Яна пачала мыць посуд, а ён, седзячы на табурэтцы, прываліўшыся спіною да халадзільніка, спытаў быццам так сабе:
— Што ў цябе з Забаронькавай дачкой?
Яна здзівілася: няўжо так скора? Здзівілася і па інерцыі паўтарыла ўслед за ім:
— А што ў мяне з Забаронькавай дачкой?
Ён жа ўспыхнуў адразу:
— Ну чаго ты прыдурваешся, Лера? Што ў цябе там здарылася? Чаго гэта мяне на вуліцы людзі пераймаюць?
Яна выпрасталася над ракавінай, павярнулася да яго:
— Хто цябе пераняў? Іван Фёдаравіч?
— Каб толькі Іван Фёдаравіч, я табе і не гаварыў бы. Наслухаўся пра вашы спрэчкі — во!
— Дык хто ж?
— Хто, хто... Спачатку Іван Фёдаравіч. Я з канторы выйшаў, а ён якраз з магазіна. Убачыў — махнуў рукой: Вікенцьевіч, пачакай! Падышоў, паздароўкаўся, узяў пад руку, і павёў па вуліцы, і пачаў: паўплывай на сваю Валерыю Віктараўну, скажы, хай не лезе на ражон, навошта ёй гэта і навошта гэта табе, мне, значыцца. Забаронька чалавек добры, з ім жыць можна, ці мала што спатрэбіцца, не трэба такімі людзьмі пагарджаць... Адным словам, каб я ўгаварыў цябе не пярэчыць і не перашкаджаць яго дачушцы атрымаць медаль.
— А ты што?
— Быццам ты не ведаеш!
— А ўсё-такі?
— Сказаў яму, што каб Валерыя Віктараўна не пазычыла вам, Іван Фёдаравіч, грошай, дык я мог бы паўздзейнічаць. А ў школьных справах я ёй не дарадчык.
— Правільна сказаў! І ён адчапіўся?
— Адчапіцца-то адчапіўся, але буркнуў нешта такое: маўляў, шкада, што і вы, Кім Вікенцьевіч, ці сяго-таго не разумееце, ці, услед за жонкай, прыкідваецеся, што не разумееце.
Яна трасянула галавой, закідваючы назад, з лоба, валасы:
— Ён і мне гэта гаварыў... Ну, а яшчэ хто пераняў?
— Сама Забароньчыха! То заўсёды ветлівая такая, усмешка — да вушэй, а то злосная і надзьмутая, як сава. Я ўжо ведаў, чаго яна раптам так на мяне наляцела, дык стрымаўся, не нагаварыў абы-чаго.
— І што яна табе гаварыла? Хто і што паспеў ёй перадаць?
Кім паціснуў плячамі:
— Ну адкуль жа я ведаю, хто ёй перадаў і што? Я не ведаў, як уцячы ад яе. Скажы сваёй бязгрэшнай, крычала, што калі наша Валя застанецца з яе ласкі без медаля, то і ваша Юлька не будзе яго бачыць... Кроў з носа, а я даб'юся, каб і ваша выдатніца ў лужыну села...
— І ўсяго толькі?
— Табе мала? Што б ты яшчэ хацела?
Валерыя Віктараўна зноў нагнулася над ракавінай, Кіму сказала:
— Я ўжо чула гэта, Кім.
Ён нейкі час маўчаў, гледзячы на яе. Ён адчуваў, што праўда па яе баку, што Забароньчыха крычала на вуліцы дарма. І ад таго настрою, з якім ішоў дадому пасля той недарэчнай сустрэчы з Забароньчыхай, цяпер, пасля вячэры, мала што засталося. Пагляд яго пацяплеў ад сузірання тоненькай, як і ў маладосці, жончынай постаці, востранькіх яе локцяў, ямачкі на шыі, якая выглядвала з-пад валасоў. І ўсё ж сёе-тое ад непрыемнай сустрэчы з Забароньчыхай на душы заставалася. І таму сказаў да жонкі памяркоўна, нават лагодна:
— Я цябе разумею, Лера, і ўсё ж ты б неяк іначай сябе паводзіла, ці што... Іншыя ж жывуць нейк мірна. І самі не лезуць на ражое, і другіх не штурхаюць. Можа, ты і праўда занадта прынцыповая?
Яна, абтросшы рукі і выціраючы іх ручніком, сказала:
— А як можна быць трошачкі прынцыповым, а трошачкі непрынцыповым?
Ён крутнуў галавой, махнуў на яе рукой:
— Не лаві мяне на слове! Я пра тое, пра што ўжо казаў табе. Трэба прымаць людзей такімі, якія яны ёсць. Табе ж з імі жыць і працаваць, а не з другімі.
— Прымаць — так! А ці падпарадкоўвацца? Ці слухацца, калі яны цябе штурхаюць на падлог? Нa злачынства?
— Так ужо і на злачынства?
Ён зноў закруціў галавой, выставіў уперад, да яе, руку:
— Не, Лера, не! Нашто ўжо адразу — злачынства? Я кажу пра тое, што трэба неяк памяркоўвацца з людзьмі. Можа, трэба навучыцца зразаць вострыя вуглы, абыходзіць іх? Мы ўсе тут звязаны адзін з адным. У цябе нешта здарылася, а дзе адгукнулася? Ужо ўцягнуты і я. А заўтра будзе ўцягнута і Юлька... А можа, варта было б ці прамаўчаць, ці хоць, прынамсі, не так рашуча, бескампрамісна пярэчыць? Мо тады б мяне не пераймалі.
— Няўжо ты спалохаўся, Кімачка?
— Ну, вось, ты зноў за сваё — спалохаўся! Як ты не разумееш, што я зусім пра іншае? Пра ўмельства ладзіць з людзьмі!
Яна падышла да яго, узяла ягоную галаву ў свае далоні, прыхінула да сваіх грудзей, сказала:
— Ты ў мяне такі самы. На такой аснове ты таксама не ўмееш ладзіць з людзьмі, Кімачка!
Ён адняў сваімі рукамі яе рукі, адхінуўшыся ад яе:
— От і кепска, што не ўмею. Бязвусага смаркача прысылаюць галоўным інжынерам, а мяне спіхваюць інжынерам па тэхніцы бяспекі. Усім на смех!