Выбрать главу

Валерыя Віктараўна разумела, што яе Іван Фёдаравіч паклікаў толькі таму, што сярод траіх ёсць яе Юлька. Калі б не гэтая акалічнасць, гаворкі гэтай наогул бы не было. Такая гаворка адбылася б на педсавеце, без гэтага папярэдняга абгаварэння. Ведала яна і другую прычыну. Амаль штогод, калі надыходзіла вясна і трэба было канчаткова ставіць пытанне аб медалістах, пытанне гэтае часцей за ўсё ўпіралася ў мову — рускую і беларускую, бо часцей за ўсё медалісты, як і немедалісты, кульгалі менавіта тут. І штогод Іван Фёдаравіч пачынаў абыходжваць яе, Валерыю Віктараўну, моваведа,— каб яна трошачкі была дабрэйшай, больш паблажлівай да тых, каторыя «ідуць на медаль». І штогод натыкаўся на яе рашучае «не». І цяпер ён чакаў не так таго, што скажа Карней Васільевіч, як таго, што скажа яна. І яна сказала:

— Трошачкі не так, Іван Фёдаравіч. Правільна, Толя Лукашэвіч не выклікае ніякіх пярэчанняў. Хлопец варты медаля. Пра сваю Юлю, самі разумееце, гаварыць не мне. А вось што датычыцца Валі Забаронькі, дык тут я з вамі рашуча не згодна.

Іван Фёдаравіч пакруціў галавой, падміргнуў Карнею Васільевічу — маўляў, а што я казаў, перапытаў, быццам удакладняючы:

— Так ужо і рашуча? А калі падумаеце, Валерыя Віктараўна?

Яна развяла рукамі, уздыхнула:

— Не першы раз мы гаворым пра гэта, Іван Фёдаравіч. Таму мо не будзем марна траціць час?

У яго пальцах аказалася ручка. Якая па ліку — Валерыя Віктараўна ўжо не магла сказаць. Мінула шмат гадоў, і шмат было ручак. Напачатку — драўляная, жоўценькая, на змену ёй прыйшла металічная, з двума наканечнікамі, у кожным з якіх было па пёрку, потым пластмасавая аўтаматычная з гумкай для набору чарніла, пасля амаль такая ж, толькі ўжо з вінтавой помпачкай, потым — кітайская з залатым ці то плацінавым пяром, цяпер жа — звычайная, шарыкавая, за трыццаць пяць капеек, але ўсе яны гэтак жа хуценька пакручваліся ў пальцах сюды-туды, калі Іван Фёдаравіч пачынаў злавацца ці, прынамсі, хвалявацца.

— Валерыя Віктараўна, я ведаю, што мы гаворым пра гэта не першы раз. Аднак сёлета сітуацыя не падобная на сітуацыі мінулых гадоў. Сёлета сярод прэтэндэнтаў і ваша дачка. А гэта, пагадзіцеся, мяняе справу.

— Чаму ж? Калі педсавет палічыць, што Юля не цягне на медаль, я не буду ў прэтэнзіі. Паверце, што...

Ён падняў руку ўгору, перапыніў яе:

— Давайце не будзем, Валерыя Віктараўна, кідацца словамі. Справа не ў вашых прэтэнзіях. Справа ў лёсе нашых вучняў, нашых выхаванцаў.

Яна таксама пачынала нервавацца:

— Менавіта таму я і кажу, што наконт Валі Забаронькі трэба падумаць. Па мове і літаратуры вышэй чацвёркі яна ніяк не цягне. Ніяк, Іван Фёдаравіч! Чацвёрка — і тая з нацяжкай.

Ручка зноў закруцілася ў руках Івана Фёдаравіча — то ў адзін бок, то ў другі. І пакуль яна круцілася, падаў голас Карней Васільевіч:

— Ну, але ж вы, Валерыя Віктараўна, не будзеце адмаўляць, што ўвогуле яна дзяўчынка старанная, ініцыятыўная, выхаваная і па ўсіх іншых паказчыках, па ўсіх іншых прадметах яна варта таго, каб быць сярод лепшых?

— Вядома, варта, Карней Васільевіч! Дзяўчынка вельмі і вельмі харошая. Аднак жа гаворка ідзе пра нешта іншае!

Іван Фёдаравіч уторкнуў ручку ў стол:

— Валерыя Віктараўна, скажыце, калі ласка, ну чаму вы такая?.. Не магу знайсці слова!.. Чаму вы вымагаеце, каб я абавязкова сказаў пра тое, пра што гаварыць не варта, што і без таго зразумела?

Яна ўскінула на яго вочы:

— Што, чаго я вымагаю, Іван Фёдаравіч? Што і без чаго зразумела?

— Ах, Валерыя Віктараўна, Валерыя Віктараўна! Калісьці гэта было вам да твару... Ну, былі маладзенькай, нявопытнай, усё ўспрымалася ў ружовым святле... Усё гэта можна было зразумець. Ну, а цяпер? У вас ужо дачка выпускніца. Вы самі каторы год завучам-арганізатарам. Час зразумець урэшце, што жыццё ёсць жыццё, што ўсе мы жывём не ў пустэчы, а сярод людзей... Ну, што, вы хочаце, каб я сказаў, што Валя Заваронька — дачка старшыні сельсавета, а не абы-каго і што мы абавязаны паставіцца да яе з асаблівай увагаю, як, дарэчы, і да вашай дачкі? Вы хочаце, каб я гэта сказаў?

Яна паднялася з-за стала, ступіла за крэсла. Узяўшыся за яго спінку і прысоўваючы яго да стала, сказала:

— Я думала, што вы гэтага не скажаце. А калі так, дык я буду рашуча супраць. Рашуча, Іван Фёдаравіч! Вы мяне ведаеце!

Ён усміхнуўся і сказаў чамусьці амаль зычліва:

— Ведаю. Аднак ведаю і другое. Побач з Забаронькай стаіць прозвішча Курловіч.

— Гэта нічога не мяняе. Я не ўводзіла ёй у вушы, што яна медалістка.

Ён уздыхнуў і зноў закруціў у пальцах ручку:

— Добра. Але скажыце, чаго вы даможацеся?