— Не разумею.
— Гм... Вы не разумееце... Можа здарыцца так, што медаля не атрымае і ваша Юля. Вы не думалі пра такі варыянт?
Яна ўсміхнулася амаль гарэзліва:
— Што вы кажаце?! Ну, Іван Фёдаравіч, у такім разе некаму павінна быць сорамна і брыдка!
Ён адкінуў ручку прэч, узвысіў голас:
— А вам не сорамна? Прынцыповасць — гэта добра, але ж павінны быць і нейкія межы. З вамі па-чалавечы, па-сяброўску, каб як лепш... Што мне ад вашай, даруйце, прынцыповасці? А вось калі мы пасварымся з Забаронькам, школе гэта будзе каштаваць дорага. Але — што вам да школы? Вам даражэй ваша наіўная, неразумная прынцыповасць!
Падняў руку, бы школьнік, просячы слова, Карней Васільевіч:
— Не трэба гарачыцца. Трэба, Іван Фёдаравіч, паважаць і прынцыповасць Валерыі Віктараўны, але, Валерыя Віктараўна, трэба прыслухацца і да таго, што кажа Іван Фёдаравіч. Мы, пагадзіцеся, жывём сярод людзей. І часта ад гэтых самых людзей залежым. Пра гэта ўсё ж трэба памятаць. І, памятаючы, шукаць рашэнні, якія б былі прымальныя для ўсіх.
Валерыя Віктараўна любіла і паважала Карнея Васільевіча. Найперш за тое, што ён умеў стрымлівацца, умеў выслухаць іншага, выслухаць і прыслухацца, умеў нейкім чынам суцішыць спрэчкі, што ўзгараліся тут, у кабінеце дырэктара, і ў настаўніцкай, прымірыць нават самых непрымірымых антаганістаў. Яна нават часам думала, што калі б у іхняй школе не было такога чалавека, дык яго трэба было б выпісаць, заказаць — без яго ў гэтых сценах не было б міру.
— Карней Васільевіч, мо вы і падкажаце гэтае рашэнне? — не то сказала, не то запытала яна.— Як можна за месяц дзесяцігадовую чацвёрку перарабіць на пяцёрку?
— А вы пытанне стаўце трошачкі не так, Валерыя Віктараўна, — ласкава ўсміхнуўся Карней Васільевіч.— Як Забаронька вучыцца па астатніх прадметах? На «выдатна». Куды яна збіраецца паступаць? На матфак. Ну, і скажыце, у якой ступені спатрэбіцца ёй там, на матфаку і ў будучым літаратура, мова? Маўчыце? Дык, можа, падумаўшы, і варта пайсці на сякі-такі кампраміс? Га, Валерыя Віктараўна?
Яна, усё гэтак жа трымаючыся рукамі за спінку крэсла, адказала:
— Можна і пайсці, бадай. Толькі ці будзем мы пасля гэтага паважаць адно аднаго?
Карней Васільевіч зірнуў на яе стражэй:
— Ну навошта ж так? Бачыце, Валерыя Віктараўна, калі мы ведаем, як, навошта чалавек пайшоў на невялічкі кампраміс са сваім сумленнем, чаму ж мы перастанем яго паважаць? Мы будзем тады фарысеямі!
— Мы, дарагі Карней Васільевіч, фарысеі ўжо таму, што гаворым пра ўсё гэта!
— Такая ўжо наша работа, Валерыя Віктараўна!
— Наша работа, Карней Васільевіч, якраз і не церпіць фарысейства.
З гэтымі словамі яна пайшла з кабінета дырэктара. Разумела, вядома, што апошняй кропкі на гэтым пытанні не пастаўлена. Іван Фёдаравіч зробіць усё, каб настаяць на сваім. Адзін раз — тым годам «ішла на медаль» дачка ляснічага Жданені — яму гэта ўдалося. Ён тады «падаслаў» да яе Марыю Міхайлаўну. Марыя Міхайлаўна не стала яе ўгаворваць вывесці Верачцы Жданені пяцёрку і заплюшчыць вочы тады, калі яна будзе перапісваць на экзамене сачыненне. Яна проста папрасіла Валерыю Віктараўну зрабіць гэта. Адкрыта, па-бабску, як сяброўку. Прыйшла і ледзь не са слязьмі на вачах папрасіла: «Лерачка, ніколі не прасіла, а цяпер прашу — зрабі. Дзеля нашай дружбы. Калі ты мяне хоць трошачкі любіш і паважаеш — зрабі. Хай мне будзе сорамна, не табе...» І яна зрабіла. І пяцёркі за год вывела, і «не бачыла», як Верачка Жданеня перапісала сачыненне. Нават праверыла папярэдне і яе ж ручкай паставіла дзве коскі і выправіла апіску... Зноў на такое Марыя Міхайлаўна, ведала, не пойдзе. Значыць, Іван Фёдаравіч будзе шукаць нейкіх іншых шляхоў, калі, вядома, упрэцца з Забаронькай. Якія гэта будуць шляхі? Пажывём — пабачым, сказала Валерыя Віктараўна сама сабе.
Аказалася, што жыць доўга не трэба было. Сёе-тое высветлілася вечарам таго ж дня.
Яна адразу адчула, што Кім прыйшоў дадому не ў настроі. Але спачатку не выдаваў сябе. І яе абняў, як прыйшоў, і дзяцей пабуськаў — яны заўсёды выбягалі насустрач, як толькі чулі, што ён ідзе. Нават яшчэ ці не пажартаваў. Ага, пажартаваў. Наконт вячэры. Сказаў, што ці не завітаў і ў іхнюю хату прагрэс, бо з кухні пахне нечым надта смачным. Яна, вядома, прыняла гэты прагрэс на свой рахунак — кінуў каменьчык у яе агарод, што, маўляў, за васемнаццаць гадоў яе кухарскае ўмельства не надта прагрэсіравала. Але яна не звярнула ўвагі. Такой бяды. Тым больш што адчувала, ведала — папрок слушны, яна сапраўды кухар неважнецкі. А пра тое загаварыў з ёю пасля вячэры, калі дзеці пайшлі наверх, а яны засталіся на кухні.