?

— Кіслую, сказаў. Можа, скісла, даўно звараная?

— У які ён клас ходзіць, Алёша твой?

— У шосты. А меншы, Пеця, таксама дома быў, ён у трэці ходзіць. Той ні слова не сказаў. Сядзеў і маўчаў, хоць і меншы. Мне аж сэрца забалела, калі тое пабачыла. Гэта каб у наш час так жылі дзеці?

— А што рабіць?

— Трэба афармляць у школу-інтэрнат. Неадкладна!

— Дык і аформіце.

— Думаеш, гэта так проста? Калі б яна, гэта Тома Міхальчукова, была пазбаўлена мацярынскіх правоў, тады б можна было хутка гэта зрабіць. А так...

— А гэта менавіта твой клопат?

— Ну, а чый?

— Не ведаю. Але ж павінны быць нейкія органы — ну, у раёне ці ў вобласці, якія абавязаны гэтым: займацца!

— Ёсць, вядома. Але ж мы гэта бачым. Бачым штодня. І калі мы не парупімся, органы, як ты кажаш, могуць спазніцца, дзіцячая душа можа быць скалечана канчаткова, непапраўна!

— Ну, Лера, ты ўсё-такі, можа, занадта згушчаеш фарбы? — запярэчыў ён.

Яна ажно села ў ложку і загаварыла горача, гучна, забыўшыся, што ўжо ноч, што ўсе вакол, у тым ліку і іхнія дзеці, спяць:

— Як ты можаш так думаць нават? Я згушчаю фарбы! Наадварот! Тут трэба крыкам крычаць, у званы біць, а ты... П'янства — гэта, можа, ці не другое — пасля адсутнасці дысцыпліны і парадку — зло, з якім нам трэба змагацца найперш і наймацпей. Глумяцца незлічоныя матэрыяльныя багацці, а галоўнае — глумяцца чалавечыя душы. У тым ліку, Кім, дзіцячыя душы. Найперш — дзіцячыя. Ты хіба не разумееш, што нічога не можа быць больш жахлівага?

— Усё так, Лера, але — цішэй, калі ласка, ты ж не па трыбуне.