Яна абурылася:
— Ах, Кімачка, Кімачка! Што з табой сёння? Ты мне гаворыш пра трыбуну? Ты ж быў чуйны на пошласць! Хіба тут можна жартаваць ды яшчэ так пошла? Хто ж мяне падтрымае, калі нават родны муж робіць выгляд, што не разумее ўсёй сур'ёзнасці праблемы?
Ён склаў рукі на грудзях, бы просячы літасці, прамямліў:
— Даруй, паскамарошнічаў.
— Ты ж і цяпер скамарошнічаеш, а трэба, паўтараю, біць у званы. У вялікія і ў малыя. Даўно ўжо, як толькі, прыехала, я пачала была біць у гэтыя званы. Помніш, правяла ў клубе некалькі вечароў, вусных часопісаў... А хто мяне падтрымаў? Хто сказаў дзякуй? І я, твая благаверная, быццам пакрыўдзілася. Фанабэрыя перасіліла. Ах, калі яны так, дык і я!.. Не, так я не здамся. Хай толькі трошачкі падрасце Юрка, я зноў вазьмуся. Рынуся ў бой. Не дам спуску нікому. Буду ваяваць да канца. І спуску не будзе не толькі п'янтосам. Вам, калгасным кіраўнікам, таксама. І табе, Кімачка! Ты: таксама робішся ўсё больш паблажлівы да алкаголікаў.
— А ты мне выпішы неалкаголікаў.
Яна паглядзела на яго, паківала галавой, ціха апусцілася на падушку, прамовіла:
— Не, з табой сёння гаварыць бескарысна. Спакойнай ночы!..
А праз некалькі дзён у Аліка Даўнара народны кантроль высвятляў, адкуль узялася ў яго варыўні, бульба — амаль дзве тоны. Даўнар сказаў спакойна, самаўпэўнена:
— Купіў.
— У каго, калі не сакрэт?
— Не сакрэт. У Рыгора Анціпенкі з Селішча.
— Па колькі плацілі?
— Па дзяржаўнай цане — па дванаццаць капеек.
— За ўсю?
— Драбнейшую па дзесяць, буйнейшую — па дванаццаць.
Кантралёры тут жа паехалі ў Селішча, завіталі да Рыгора Анціпенкі. Гаворка адбылася такая:
— Прадавалі вы Даўнару бульбу?
Анціпенка, памаўчаўшы, кіўнуў галавой:
— Ну, прадаваў.
— Колькі?
— Што — колькі?
— Колькі бульбы прадалі?
— Дваццаць мяшкоў.
— І па колькі?
Анціпенка запнуўся, паспрабаваў гукнуць жонку, маўляў, папытайце ў яе, яна грошы брала, але жонка, як скумекаўшы нешта, лупянула:
— Не верце вы яму! Ніякай бульбы мы не прадавалі. Нам самім хоць бы хапіла, нешта не ўрадзіла сёлета. Гэта ж Даўнар зайшоў неяк і папрасіў, каб сказалі, калі што, што мы яму прадалі бульбу. Так, наказваў, дык нікому не кажыце, а як хто папытае, дык тады скажаце, што прадалі.
Справу на Даўнара перадалі ў суд.
Валерыя Віктараўна, пачуўшы гэтую навіну, спытала ў Кіма:
— Дык у цябе, аказваецца, невыпадкова тады падазрэнне ўзнікла, помніш?
— Якое падазрэнне?
— Забыўся хіба? Што Даўнару Міхаіл Іванавіч везла крадзеную бульбу.
— А-а... Як да Селівончыка бегаў? Ну, падумаў быў, і бачыш — праўда, хоць прывозіла бульбу не Міхаліна.
— А ты казаў, што Міхаліна.
— Я казаў — можа, Міхаліна, я ж у цемнаце не пазнаў.
— А ўсё ж нехта напісаў у народны кантроль. Пабачыў і напісаў,— сказала яна і дадала: — Не змаўчаў. Хоць ананімна, але усё ж сказаў праўду.
Ён улавіў у яе голасе намёк на нешта і пакрыўдзіўся. Адказаў капрызліва, як дзіця:
— Гэта не я, Валерыя Віктараўна! Чэснае слова, не я!
Яна нічога не сказала, адно — пасміхнулася.
МАЙ 1978 ГОДА
— Сядайце, Валерыя Віктараўна,— прапанаваў Іван Фёдаравіч.
У кабінеце акрамя яго сядзеў і завуч Карней Васільевіч.
Яна села. Яна здагадвалася, чаго яе паклікаў Іван Фёдаравіч, але зрабіла выгляд, што не ведае. Ён, відочна, дзеля прыліку пакорпаўшыся хвіліну-другую ў паперах, падняў галаву.
— Дык вось, таварышы дарагія,— пачаў Іван Фёдаравіч.— Навучальны год падыходзіць да канца. Неўзабаве атэстацыя, а там і экзамены. Час, як гавораць, адказны і для вучняў, нашых выхаванцаў, і для нас, іхніх выхавацеляў. Вось давайце яшчэ разок параімся, каб ні для кога з нас не было пасля нечаканасцей і, дададзім, непрыемнасцей.
Ён зноў пакорпаўся ў паперах, бавячы час, потым рашуча згарнуў папку, што ляжала перад ім на стале, і прадоўжыў:
— Уласна, пытанне адно. Пра нашых сёлетніх медалістаў. Як вы ведаеце, у гэтым навучальным годзе ў нас, як ніколі раней, ажно трое нашых выпускнікоў ідуць па медалі...
— Трое? — перапытаў Карней Васільевіч.
Іван Фёдаравіч злёгку нахмурыў лоб, але сказаў, як і раней, спакойна:
— Так, трое. Для ўсіх нас гэта не навіна. Усе мы іх даўно ведаем і добра. Гэта Толя Лукашэвіч з Рудні і Валя Забаронька і Юля Курловіч з Чырвонага Бору. Я мяркую, што гэтыя кандыдатуры ні ў кога з нас пярэчанняў не выклікаюць. Ды што я кажу — пярэчанняў! Спадзяюся, што тут і сумненняў быць не можа. Хіба не так?