Выбрать главу

— Не трэба, Кім, пра гэта. Ты ж ведаеш, што ў гэтым тваёй віны няма. Гэта бяда твая.

— Якая бяда, Лера? Што ты зноў?

— Бяда ў тым, што ты мяккі, занадта памяркоўны, добры па натуры чалавек, што няма ў цябе настырнасці, зацятай упартасці, нахабства. Бяда ў тым, што на пасадзе галоўнага інжынера чалавек павінен валодаць гэткімі якасцямі, іначай з яго будзе мала карысці... І думаць табе пра паніжэнне не варта. Ты ў мяне, дзякаваць богу, ведаеш, што не месца робіць гонар чалавеку...

— Ты ў мяне мудрая, Лерачка. Аж зайздрасць усіх бярэ, якая ты ў мяне мудрая. Саламон у спадніцы...

— Табе некалі падабаўся гэты Саламон,— яна зноў прыхінула яго галаву да сваіх грудзей.

Ён сказаў глуха, дзесьці спадыспаду:

— Ён і цяпер падабаецца.

Яна адштурхнула яго ад сябе, прыгнулася над ім, прыткнулася носам да яго носа — вочы ў вочы, сказала:

— І дзякуй табе, родны мой!

Вярнуліся яны да гаворкі раніцаю, калі толькі падымаліся самі і не будзілі яшчэ дзяцей. Падняўшыся, яна звычайна спускалася ўніз, на кухню, а ён ішоў падымаць Юрку і прымушаць яго рабіць зарадку. А сёння ён, пагасіўшы кнопку будзільніка і седзячы на краі ложка, памятаючы, пэўна, учарашнюю гаворку, сказаў:

— Усё ж шкада будзе, калі Юлька застанецца без медаля.

— Зноў успомніў?

— Падумалася раптам.

— Гэта мы яшчэ паглядзім, Кімачка! А калі што, дык я табе гарантую: з яе ведамі па мове і літаратуры Юлька заўсёды стане студэнткай філфака і без медаля.

— Я ведаю, Лера. Будзе ў нас студэнтка. Але, як пісаў Твардоўскі, «все же, все же, все же...».

— Прэч «але», Кімачка! Мы мірныя і чэсныя людзі!.. Будзі дзяцей... Юрку свайго...

Юрку ішоў сёмы год, хлопчык быў рослы і крэпкі (паспрабуюць восенню пусціць у школу), але, пэўна, як усе меншанькія, пястун. Раніцай падняць — праблема, а прымусіць памахаць рукамі і колькі разоў прысесці — і таго горш. У Леры не хапала на гэта цярпення, а яго, Кіма, слухаўся. Пачаў слухацца, як аднойчы, паспрабаваўшы ўсе педагагічныя і непедагагічныя сродкі, пырскануў на яго, соннага, халоднай вадзіцай. Цяпер досыць сказаць, папомніць пра ваду, як адразу ж вылазіць з-пад коўдры, хоць пасля ўсё адно і ложак засцілае, і апранаецца, і мыецца, і есць марудна, быццам некаму на злосць.

Зарадку з сынам яны робяць пад музыку. Пад музыку самаробную. Бацька спявае, а сын рукамі махае. Спявае абы-што. Які матыў уб'ецца ў галаву яшчэ ў пасцелі, такі і выводзіць, «вытылінгвае на ензыку», як пан Быкоўскі казаў. Сёння пачуў ад Леры пра мірных людзей, і прыйшла на памяць песня пра Кахоўку, пра родную вінтоўку і пра паравоз-браняпоезд, што стаіць на запасных пуцях. Усіх куплетаў не памятае, але — такой бяды, досыць і аднаго, які можна паўтараць бясконца, як на пласцінцы, калі яе заядае. Галоўнае, што і самому чамусьці весялей, і Юрку таксама. Глядзіш, за нейкіх пяць — дзесяць хвілін і ўгрэўся пястун, можна весці мыцца.

Юрка першы выходзіць з дому. У сад яму трэба а палове дзевятай, сад блізка, пяць хвілін ходу, але ён выходзіць загадзя, каб хаця не спазніцца. Любіць у сад хадзіць. Ён там большы амаль за ўсіх і амаль над усімі адчувае сябе камандзірам. Правай рукой загадчыцы. Сам сябе так называе. Пасля таго, вядома, як яна, Нэла Сямёнаўна, гэтак яго назвала — пахваліць хацела. Ідзе няспешна, як сталы. Ён, Кім, знарок колькі разоў з акна глядзеў, як яго Юрка ў сад ідзе — ніколі, лайдак, не падбяжыць, як іншыя дзеці, быццам напраўду правая рука загадчыцы.

Праз дзесяць хвілін пасля Юркі выбіраецца з дому Юлька. Дзеўка ўжо. Дай веры — васемнаццаты год! Калі, здаецца, на руках гушкаў, а цяпер во — пагушкай! Ужо раніцай бацьку і маме буську даць — як саромеецца. Ды гэта ён так, між іншым. Юлька дзеўка — што трэба. За дзесяць школьных гадоў яны з Лерай не мелі ніякіх клопатаў з ёю. І ў вучобе, і па паводзінах — іншым прыклад. З восьмага класа рэдактар школьнай насценнай газеты. І ў камітэце камсамола... І прыгожая, быццам і не іхняга роду-заводу, усміхаецца Кім, гледзячы на яе, на тое, як яна перад люстэркам то адным бачком, то другім. На маці, на Леру, вядома, падобна, але і на яго трошкі. А ўвогуле — дык невядома, на каго, быццам і праўда не іхняга роду-заводу, паўтарае свае ж упадабаныя словы. Крутнулася апошні раз, чмокнула маці, бацьку ў шчаку і дзвярамі лясь — ажно рэха па хаце. Колькі ні наказвае не ляпаць так дзвярамі — не даходзіць. Часам нават думае: калі перастане? Няўжо толькі тады, як сваіх дзяцей займее і пакладзе іх спаць?

Праз пяць хвілін выходзяць і яны, Лера і Кім. Яна цераз вуліцу да школы, якая відаць на пагорку, у абсадзе дрэў,— новая школа, цагляная, вялікая, хоць і аднапавярховая, пабудаваная там жа, дзе некалі стаялі тры невялічкія драўляныя будыніны, а ён, Кім, зварочвае ад дому направа і ідзе па вуліцы ўніз, да рэчкі, а там зноў бярэцца на пагорак, дзе будуецца новы машынны двор, майстэрня, запраўка, гатар. Перад тым як разысціся, ён нагінаецца і цалуе яе. Лера спачатку была пратэставала. Казала: людзі абгавораць. Маўляў, ці не сорамна, сталыя людзі, а ўсё як маладзёнкі — на вуліцы, перад тым як разысціся, цалуюцца. А ён, Кім, прысароміў яе. Сказаў, што яму дзіўна чуць гэта ад яе, ад сваёй жонкі-настаўніцы, якая заўсёды была вышэй вулічных бабскіх абгавораў. Ну, калі так, дык яна ўжо не чакала, пакуль ён нагнецца ды пацалуе яе,— сама на дыбачкі прыпадымецца і яго чмокне.